Выбрать главу

Адказам яму было ціхае соннае кудахтанне на курасадні, сцішана рохнула дзесь свіння. У астатніх хляўках было ціха, гаспадар не азваўся, і ён злосна вылаяўся.

Ён выскачыў на вуліцу і адразу спыніўся, не ведаючы, у які бок падацца. Хацеў назад, у лес, адкуль ён прыйшоў увечары, але падумаў: на дарозе дагоняць. Тады ён ірвануў наўпрост цераз дарогу ў поле; выламваючы на глыжах ступні, перабег раллю і гразкім стаптаным іржэўнікам пабег кудысьці ў ноч. Наўкола ляжала цёмнае поле, дзе-нідзе грувасціліся адзіночныя дрэвы, дзьмуў сцюдзёны напорысты вецер; праўда, дажджу не было. Нізкае неба густой чарнатой прыдушыла палявы прастор, да раніцы, мабыць, было яшчэ далёка… Неўзабаве, аднак, ён угрэўся ад бегу і хуткай хады, нават стаміўся. Са шкадаваннем успомніў пра свой рукзак, які пакінуў ля ўслонаў. Ну, але хай падавяцца яго жабрацкім майном. Яму б зберагчы галаву. Куды бегчы далей, не ведаў, хацелася далей ад таго здрадніцкага хутара, дзе накармілі і паклалі спаць. Мабыць, каб прадаць паліцыі, бо куды ж яшчэ сярод ночы шаснуў той гаспадар? Добра яшчэ, што Азевіч пачуў, прахапіўся, а то б узялі на золаку цёпленькага, як таго Клімянкова. Ну, але цяпер не дагоняць, цяпер ужо ён уратаваўся ад іх. Хай шукаюць ветру ў полі. Вось толькі куды ён кіруе? I куды кіраваць наогул?

Паволі ён збавіў крок, пайшоў цішай. Абышоў нейкі голы хмызняк, за якім пачалася мяккая трава пад нагамі — мабыць, зноў лугавіна ці, можа, поплаў. Калі поплаў, дык будзе кепска — за поплавам можна набрысці на рэчку, як тады перайсці яе ў цемры? Увесь час ён узіраўся наперад, прысядаў, каб на фоне трохі святлявага неба што-небудзь пабачыць ды зноў не налезці на які хутар ці вёску. Цяпер ён ужо баяўся паселішчаў і людзей, ведаў: ад іх трэба быць далей. Але і як быць без людзей? Неўзабаве, мабыць, пачне развідняцца, што тады рабіць? Дзе схавацца? Хоць бы як перабыць дзень?

Світанак застаў яго на краі нейкага чэзлага драбналесся — алешнік з маладым бярэзнікам ціха высвістваў на ветры сваю несканчоную песню. Азевіч доўга ішоў, кіруючы па-над узлескам, ужо зусім не ведаючы куды. Ён ужо добра ўгрэўся, ажно спатнела спіна, вінтоўка муляла на плячы, боўталася збоч тоўстая гарадзілаўская сумка. I як трохі стала відаць наўкола, ён выгледзеў у голым зарасніку непадалёк адзіночную хвойку і праз гушчар пралез да яе. Мабыць, вінтоўка яму ўжо не спатрэбіцца, падумаў ён і, зняўшы яё з пляча, сунуў пад нізкае голле хваінкі. Туды ж запіхаў і сумку. Адышоўшыся, азірнуўся: мясціна ўвогуле была прыкметнай, хваін тут было няшмат, і гэтая стаяла сама бліжэй ад узлеску, насупраць адзінокага дрэва ў полі. Кабура на доўгім рэмені дакучліва целяпалася па сцягне, і ён, зазлаваўшы, выняў з яе наган, а кабуру шпурнуў у хмызняк. Наган, канешне, ён пакуль што не кіне, глядзі, той яшчэ спатрэбіцца. Але зверху навідавоку хай нічога не будзе. Цяпер ён — проста чалавек. Прахожы. Ідзе з акружэння.

Калі яшчэ больш павіднела, непадалёк, у якім кіламетры, ён заўважыў дарогу — рад тэлеграфных слупоў, і за павароткай — фурманку ўдалечы. Яму ж трэба было ісці цераз поле, дзе яго ўжо маглі ўбачыць здалёк. I ён спыніўся. Мабыць, трэба было лезці ў хмызняк, усё ж там больш схоўна, чым у адкрытым полі. I ён пабрыў хмызняком, часам абыходзячы самы гушчар, а то і нагінаючыся і падлазячы пад нізкае ляшчынавае голле, прытрымліваючы картуз на галаве. Тут ужо яго ніхто ўбачыць не мог. Аднак ён не ведаў, ці хутка выберацца з гэтых зараснікаў, каб хоць як агледзецца і зразумець, дзе ён апынуўся. Усё ж, мабыць, трэба было кіраваць на поўдзень. Толькі вось зразумей, дзе ён, той поўдзень?

Так ён набрыў на купку хвойнага маладняку, які тут па-летняму зелянеў сярод сумна аголенага драбналесся, і палез у яго сярэдзіну. Між калючага голля было сцішана і схоўна, вецер сюды, бадай, не дасягаў, і Азевіч бокам апусціўся на мяккі, усыпаны ігліцай дол. Мабыць, тут і пераднюе. Спачне за д’ябальскі турботную ноч, а галоўнае, яму трэба было вырашыць, як быць далей, куды падацца? Бо такое бадзянне, адчувау ўжо пэўна, дабром не скончыцца. Скончыцца бядою, якая можа стацца для яго апошняй.

Вецер, аднак, густа шумеў угары, сярод хвойнага вецця, унізе ж было цішэй. Азевіч скурчыўся на баку, сашчапіў у шырокіх рукавах азызлыя рукі. Галаву, як можна было, уцяў у шырокі каўнер шыняля, дыхаў сабе на грудзі — тым грэўся. У думках ён не першы ўжо раз перабіраў знаёмыя мясціны раёна, вёскі, дзе некалі быў, прыгадваў сяго-таго са знаёмых людзей. Цяпер не на кожнага можна было спадзявацца, многія, мабыць, апынуліся ў войску па мабілізацыі ці падаліся ў эвакуацыю, хто-ніхто, канешне, перамятнуўся да немцаў. А калі не перамятнуўся адкрыта, дык у душы наўрад ці спачуваў нядаўнім кіраўнікам раёна, мясцовым актывістам. Перш чым да каго завітаць, трэба было добра падумаць, прыпамятаць, чым ён дыхаў у нядаўнія часы перад вайной, гады класавай барацьбы, выкрыцця ворагаў народа. Хоць тады і вырвалі шмат з каранём, але ж, мусіць, не ўсіх. Мабыць, нямала яшчэ і засталося, хіба не выявілася тое на пачатку вайны? Во хоць бы і гэты акружэнец, да якога ён так няўдала завітаў учора: і накарміў, і мякка паслаў на лавах, а сам паначы — да тае паліцыі. Нездарма ўвечары не даў штосьці сказаць дзеду. Прыступіў на язык. Ах, падла! Фашыстовец пракляты!