Мякка і зручна ўмясціўшыся ў сене, Азевіч раздумна перабіраў камісараву сумку, на сподзе якой знайшоў маленькі пахучы абмылак з загорнутым у паперку памазком ад брытвы — і зноў склаў усё ў сумку. Канешне, камісаравы дакументы трэба было б зберагчы, калі іх збярог Гарадзілаў, — несці з сабой ці лепш закапаць дзе ў здатнай мясціне. Тошчы пацёрты камісараў кашалёк з трыма савецкімі чырвонцамі ён запіхаў у цесную кішэнь свайго фрэнча, які насіў да вайны і цяпер, у вайну, таксама. Фрэнч быў зручны, з кішэнямі на грудзях, зашпільваўся да падбароддзя. Амаль з такога ж матэрыялу цяпер быў і картуз на яго галаве — чым не вайсковец?
Але, мабыць, ужо не вайсковец і не партызан нават — здаецца, пакуль што з партызанкай не выйшла нічога. Мабыць, трэба дзесь пераседзець, перахавацца, звязацца з вышэйшым кіраўніцтвам, далажыць, як і што адбылося ў іх з такім драматычным зыходам. I хто вінаваты? Але каго ўжо вінаваціць, калі абодвух начальнікаў няма ў жыцці, а людзі?.. Людзі на дзіва аказаліся розныя. I хто б падумаў! Як збіралі групу, тады ўсе здаваліся такія патрыёты, бальшавікі, свае, знаёмыя, без аніякіх сумненняў гатовыя на ўсё — на жыццё і на смерць, дзеля перамогі. Але во як прыпёрла бяда ля Макрынскага балота, калі іх акружылі нямецкія жандары і яны нейкім цудам усё ж прарваліся — братоў Фесякоў не засталося і следу. Таксама харошыя былі хлопцы, маладыя і здаровыя, да вайны рабілі ў леспрамгасе, старэйшы — нават майстрам участка, добра ведалі тутэйшыя лясы, — мусіць, тым і пакарысталіся ў здатны для сябе час. Не далічыўшыся іх, як вырваліся з акружэння, камандзір паслаў двух партызан шукаць братоў, думалі, мо дзе адсталі параненыя. Праз суткі вярнуўся адзін Клыпаў, другі ж, малады камсамолец Лёня Полазаў, быў забіты ў засадзе. А праз тыдзень дачуліся, што гэтыя Фесякі ўжо дома, у мястэчку, выбіраюць з жонкамі бульбу на агародах і ніхто іх не чапае — мабыць, ужо павініліся ў паліцыі. Пачуўшы тое, Віткоўскі толькі скрыгануў зубамі, а Гарадзілаў сказаў, што нядоўга паядуць яны тае бульбачкі. Аж во мінуў месяц, не стала ні Віткоўскага, ні камісара, а Фесякі ўсё ядуць сваю бульбачку ў мястэчку — і вараную і смажаную, у мундзірах і ў клёцках. Пякуць дранікі з салам…
Лугавіна побач ляжала па-восеньску шэрая і пустая, дарожка на ўзлеску здалася Азевічу болей уезджанай, чым у лесе, і ён падумаў, што дзесь недалёка павінна быць вёска. Усё ж гэты лесавы закутак належаў суседняму раёну, які ён ведаў не надта, — не тое што свае раённыя мясціны, выезджаныя і выхаджаныя ім і ўдоўж і ўпоперак. I тады, як рабіў у выканкоме, і пазней, як стаў працаваць у райкоме партыі. Але ад свайго раёна адсюль, мабыць, яшчэ кіламетраў з дзесяць — там бы ён арыентаваўся болей упэўнена. А тут, выйшаўшы з лесу, неяк пачаў асцерагацца — не хацелася асабліва трапляць камусьці на вочы. Розныя ўсё ж людзі вакол, асабліва цяпер, у вайну. Хто паможа, а хто і прадасць — са страху ці каб выслужыцца, паддобрыцца да немцаў. Тут ужо як выпадзе. Вунь іхняму Клімянкову выпала і зусім кепска — пайшоў на сувязь са сваім чалавекам у Чарнаручча, дарогай нідзе ніхто яго не спыніў, сустрэліся, пагаварылі, а той і запрасіў пераначаваць. Якраз ішоў дождж, Клімянкоў добра прамок і пагадзіўся спачыць да золаку. Моцна заснуў з дарогі і, мусіць, бачыў харошыя сны, бо нават і тады, як паліцаі пыралі яго вінтоўкай у бок, яшчэ ўсміхаўся ў сне і махаў рукой — адмахваўся ад тае вінтоўкі. Узялі Клімянкова і расстралялі праз тыдзень. Цяпер невядома, дзе яго і магілка. Таму, мабыць, лепш трохі счакаць, пераседзець дзень у стажку, а як пацямнее, рушыць тою дарожкай. Вёска, мабыць, тут, недалёка.
