Выбрать главу

Аднак не адпусцілі.

Праз трохі часу прыадчыніліся дзверы і ўсё той жа чалавек у кажуху паклікаў яго ў дамоўку. Ягор пратупаў за ім цераз пусты цёмны пакой і апынуўся ў невялікім, дужа цёплым пакойчыку, асветленым вялікаю пры акне лямпай. Побач на стале стаяла якаясь ежа, і на падлозе ля грубкі параваў самавар. Распрануты да гімнасцёркі з ордэнам над кішаньком сядзеў ля стала Заруба, піў гарбату. «Ну, чайку пап’еш, пагрэешся? — спытаў ён у Ягора і кінуў гаспадару — немаладому хударляваму мужчыне з падстрыжанай бародкай і ў камізэльцы на кастлявых плячах: — Хлопец з Ліпаўкі». — «З Ліпаўкі? — здзівіўся гаспадар. — А чый жа там будзеш?» — «Азевічаў», — скупа адказаў Ягор. «Азевічаў? — яшчэ болей здзівіўся гаспадар. — Глядзі ты, які вырас! Некалі з тваім бацькам у войску служылі. Чэсны чалавек, працавіты. Зямлі толькі меў малавата, тры дзесяціны, ага?» — зноў звярнуўся ён да Ягора. «Тры», — сказаў Ягор. «Ну а ты ж вучыўся? Колькі класаў скончыў?» — «Чатыры», — сказаў Ягор, трохі сумеўшыся, што ўвага гэтых людзей нечакана перайшла на ягоную персону. Заруба ў той час дапіў сваю шклянку і зазначыў: «Малады, граматны. Вот возчыкам хачу ўзяць. У выканком, — павярнуўся ён да Ягора. — Кажуць, коней падабае. Дык пойдзеш?» — і скіраваў на Ягора цяжкі, маларухавы позірк з-пад чорных, гняўліва навіслых броваў. Для Ягора то было пэўнаю неспадзяванкай — ён не ведаў, як адказаць старшыні выканкома, хоць нешта ў той прапанове засвяцілася радаснае, але і страхавітае адначасна. «Дык я… не ведаю. Каб… Але ж гаспадарка…» — «Ну, з гаспадаркай і бацька ўправіцца. Зноў жа — суцэльная калектывізацыя градзёт, так што згаджайся…»

Пакутныя то былі хвіліны для Ягора Азевіча, рашыць канчаткова ён тады не мог. Ды разумны Заруба, мабыць, адчуў, што рабілася ў душы ў хлопца, і не стаў дужа патрабаваць адказу, нешта загаманіў да гаспадара, як зразумеў Ягор, настаўніка тае школы, якога ён зваў Арцём Андрэевіч.

Ягор выпіў шклянку гарбаты з нейкімі сушкамі, і Арцём Андрэевіч павёў яго ў трэці цёмны пакой з ляжанкаю пры сцяне, скінуў з сябе кажух — яму накрыцца. Як за ім зачыніліся дзверы, Ягор сцягнуў боты, падумаўшы са страхам: каб хоць не адвалілася падэшва, і, не распранаючыся, выцягся на старой мулкаватай ляжанцы. Нейкі час ён яшчэ слухаў ціхую мужчынскую гаману з-за дзвярэй, але дужа не ўслухоўваўся ў яе і заснуў, бы праваліўся ў нябыт. Нічога яму не прыснілася, толькі раптам здалося, што праспаў ранак, — прахапіўся, адразу зразумеў, дзе ён. Але ў намерзлых вокнах была чарната, і ў суседнім пакоі ўжо панавала ціш, мабыць, ягоны старшыня з гаспадаром таксама недзе спалі ў гэтым вялікім панскім доме, які цяпер займалі пад школу і пад настаўніцкія кватэры таксама. Хаця настаўнікаў тут, пэўна, было няшмат, школа лічылася пачатковай — на чатыры класы. У пакоі было халаднавата, і Ягор адчуў, што хутка настане світанак. Трэба было дагледзець каня ды, мабыць, збірацца ў дарогу. Як ён выйшаў з таго пакоя, насустрач аднекуль з цемрадзі вынікла постаць гаспадара — той ціха сказаў, што старшыня яшчэ адпачывае, але праз гадзіну ён яго пабудзіць, а пакуль што можна папаіць каня, вядро і вада ў сенцах.

