— Самазвал ён як «студэбекер», так?
— Што?
Хлапчук не пачуў або не разумее незнаёмага слова. Я тлумачу:
— Многа вянкоў. Пэўна, на поўны «студэр» з верхам. Чалавек на паўабарота паварочвае да мяне пабіты порахам, рабаваты твар.
— Дзякуй.
Калі ласка. Хаця навошта дзякаваць. Жорстка памечаныя вайной, мы і так выдатна разумеем адзін аднаго. Мы — пабрацімы аднаго лёсу. I мне робіцца добра тут, у гэтым цесным страі. На гэтым стыхійным мітынгу без прамоўцаў.
Хлопчык з-пад бацькоўскай рукі з паважнай цікаўнасцю азіраецца на незнаёмага чалавека.
Аднак добрага патроху. Здаецца, жаданне выканана. Неяк унутрана прасвятлеўшы, я пачынаю вылазіць з натоўпу.
Усё ж Вечны агонь у памяць аб тых, хто загінуў — гэта здорава! Калі толькі вечнасць яго не акажацца кароткай.
Здаецца, у адносінах да ўвекавечання забітых я памыляўся. Памяць аб стратах у нашай краіне, як ні ў адной іншай, шматзначная і сімвалічная. Напэўна, ніколі ў мінулым народ не губляў столькі невядомых салдат, як у апошняй вайне. I дагэтуль нікому невядома, колькі маці не дачакаліся з вайны ні сыноў, ні паведамленняў пра іхні лёс. I ляжаць яны ў зямлі невядомымі. Героі і негероі з невядомымі чалавецтву пакутамі і невядомымі подзвігамі, невядомымі лёсамі і імёнамі. Дык хай будзе благаславенны агонь у іх памяць!..
Я рашуча выбіраюся з плошчы. Аднак гэта не проста. Уздоўж тратуара рады людзей. Нехта шчоўкае «Зоркім». Жанчына на выцягнутых руках высока ўзнімае дзіця. Хай бачыць і памятае малы.
За тратуарам рад чырвоных газіровачных аўтаматаў. Ля іх таксама людзі. Лязгае мядзяк, нетаропка гудзе жалезнае нутро, і аўтамат акуратна адмервае сваю порцыю. Стараючыся не ступаць у лужы на асфальце — шукаю шклянку. Ля крайняга аўтамата, засланяючы адзін аднаго, нешта шальмуюць двое. Ужо немаладыя. Па ўзросце — былыя франтавікі. У абодвух у руках па шклянцы, але не падобна, каб з газіроўкай. Той, што стаіць насупраць, перахапіўшы мой заклапочаны позірк, з фамільярнасцю, на якую не пакрыўдуеш, падміргвае:
— Адну хвілінку…
I хавае за аўтамат бутэльку. Я спыняюся ўбаку і чакаю. Мужчыны цішком стукаюць шклянкамі. Адзін рослы, цяжкаваты, з бурачнага колеру тварам. На ягоным пінжаку тры рады ордэнскіх планак. Два — Чырвонага Сцяга, па адным Аляксандра Неўскага і Айчыннай вайны. У другога, крыху маладзейшага і нейкага дужа пакамечанага з твару, лацкан няновага рудога пінжака важка адцягваюць дзве Чырвоныя Зоркі. Відаць, прывінціў спецыяльна для свята. Мужчыны таропка п’юць. Крэкнуўшы, заядаюць сухой воблай. Старэйшы — мажны крутаплечы дзядзька — выразным кіўком паказвае на маю нагу.
— Што, на вайне?..
— На вайне.
— Ну, а газіроўку п’еш! Ці не зарабіў? — змрочна папракае ён і пытаецца: — Трахнула дзе?
— На Другім Украінскім.
— Сусед. Я з Першага. А гэты з Ленінградскага, — з трэскам ламаючы воблу, ківае ён на сабутэльніка.
Я чакаю шклянку, а ён, памарудзіўшы, нагінаецца за бутэлькай. Шырокая вялікая яго рука налівае болей паўшклянкі.
— Давай! За тых, хто хоча, а не можа.
— Ну што вы!.. Я не п’ю.
Ён, увачавідкі хмялеючы, гатовы абурыцца:
— Як гэта не п’еш? Тады ты не франтавік. Ты — чыгуначнік.
У яго нетаропкія рухі, бясспрэчны камандзірскі тон, цяжкаваты позірк чалавека, які ведае сабе цану. Маладзейшы, наадварот, увесь час смеючыся вачыма, грызе ўстаўнымі металічнымі зубамі воблу і падміргвае:
— Давай, друг! За рускіх Іванаў.
Мне зусім не хочацца піць, але іх фамільярная катэгарычнасць абяззбройвае. Хіба што за Іванаў. Маладзейшы выдзяляе кавалак воблы, і я паспешліва, захлынаючыся, п’ю. Як і на фронце. Выпадковая чарка сярод незнаёмых суседзяў-танкістаў або мінамётчыкаў. Праўда, там не было і следу няёмкасці.
— Ну і нішто! — адабрае старэйшы. — Справіўся. А казаў, не п’ю. У якім званні?
— Я?
— Ну, вядома ж, не я.
— Малодшы лейтэнант.
— Зразумела. Ванька-ўзводны.
— Ага. Праўда, і ротным быў.
— Я таксама. Да Берліна вырас у дывізійнага.
Салёны кавалак рыбы пячэ ў роце. Настроем хутка завалодвае хмельная лёгкасць. 3 рэпрадуктараў грыміць «Свяшчэнная вайна». Побач лезуць, тоўпяцца, штурхаюцца людзі. Аднак мы не звяртаем на іх увагі. Мяне пачынае цікавіць старэйшы. Але наконт дывізійнага ён, здаецца, «загнуў».
— У дывізійнага, кажаце? Занадта высока.
— Высока? Думаеш, да дывізійнага не дабраў? Так? Ану, палічы. Адзін камплект роты — дзвесце чалавек.
— Гледзячы якой роты.
— Якой! Штрафной, вядома.
— Штрафной?
Я з новай цікаўнасцю пазіраю на гэтага чалавека. Плячом ён прысланяецца да чырвонай сценкі аўтамата.