Выбрать главу

Хлопец, мабыць, заўважае мой позірк і маю да яго стоеную цікавасць. Далей маўчаць нам ужо і няёмка. Ён дастае з кішэні пачак «Шыпкі» і лёгкім прывычным рухам пасоўвае да мяне.

— Курыце?

— Не, дзякуй.

— Кінулі ці не пачыналі?

— Некалі пачынаў. Ды раненне перашкодзіла.

З секунднай няўцямнасцю ён пазірае на мае ногі, затым болей працяглым позіркам акідвае грудзі. Я разумею яго недаўменне: якая сувязь — нага і курыва? Але ці варта казаць яшчэ і пра раненне ў грудзі, якое ледзьве не абярнулася для мяне фіналам. Да таго ж хлопец, напэўна, чакае ўбачыць на маім борце планкі ўзнагарод. Вядома, ён адукаваны чалавек, нямала начытаўся пра вайну і гатовы бачыць ва мне героя. Мусіць, таму, што дужа ўжо шмат разоў даводзілася тлумачыць усе гэта, цяпер я маўчу. Хлопец прыкурвае цыгарэту і крута паварочваецца ў крэсле. Ля адміністратара пачынаецца нейкае ажыўленне. Ці не з’явілася што?

Не, здаецца, трывога марная. У чаргу доўгацярплівых кандыдатаў у начлежнікі спрабуе ўлезці нейкі прастадушны дзядзька. Ён у новай ватоўцы, з вялізным чамаданам-куфрам і поўнаю сеткай батонаў. Напэўна, з вёскі. Станавіцца ў хвост чаргі дзядзьку няма ахвоты, і ён плячом і локцем спрабуе зашчаміцца між таўстуном з пакетам пад пахай і чалавекам у скураной куртцы. Таўстун спознена ўзнімае трывогу.

— Куды лезеце? Куды лезеце? Вы дзе стаялі?

— Ну, стаяў. Ну! Анягож! Каб жа не стаяў… Стаяў. Што я, хлусіць буду?

— Дзе, пакажыце, дзе вы стаялі? — злосна пыхае на яго таўстун.

Дзядзька, відаць па ўсім, нідзе не стаяў. Але ён, што б там ні стала, не хоча пакідаць месца, блізкае да адміністратара. Да таго ж ён паспеў прасунуць між мужчын руку і ўчапіцца за нікеляваны борцік бар’ера. Цяпер дзядзьку не зрушыць. Многацярплівую чаргу гэта абурае, і яна мноствам вачэй маўкліва ўпікае парушальніка гасцінічнай этыкі. 3-за бар’ера ў канфлікт уступае жанчына-адміністратар.

— Дзядзька, а ў вас пашпарт ёсць? — спрактыкавана трапляе яна ў самае небяспечнае дзядзькава месца. Дзядзька прыкідваецца глухаватым і перапытвае:

— Каго?

— Пашпарт, кажу, у вас ёсць?

Дзядзька, відаць, разумее ўсю складанасць свайго становішча і, мабыць, імкнецца выйграць час. Варушыцца, пацепвае плячом, лезе ў кішэнь, ссоўвае на патыліцу чорную кепку. Але адказваць, хочаш не хочаш, а трэба.

— Пашпарт? Дык гэта ж… Які пашпарт? Пашпарту няма.

— У нас строгі пашпартны рэжым. Мы вас не можам пусціць.

Дзядзька выслухоўвае ўсё з увагай. Голас адміністратара не злосны, нават са спачуваннем. Ашуканства быццам ніякага. I дзядзьку гэта бянтэжыць. На маршчыністым ілбе яго густа выступае пот. Хвіліну дзядзька мяркуе. Рукі, аднак, ад бар’ера не адрывае. На ўсякі выпадак.

— Вам жа рускім языком растлумачылі, — нервуецца тоўсты. — Вы што, не разумееце? Гэта нахабства!..

Аднак сапраўды падобна, што дзядзька не разумее. Ці, можа, не хоча разумець.

Тады з чаргі да яго падскоквае вельмі рухавы з выгляду чалавек. Зухаватым позіркам гасцінічнага доўгажыхара ён ва ўпор аглядае дзядзьку. Чорны, каляны плашч на яго плячах шархаціць, як бляшаны.

— Я зараз яму растлумачу. Ану, грамадзянін, трошкі ўбачок! Каб не мяшаць на праходзе, і так далей… Вы ж перашкаджаеце. I адпаведнага дакумента ў вас няма. Вы што ж думаеце? Вунь, зірніце, міліцыя. Ды не туды гледзіцё — вунь, ля швейцара. Бачыце? Ну, во! Варта далажыць, і… Разумееце?

Дзядзька заклапочана чухае пашчэнку, пазірае то на чалавека ў плашчы, то на міліцыянера ля ўвахода і слаба апраўдваецца:

— Ды я што?.. Я нічога. Я думаў…

— А вы не думайце! Вы выконвайце. Законы трэба выконваць. За парушэнне законаў і парадку — крымінальная адказнасць. То есць — суд, пракуратура. Як піць даць…

3 чаргі паблажліва назіраюць за гаваруном і дзядзькам. Гэта забаўляе. Некаторыя самі сабе ўсміхаюцца. Іш, «залівае»! «Залівае» сапраўды няблага. Відаць, спец па такога роду справах, бо дзядзька неўзабаве бокам падаецца сабе да выхаду.

— Цёмны народ. Не разумее, — цепае плячом чалавек і аблакочваецца на бар’ер. — Толькі і глядзіць, каб парушыць закон… Даводзіцца тлумачыць.

— Законнік!.. — кпліва ўздыхае мой сусед і выцягвае пад сталом ногі.

«Законнік» зухаватым позіркам зверху ўніз акідвае адміністратара і аблягаецца грудзьмі на бар’ер. Праз хвіліну ён ужо сыпле там жартамі. Гэта ў яго выходзіць лёгка і проста. Паглядзіш, здаецца: вясёлы чалавек! Не тое што астатнія: надзьмуўшыся і апаныўшы, стаяць ля бар’ера. Нібы гэтая гасцініца — самае найважнейшае ў іх лёсе. А гэты, відаць, з катэгорыі людзей, якія нідзе не бянтэжацца. Яны ўсюды ўмеюць падысці, запытаць, дабіцца. I ўсё гэта з такой лёгкасцю, што самы заўзяты бюракрат не азлуецца. Самая знерваваная прадаўшчыца ці там касірша адразу лагодна заўсміхаецца на іх жарт. Галоўнае тон — зухаваты, лёгкі, ненавязчывы, без ценю заклапочанасці.