I Азевіч расслаблена знерухомеў, стараючыся, аднак, не заснуць. Зноў пачалі зябнуць ногі; плячам жа ў сене было ўвогуле добра — мякка і зацішна, хоць з-за стажка трохі пачаў задзімаць вецер — мусіць, на змену надвор’я. Хоць бы не паваліў снег, падумаў Азевіч, не засыпаў чорную сцежку. Мусіць, да снегу неяк трэба паспець дзе прытуліцца, а там будзе відаць. Вось толькі куды прытуліцца? Дзіўна, чым абярнулася тое іх партызанства. Тады, у самым пачатку, яны стараліся зашыцца куды глыбей у лясныя нетры, далей ад вёсак, людзей, стаіцца за балотамі, каб ніхто не ведаў, дзе яны і адкуль удараць па немцах. Тады кожны, хто паяўляўся паблізу ад іхняй стаянкі, выклікаў падазрэнне, думалі: шпіён, падасланы немцамі або паліцыяй. Неяк на пачатку восені ў Страшыцкім лесе хлопцы злавілі дзядзьку з аброццю: казаў, шукае кабылу. Дзядзька быў з не дужа блізкае вёскі (блізка вёсак там не было наогул), адышоўся з дому, можа, кіламетраў з пяць, тое выклікала падазрэнне — ці не шукае ён іх заместа кабылы? Няпроста было зразумець, як яно было папраўдзе, але дзядзька набрыў на іхнюю стаянку, бачыў іх буданы і нават пазнаў некаторых з іхніх людзей, — як было адпушчаць такога? Не адпусцілі, пасадзілі ў будан пад варту і пачалі раіцца, што рабіць. Яно, можа, і праўду кажа — хадзіў, хадзіў і заблудзіў у лесе, забрыў далекавата, трапіў на іх незнарок. А можа, і не. Можа, трапіў знарок, па заданню немцаў і цяпер выдасць стаянку і групу. Ды як праверыш? Нават калі пайсці ў Шалудзякі, што там можна ўведаць? Камісар Гарадзілаў мяркуе і так і сяк, хлопцы ламаюць галаву, а камандзір Віткоўскі кажа: «Усё ясна. Гарэйка, спалняйце!» Гарэйку не трэба было загадваць двойчы, той разумеў камандзіра з першага слова, устаў і спакойна — да таго будана. Яны ўсе засталіся кружком, дзе сядзелі, маўчалі, утаропіўшы долу позіркі, слухалі. Чакалі, аднак, нядоўга, праз колькі хвілін ля балота нягучна трэснулі два рэвальверныя стрэлы, і неўзабаве паявіўся Гарэйка. Прыйшоў і моўчкі сеў на сваё ранейшае месца. «Усё, цяпер снедаць’» — сказаў Віткоўскі і ўстаў. Усталі і яны. I пайшлі снедаць, унікаючы, аднак, пазіраць адзін аднаму ў вочы. Тое, што адбылося, дало палёгку, іхняя стаянка засталася нерассакрэчанай, пакуль што можна было чуцца спакойна. Але спакою чамусь не было. Штосьці сталася, абляглося на душу, хоць кожны і стараўся прыдушыць тое пачуццё, не даць яму дужа разрасціся.