Канешне, тады ён не ўмеў гэтак прыгожа, але марыў навучыцца. На сходзе местачковай камсамольскай ячэйкі, дзе ён ужо ўзяўся на ўлік, яму неяк давялося выступіць. I так гэта атрымалася няўклюдна, нават сарамліва сярод незнаёмых дзяўчат і хлопцаў, што ён аж спацеў, пакуль выціснуў з сябе некалькі фраз пра абавязак камсамольца ў справе калектывізацыі. Добра, яго перапыніў нехта з байчэйшых, і толькі адна камсамолка, што сядзела наперадзе, усмешыстая, з белай высокай стрыжкай, добра ўсміхнулася аднымі вачмі і шапнула: «Нічога, нічога». Як пасля дазнаўся Ягор, гэта была камсамолка Паліна Пташкіна. Пасля яна таксама выступіла — натхнёна, баявіта, не па-жаночы рэзка. У хлопцаў і дзяўчат ажно гарэлі твары ад яе заўзятага выступлення. Во гэта малайчына, думаў Ягор. Дзе гэтак Настачцы, ды і яму таксама. Мабыць, трэба было падцягвацца, авалодваць новымі завядзёнкамі, як гэта і належала перадавой у раёне моладзі. З таго сходу ён узяў сабе за правіла кожнага ранку прачытваць невялікі аркушык раённай газеты «Шлях камунізму», стосік якіх два разы на тыдзень клаўся на стол у прыёмнай старшыні РВК. Ягор начаваў у суседнім пакоі на двух ссунутых разам сталах, уставаў рана, даглядаў у дваровай стайні каня і, пакуль прыходзіла сакратарка Рыма, меў трохі вольнага часу. Калі ж не спраўляўся прачытаць усю газеціну, дык абавязкова праглядаў хоць перадавіцу, з якой даведваўся пра галоўныя справы ў раёне. Галоўнай справай тады, вядома, была калектывізацыя, тэмпы якой якраз апынуліся пад пагрозай зрыву. Звычайна ўжо зранку Ягор разумеў, што сёння выпадзе яму немалая дарога — у тры ці чатыры вёскі, не меней. Калі яшчэ была гадзіна часу, дык ён паспяваў збегаць цераз вуліцу ў сталоўку — талоны яму ўжо выдалі. Але ў сталоўцы ён збольшага снедаў, абедаць жа ці вячэраць даводзілася абы-дзе. Дзе Бог пашле. Часам перападала і няблага, нават з чарчынай, калі трапляў да добрых людзей, а то бывала, што і абыходзіўся на пусты жывот. Вярталіся ўвечары позна, сталоўка ўжо зачынялася, Ягор карміў каня і самотна выпростваўся на сталах, нацягваючы на плечы караткаватыя полы паддзёўкі.
Можа, на другім тыдні ягонае працы ў раёне здарылася тое, чаго ён чакаў і баяўся — адарвалася падэшва. Адарвалася якраз уранку, як ён нёс вядро з пойлам яго Белалобіку. Ён спрабаваў неяк прыладзіць яе, тую стаптаную падэшву, але не паспеў таго зрабіць, як у прыёмную ўвайшоў Заруба і ўсё зразумеў з першага позірку. «Ты гэта во што, — сказаў ён. — Ідзі сюды!» Ягор, накульгваючы, пайшоў за старшынёй у ягоны кабінет з вялікім сталом, пакрытым кумачом, паверх якога блішчала вялізная шыбіна на розных паперах, і старшыня нешта напісаў на невялікім аркушы. «Во, ідзі ў арцель, спытаешся там Ісака. Аддасі яму гэта». — «А запрагаць?» — «Запрагаць сёння не трэба. Паедзем заўтра», — сказаў Заруба і павярнуўся да сцяны, дзе пад партрэтам Леніна вісеў чорны тэлефонны апарат — пачаў круціць ручку.