Выбрать главу

— Акружэнец, анягож! З пекла ледзь выкараскаўся, вошай кучу прынёс. А і цяпер…

— Ладна, памаўчы ты, — перапыніў старога гаспадар. Але дзядок, мабыць, рады быў пагаварыць са свежым чалавекам.

— А што! Такі сакрэт… I цяпер во чапляюцца. У паліцыі…

— Ну ты! — ужо са злосцю гыркнуў на яго гаспадар. — Патрымай свой язык! А то распусціў, як лейцы…

I праўда, стары прымоўк, даволі непрыемна ўразіўшы тым Азевіча, якому ў гэтай кароценькай перапалцы пачулася штось не надта прыемнае. Нейкі нават намёк на патаемнае, якое ён не павінен быў ведаць. З гэтай не пераадоленай у сабе непрыемнасцю ён устаў з лаўкі, калі маладзіца з касой клікнула яго вячэраць за шафу, куды ўжо панесла і газнічку. З глінянай міскі на стале ішла пара і пахла чымсь паўзабытым з хатняе ежы; не кідаючы вінтоўку, Азевіч няўклюдна палез у цеснае застолле. Ад міскі позірк яго міжволі матлянуў па цэлай шарэнзе абразоў у куце, якія таксама непрыемна ўразілі яго — надта ўжо было іх шмат, усе прыбраныя ў рушнікі, з папяровымі кветкамі па ражках. Стараверы тут, гэтыя гаспадары, ці што, падумаў Азевіч, усю ўвагу якога ўжо захапіла страва.

За стол, аднак, ніхто больш не сядаў, і ён не стаў марудзіць, узяў лыжку У місцы былі камы: бульбяная каша з бобам, згаладнелы Азевіч еў яе з хлебам, не зважаючы на прыціхлых гаспадароў, якія зважліва пазіралі на яго з паўцемры хаты. Толькі аднойчы ён злавіў на сабе стоены позірк маладзейшай жанчыны, і здалося яму, у тым позірку мільгануў клопат і шкадаванне яго ці, можа, і сябе таксама. А можа, яны пабойваліся яго? Але што ён цяпер быў для іх, хоць і пры зброі — жабрак, знясілены і галодны, ён цалкам меўся ў іхніх руках і адно спадзяваўся на іхнюю да сябе спагаду.

— Гляджу, ці не вы ў мястэчку рабілі перад вайной? — зважліва азвалася маладзіца.

— Было, рабіў трохі, — сціпла і знарок не зусім пэўна адказаў ён, павёўшы позіркам да маладзіцы. Тая бы сумелася трохі.

— Здалося, бытта бачыла вас. У РДК.

— Можа быць, можа быць…

Ён не хацеў прызнавацца тут, дзе і кім рабіў да вайны, — ён іх не ведаў, лепш, каб і яны яго не ведалі таксама. Маладзіца моўчкі пачакала трохі, а затым узялася ладзіць яму пасцелю за шафай, у пярэдняй палавіне хаты: прысунула да лаўкі ўслон, прынесла нейкія транты, падушку. Тым часам ён хутка апаражніў міску, нават дбайна паскрэб яе ў дне лыжкай. Недаедзеную лусту хлеба няўзнак сунуў сабе ў кішэню.

— Дык дзякуй вам, людзі.

— Богу дзякаваць, — сказаў стары, які ўсё сачыў за ім аднекуль з запечча, хоць і нічога ўжо не пытаўся.

Пасля сядалі вячэраць сямейнікі, а ён, сыты і распараны, зняў урэшце шынелак, боты і, не здзеючы фрэнча і галіфэ, лёг на лавах. Вінтоўку паклаў ля сцяны побач. Укрыцца яму далі стары кажух, але было цёпла, і ён з даўно не адчуванай асалодай аддаўся спакою. Гаспадары ў хаце паводзілі сябе сцішана, можа, з увагі да яго, гутарылі шэптам, але менавіта гэтая сцішанасць трохі не падабалася Азевічу: здавалася, гавораць пра яго. Было часам трывожна, ды ён намаганнем волі прыцінаў трывогу — ці яны яму зробяць благое? За што? Здаецца, людзі як людзі, гаспадар сам нацярпеўся на вайне, мог зразумець іншага. Ён ужо засынаў, калі стукнулі дзверы, хтось выйшаў, але неўзабаве вярнуўся зноў. Дзед з ціхім крэктам і войканнем мясціўся на печы; дзесь пачуўся мерны рытмічны шэпт — здаецца, маліліся на ноч. Апошнім ён пачуў ціхае пытанне маладзіцы пра тое, ці зашчапілі дзверы, і заснуў.

Спаў без сноў, забыўшыся на сябе і на ўвесь белы свет, але доўга ці не — не ведаў. Ды раптам прахапіўся невядома ад чаго — нейкага адчування трывогі, і не адразу зразумеў, што гэта стукнулі дзверы. Была яшчэ ноч, здаецца, усе спалі, але знянацкая пужлівая трывога азвалася ў ім сонным спалохам, і ён ускочыў на ногі.

— Хазяін! Хазяін!.. Дзе хазяін?..

На дзіва яму не адказалі, хоць ён адчуваў, што там, у запечку, за агародкай яго ўчулі. Ды ўсе маўчалі. Але дзе ж гаспадар? Мабыць жа, ён клаўся разам з усімі, увечары быццам ніхто не выходзіў з хаты — ці не выйшаў ён зараз? Нарэшце на яго ўстрывожанае пытанне азвалася жанчына, якая дрыготкім няпэўным голасам вымавіла:

— Ды ён да каровы… Карова там сцельная, дык выйшаў паглядзець.

— Карова? Дзе карова?

Азевіча калаціла — ад спалоху і чорнага цяжкага падазрэння, у якім, адчуваў, не памыляецца.

— У хляве, вунь за дваром.

Азевіч таропка абуўся, ускочыў, хістаючыся са сну, напяў на сябе шынелак, накінуў рамяні — ад кабуры і сумкі, падхапіў вінтоўку. Моўчкі, не развітваючыся, выскачыў праз сені ў шэрае начное сутонне падворка, кінуўся да зачыненых дзвярэй хлява, да другіх, стоена-гучна гукаў:

— Хазяін!.. Хазяін!..