Ён упарадкаваў каня, які ўжо быццам неяк прывык да яго і не касавурыўся. То быў неблагі Белалобік, здаецца, нетутэйшай заводкі, падобна — кавалерыйскі. Ва ўсякім разе куды лепшы на выгляд за спрацаваных сялянскіх дэрбін, ахаджваць такога была адна ахвота. Але ж там, дома, застаўся яго Баранок… Канешне, галодны стаяць не будзе, ужо бацька дагледзіць, ды ўсё ж у Ягора варухнулася ў грудзях шкадаванне да ягонага трудзягі — што з ім будзе далей? Вядома, ён ужо пагадзіўся з прапановай рабіць у выканкоме возчыкам, хоць бы каб вырвацца з вёскі ў людзі. Усё ж у мястэчку жыццё, культура… Ды й, мусіць жа, будуць плаціць нейкае жалаванне, не трэба будзе рваць кішкі на гаспадарцы. Тым больш калі калектывізацыя. А калі і не, дык Нінка возьме прымака Міколу Савасценю, які ўжо набіваўся, каб ажаніцца. Ведама, хлопец ён не дужа каб хуцавы жаніх, але працаваць будзе. Тым болей што і Ніна, бы мурашачка, — круглы год у працы, ад цямна да цямна, за ўвесь дзень не прысядзе, бывала. Усё рупіцца, усё носіцца…

Неўзабаве ўстаў і Заруба, зноў папілі чайку і, падзякаваўшы гаспадару, які іх праводзіў за вароты, паехалі. Ягор чуў, як, на запросіны заязджаць, Заруба ціха сказаў звазка: «У чацвер, мабыць. Калі ў Полацак не паеду…»

Для Ягора Азевіча пачалося новае, спярша ажно страхавітае жыццё ў раёне. Пакуль што яно абмежавалася клопатам пра Белалобіка, ні пра што іншае ён і не думаў. А ўсё — каб запрэгчы, распрэгчы, накарміць, напаіць цёплай вадой, дагледзець збрую. Сядзёлка трохі націрала хрыбет, ён гэта выявіў, як раніцай чысціў каня, і трохі падправіў лямец на сядзельнай падушцы. На выканкомаўскай стайні было яшчэ тры кані і тры фурманы-возчыкі. Але бадай усе дні яны былі ў раз’ездах, Азевіч бачыў іх толькі мелькам, калі ўранку ці ўвечары. То былі ўжо ў гадах дзядзькі, а адзін Волкаў дык нават стары, можа, яшчэ дарэвалюцыйны фурман з сівой барадой. Казалі, у яго хацелі рэквізаваць каня, каб для ўлады, дык ён не адцаў таго ў чужыя рукі і пайшоў сам разам з канём на рэквізіцыю. З таго часу і робіць у выканкоме, возіць загадчыка райза. Казалі, харошы фурман, толькі не актыўны, не любіць сядзець на сходах, дзе дым і гармідар, лепш у вазку ці на стайні, дзе начуе ягоны стаеннік. Ягор жа дык падабаў сходы. Звычайна дзе ў вёсцы, упарадкаваўшы Белалобіка, сядаў ля парога і слухаў усё, што там рабілася. Асабліва любіў ён слухаць свайго начальніка Зарубу, як той выступаў з прамовамі. Пачуўшы яго першы раз у Стадолішчах, Ягор аж здзівіўся. Удзень негаваркі, нават болей маўклівы, старшыня выканкома на сходзе ўвачавідкі мяняўся — па меры таго як казаў сваю прамову ўсё пра тое, як блага жылі пры цару, які тады трывалі ўціск. Пачынаў быццам з неахвотай, спаважна, неяк бы зморана. Але чым далей гаварыў, асабліва натрапіўшы на перспектывы новага калгаснага жыцця, тым болей пачуцця прыбывала ў ягоным голасе. Недзе ўжо пад канец той голас дасягаў мяжы пераканаўчасці, а затым ішоў марудлівы спад, бы ад стомы. I канчаў Заруба тым жа памяркоўным тонам, як і пачынаў. Слухалі ж яго мужыкі і бабы, паразяваўшы раты. Мусіць, такі ж разяўлены рот быў і ў Ягора, які думаў: во каб мне навучыцца выступаць гэтак прыгожа.