Тады ім ніхто патрэбны не быў, яны спадзяваліся на саміх сябе: група мела сілу, у іх быў спрыт, здароўе, даволі харчоў, зброя і боезапас. Яны маглі даць бой і нават перамагчы, бо ўжо збольшага навучыліся рабіць засады, нападаць знянацку. Цяпер жа Азевіч застаўся адзін, нібыта ўжо не партызан, а згаладнелы няўдака-чалавек, і яму патрэбны былі людзі, харч, жытло. Без таго, адчуваў ён, нядоўга стрывае. На носе зіма. Зімою ж аднаму ў лесе — пагібель.
Ён выбраўся са свайго лаўжа, хоць яшчэ было віднавата, яшчэ толькі пачало змяркацца. Цяпер ягоная пара — ноч. Ну і, можа, яшчэ восеньскі вечар. Уздзеў на плячо вінтоўку, на другое плячо ўскінуў свой старэнькі, аблезлы рукзак, з якім пайшоў у той ранак з мястэчка, сабраўшы што-нішто з неабходных рэчаў: пару запасных ануч, бялізну, брытву, кніжку «Гісторыя ВКП(б), кароткі курс», па якой ён як агітатар праводзіў заняткі ў групе. Тошчы гэты рукзак не шмат важыў і не замінаў у шляху Цяпер болей замінала тоўстая гарадзілаўская сумка, і ён раз-пораз адкідваў яе за сцягно. Патроху, аднак, цямнела, кустоўе і лес за лужком браліся змрокам, дальні падлесны канец лугавіны і зусім прапаў у туманістай навалачы. Азірнуўшыся, Азевіч спорна пайшоў дарожкай і думаў, што, мабыць, з такой яго экіпіроўкай толькі і хадзіць паначы. Удзень нельга. Удзень хто не ўбачыць, нават здаля, адразу здагадаецца, што за прахожы. Добра яшчэ, калі адно — здагадаецца. А калі пакліча паліцыю? Што ж тады яму — распачынаць перастрэлку і гінуць па-дурному? Не, па-дурному гінуць ён не хацеў. Хіба калі ўжо нявыкрутка, тады што ж… Не ён першы, не ён апошні.
Дзень сапраўды быў зусім кароценькі — ва ўсіх адносінах сумны восеньскі дзянёк, вечар наступаў на ранак. Хутка зусім сцямнелася, і вакол нічога не стала відаць. Узлесак побач адсунуўся кудысьці ўбок, дарога вывела яго ў поле, на якім усё мацнеў напор даволі сцюдзёнага ветру. Часцей стала трапляцца гразь, неглыбокія лужыны пад нагамі, Азевіч ужо разы два ўлез у нейкую твань на ўзбочыне, прамачыў ногі. Увесь час ён пільна ўзіраўся ў цемрыва ночы і неўзабаве згледзеў, як наперадзе зачарнелася штось доўгае і грувасткае. Здаецца, то былі будынкі, два ніжэйшыя ля самай дарогі і штосьці высокае далей. Паркан, які ён намацаў, урэшце прывёў яго да варотцаў у падворак, праз акенца хаты за гародчыкам хліпка ліпеў чырвоны агеньчык. Часам ён знікаў у ценю — мабыць, там хтосьці варушыўся каля газнічкі. I ён наважыўся. Мабыць, гэта быў першы двор на ўскрайку ад лесу, ён таіў пэўную небяспеку. Але іншых Азевіч шукаць пабаяўся і, увайшоўшы на падворак, ціхенька прыхінуў за сабой варотцы.
— Хто там?
Усё ж хтосьці яго ўчуў у цемрадзі — стрымліваючы хваляванне, Азевіч ступіў са два крокі і гэтак жа ціха адказаў: