Шашок прыціхае і зверху ўніз насцярожана аглядвае ротнага.
— А вам што, шкада?
— Не шкада. Агідна!
— Значыцца, зашчышчаеце? Немцаў зашчышчаеце?
— Ідзі ты…! — узрываецца Кротаў. — Хочаш дзела прышыць? Не баюся я вас!
— Так, так! — Шашок шматзначна сціхае, нешта затаіўшы ў сабе, і далей ціха едзе сабе за ўсімі.
Немцы пераглядваюцца, відаць, штось зразумеўшы з гэтае сваркі, і мне робіцца няёмка перад імі. От яшчэ знайшлі месца лаяцца! Ну, але ўсё гэты Кротаў… Вядома, ён цяпер злосны, таму і сапраўды можа нарабіць сваркі.
Толькі, відаць, я дарма непакоюся, пасварыцца як мае быць яны не спраўляюцца. На чарговай танкавай паваротцы ў кукурузе нам сустракаюцца людзі.
Гэта сувязісты. Абвешаныя шпулькамі з кабелем, тэлефоннымі апаратамі, са зброяй на грудзях, яны палахліва кідаюцца ўбок з каляін, калі бачаць нас. Пасля, мабыць, пазнаўшы сваіх, нясмела выходзяць з рэдзенькае кукурузы і заміраюць на дарозе. Позіркі іх чамусьці трывожна скіраваны ўбок.
— Што такое? — пытаецца Кротаў, калі мы набліжаемся да іх.
Сувязісты топчуцца на месцы, рухі іх дужа скутыя, галасы сцішана ўстрывожаныя.
— Там немцы, — урэшце зацята паведамляе адзін з карабінам на шыі.
— Ледзьве не напароліся, — ахвотней дадае другі, не адрываючы позірку ад прыцьмелае кукурузнай далечы.
Два другія моўчкі ўзіраюцца туды. Я таксама пазіраю наперад.
— Ідзі ты, хлопец, ведаеш куды! — злуецца Кротаў. — Адкуль тут ім узяцца? Вунь дзе немцы, — паказвае ён назад, на зарава над Кіраваградам.
— Канешне, — не вельмі ўпэўнена пацвярджае Шашок. — Я надвячоркам тут ехаў — нікога не было.
Сапраўды, адкуль тут узяцца немцам, ужо амаль што ў глыбокім тыле палка? Батальёны далёка наперадзе, калі б што, дык ужо даўно заўважылі б і прынялі якія меры.
— I танк. Стаіць, кукурузай абкладзены.
«Тыгр»! — быццам не чуючы нашых пярэчанняў, у нейкім няўцямным трансе бубніць сваё сувязіст.
Кротаў са знарочыстай праставатасцю ў голасе пытаецца:
— Танк?
— Танк.
— «Тыгр»?
— Ага, мусіць, «тыгр». Дужа вялікі.
— Знаеш, баец! Быў бы ты ў маёй роце, я б табе паказаў «тыгра». Ён бы табе пасля кацянём здаўся! — грозіцца Кротаў і ківае на мяне. — Пайшлі! А вы цягніце сувязь! Куды загадана. I без панікі каб. Жыва! Вам зразумела?
Сувязісты, аднак, усё топчуцца на месцы. Ад камандзірскай упэўненасці рашучасці ў іх, відаць, не прыбыло. Ціха перагаворваючыся, яны застаюцца, а мы ідзём далей. Я пачынаю пільней, чым дагэтуль, узірацца ў начное наваколле. Кротаў перасоўвае на рамяні кабуру. Немцы, наўрад ці зразумеўшы што з гэтае размовы, ціха брыдуць у сваёй каляіне. Старшына Шашок моўчкі едзе ззаду. Ён першы парушае нашу няпэўную маўклівую насцярожанасць.
— Младшой! — звяртаецца ён да мяне. — Ты гэта вось што…
Я гляджу на старшыну, ён, зверху цікуючы па баках, нешта рашае.
— Ты вось што… Вядзі іх прама. А я… А я падскочу ў батальён. Забыў адно дзела.
«Што ж, падскоквай. Мне што? Толькі ніякай у цябе справы там няма. Проста ты спалохаўся, пісарская душа», — думаю я.
Кротаў, нядобра бліснуўшы вачыма, азіраецца, але маўчыць. Шашок таропка заварочвае каня і з месца пускае яго галопам.
— Наклаў ужо… — чмыхае Кротаў. — Ну і чорт з ім! Без яго лягчэй.
Немцы, відаць, усё ж нешта зразумелі з нашай замінкі. Пярэдні ў акулярах, не паварочваючыся, нешта буркае астатнім двум, і чорны з яўнай зацікаўленасцю пазірае ў прыцьмелую далячынь. Стараючыся пільней сачыць за імі, я праваю рукой намацваю рукаятку затвора.
Так мы праходзім з кіламетр ці болей. Насустрач нідзе нікога, паблізу, здаецца, ніякага падазронага руху. Кротаў рашуча сплёўвае на снег.
— Гэтым тылавікам заўжды чэрці сняцца. Такі ўжо на…
Ён, відаць, хоча сказаць «народ», але на паўслове замірае і нечакана спыняецца. Я ледзьве не наскокваю на яго ззаду і тут выразна, хоць і не зусім рэальна (з нечаканасцю, як у благім сне), бачу наперадзе людзей. Чалавек пяць іх стаіць у кукурузе, узіраючыся ў наш бок. Побач цямнее нейкая невыразная пляма — куча кукурузы ці які куст? Крыху далей другая, а там яшчэ і яшчэ.
Але я так і не паспяваю зразумець, што гэта. Я чую толькі, як да недарэчнасці рэзка скаланаецца ля мяне Кротаў. Затым з яго грудзей вырываецца нейкі прыдушаны крык, і старшы лейтэнант, моцна прыгнуўшыся, нібы драпежнік, рынаецца ад мяне ўбок. Секунду я не цямлю, у чым справа. Збянтэжаны позірк мой скіроўваецца за Кротавым, і тады я бачу, як адзін з нашых немцаў ашалела бяжыць у кукурузу.
— Стой! Стой!.. Стой! Ох ты!..