Выбрать главу

— Свае. Можна да вас? На хвіліну…

У адказ было няпэўнае маўчанне, але ён ужо згледзеў невыразную постаць з чымсьці грувасткім у руках, мабыць, то быў гаспадар ля ганка. Азевіч падышоў бліжэй, праз цемрыва адчуваючы на сабе насцярожана-страхавітую ўвагу чалавека, які, аказваецца, трымаў на руках абярэма дроў, чакаў яго.

— Можа, зойдзем, а то…

Чалавек павярнуўся і, угнуўшы галаву, моўчкі пераступіў парог, Азевіч падаўся следам і, мінуўшы сенцы, апынуўся ў хаце з нізкаю змрочнай столлю на тоўстых бэльках. Ля парога на століку гарэла газнічка, і насупраць цьмяна свіцілася беленым бокам вялізная печ. Некалькі посных твараў з паўзмроку спалохана ўтаропіліся ў яго. Гаспадар грукнуў перад печчу дрывяным абярэмам і выпрастаўся.

— Мне пераначаваць каб… — нерашуча вымавіў Азевіч.

У хаце ўсе знерухомелі ў напружанай увазе, ён разы два пераступіў па цёмнай падлозе, перастаўляючы ля нагі знятую з пляча вінтоўку. I тады маладзіца з касой на спіне, што стаяла бліжэй за іншых, падхапіла з цемры нейкую адзежыну, даючы яму месца на лаўцы:

— Ідзіце, сядайце во.

Ён падзякаваў у думках і ступіў да лаўкі, зняў з сябе сумку, скінуў з плячэй лямкі рукзака. Насупраць, перад газнічкай і каля печы, стаялі цёмныя постаці, але ён ужо паспеў зразумець, што, мабыць, гэта сямейнікі — тая маладзіца і старая згорбленая бабуля ў хустцы і яшчэ жанчына, мабыць, жонка гаспадара, апранутая ў нязграбную тоўстую ватоўку. Наводдаль у запеччы, хваравіта вохкаючы, варушыўся згорблены сівы дзядок, які доўга прыладжваўся там, каб ямчэй сесці, і першы азваўся да яго:

— Прахожы ці тутэйшы будзеце?

— Прахожы, — сказаў Азевіч. — Акружэнец.

— Гэтак? Цяперака яны ідуць — акружэнцы, — з гаркотаю ў голасе сказаў дзед. — Ад самага лета ідуць. А родам жа адкуль? Ці здалёку будзеце?

— Не. Суседні раён.

— Ну, то блізка, — сказаў дзед. — Калі суседні раён, дык блізка… А то на Пакроў былі ў нас двое, дык аж з Расеі родам. Ідуць, ідуць людзі. Што робіцца…

Азевіч тым часам азіраў з лаўкі змрочную хату, яе жыхароў; тое, што з ім ахвотна загаварыў дзед, абнадзейвала. Але яго трохі азадачваў маладзейшы, плячысты, гадоў сарака мужчына з кароткімі вусікамі пад шырокім носам, які таксама надта ўважліва разглядваў яго і маўчаў. Ці не хоча ён пазнаць яго, падумаў Азевіч. Можа, дзе бачыў у тыя гады? Праўда, пакуль той не сказаў ані слова, паўзіраўся, зняў кажушок і пачаў мыць рукі над цэбрам. Хата была вялікая, шафай і посцілкай разгароджаная на дзве няроўныя палавіны. Стары застаўся на ранейшым месцы ля печы, а жанчыны памалу затупалі сюды-туды па сваіх хатніх справах — нешта прыбіралі, прыносілі-выносілі, корпаліся пры печы. Распрануцца яму не прапаноўвалі, але пакуль што і не адмаўлялі ў ягонай просьбе, і ён падумаў, што, мабыць, пераначуе. А калі пераначуе, дык, пэўна, і штосьці з’есць — не можа ж таго быць, каб спаць паклалі не еўшы.

— Вот забрыў паначы, а не ведаю, як і дзярэўня ваша называецца, — сказаў Азевіч, болей каб не маўчаць.

— А мы на хутарах, — сказаў дзед. — Хутары нашы Аўдзееўскімі называюцца. Яшчэ за царом як выдзеліліся з той вунь вёскі Карачуны, так і асталіся…

— Карачуны? Чуў, здаецца, — сказаў Азевіч. — Гэта каля возера?

— Во яно, відаць у вакно, — кіўнуў галавой стары, хоць у акне ўжо не было нічога, апроч непрагляднай восеньскай цемры.

На нейкі час яго пакінулі без увагі. Маладзіца нешта спыталася пра карову, мужчына коратка зазначыў, што ўсіх напаіў, вада пакуль ёсць. Здаецца, урэшце жанчыны пачалі збіраць на стол: бразнула засланка ў печы, па хаце паплыў пах чагось смачнага, і Азевіч парадаваўся, што, мабыць, паесць. Вячэру збіралі, аднак, даўгавата, хоць, здаецца, нічога ўжо не варылася, у печы не гарэла. У хаце, аднак, было цёпла, Азевіч расшпіліў усе аплікі шыняля, аднак не распяразваўся, толькі прысланіў вінтоўку да лаўкі. Ён усё ж чакаў роспытаў, нават хацелася пагаманіць, самому распытаць пра шмат што, але нейкая насцярожаная маўклівасць запанавала ў хаце і стрымлівала яго ад празмернай гаворкасці. Праўда, пакуль што ў тым не было благога, ён ужо ведаў гэты звычай тутэйшага люду — зважліва чакаць, што скажа чужы чалавек Была ў тым і дасціпная павага да госця, і боязь яго, невядомага, а можа, і небяспечнага. I праўда, было чаго пабойвацца, асабліва ў такі кляты час.

— Дык як жа вы тут пажываеце? Ці, можа, вайна абышла стараной? — запытаўся Азевіч.

— Гэ, каб жа абышла, — жвава адгукнуўся дзед. — Вайна не абыдзе… Падпёрла ўсім. Вунь гаспадар тожа ж з вайны прыйшоў, — кіўнуў ён на маладзейшага мужчыну.

— Акружэнец?