Ягор ужо ведаў, дзе была шавецкая арцель, і памалу паклыпаў наезджанай снегавой вуліцай за вялізную будыніну сінагогі. Па-над доўгім сталом у прасторнай дамоўцы сядзелі чалавек дзесяць шаўцоў — усе стукалі малаткамі, шылі дратвай, курылі махорку і гаманілі. Як Ягор увайшоў, першы, хто звярнуў на яго ўвагу, быў сівабароды стары яўрэй, ён паўзіраўся ў яго счырванелымі вачыма і адказаў на яго «добры дзень». Ягор папытаўся, хто тут Ісак, і дастаў паперку. Сівабароды, не адкладваючы з каленяў гамаш, працяг да яго руку. «Во тут таварыш Заруба напісаў». Шавец паправіў на носе акуляры і выцяг далей руку з запіскай. «Зараз пачытаем, што піша таварыш старшыня РВК, — сказаў ён так, каб усе пачулі. — Ага, усё панятна! Скідывай свой бот, будзем глядзець-радзіць, — якія там справы…» Ягор прысеў на канец услона і сцягнуў бракаваны бот, рукой няёмка прытрымаў на нямытай назе бруднаватую анучу. «Ай-яй-яй! Тут работы на дзень. Трэ новую падмётку. Ды і саюзкі…» — «Саюзка быццам цэлая», — нясмела ўставіў Ягор. «Ага, цэлая! Вы на яго паглядзіце; ён кажа, цэлая! А за што яе падбіць? Ці яна будзе на чэсным слове трымацца?» — «Ісак, а ты яе за язык падчапі», — з’едліва сказаў хтосьці з шаўцоў, а іншыя ахвотна засмяяліся. «Ісаку што, Ісаку не шкада… Калі Заруба піша, дык я з ягонага фонду. Ужо фонду таго засталося на пару ботаў…»
Між тым Ісак хуценька вывернуў халяву, надзеў бот на чыгунную прыладу, якая ў шаўцоў называецца «лапай». Ягоныя вялікія чорныя рукі так замільгалі над ботам, што Ягор не мог сцяміць, што і як ён там робіць. А ён рабіў, усё прыгаворваючы, штосьці жартуючы да суседзяў-шаўцоў, раз-пораз кідаючы позіркі па-над акулярамі на прымоўклага кліента. «А ты што — у выканкоме робіш? Ага, возчык? Дык возчыкам жа Даўнарскі быў? Зволілі, кажаш? Правільна. Даўно трэба было звольніць. Во п’яніца. А сам скуль родам? А, з Ліпаўкі! А жывеш дзе? Ці ў прымаках у каго?» — «А ты, Ісак, можа, хлопца сасватаць хочаш?» — падняў ад бота белабрысы твар маладзейшы шавец. «Магу і сасватаць, а што? У мяне рука лёгкая, гэта жысць цяжолая. Што, у выканкоме спіш? Гэ, то не гадзіцца». — «Вось і ўзяў бы да сябе. Твае ж настаўнікі з’ехалі», — сказаў нехта з другога канца стала, і Ісак зноў уважліва зірнуў на Ягора. «А што ты думаеш — магу і ўзяць. Халастога-нежанатага чаму не ўзяць? Калі ўпадабае». — «Дык было б добра», — сумеўся Ягор. «Праўда? Тады прыходзь увечары — вунь трэці дом пад гонтай», — паказаў Ісак у акно. Ягор зірнуў туды — сапраўды, крыху далей на вуліцы, якраз на пагорку, між дзвюма ліпамі ў гародчыку, стаяла нішто сабе дамоўка з гонтавым дахам.
Ягор зусім акрыяў духам, калі хвілін праз дваццаць Ісак стукнуў перад ім на падлозе гатовым адрамантаваным ботам з новай падмёткай і вузкай палоскаю лапіка на саюзцы — можна было абуваць. I ён абуў, адразу адчуўшы сябе куды з большай упэўненасцю, падзякаваў. Ісак жа ўжо завіхаўся над набітым на капыл гамашам. «Дык увечары, уваход са двара. Праз парадны не прымаю — рэвалюцыя адмяніла», — пажартаваў ён на развітанне.
I праўда, позна ўвечары, спарадкаваўшы каня, Ягор пайшоў шукаць Ісакаву дамоўку. Ён пазнаў яе ў снегавой цемені па тых дзвюх ліпах і ледзьве знайшоў дзверы з двара, поўнага нейкіх хлеўчукоў, свіранкоў, паветак. Відаць па ўсім, некалі тут жыла вялікая сям’я, мо нават і не адна, а цяпер свіціліся толькі два акны з падворка, і нікога не было чуваць. Але Ісак яго чакаў і адразу расчыніў дзверы насустрач.
Ягор не памыліўся: на ўсю гэтую вялікую дамоўку жыў адзін яе гаспадар, іншыя пакоі пуставалі, у тым ліку і той, што меў асобны ўваход, праз які і прывёў яго Ісак, паказваць новае жытло. Было цёмна, ды ўсё ж таго святла, што пранікала сюды з заснежанай вуліцы, хапіла, каб Ягор збольшага агледзеў месца, дзе яму давядзецца жыць. То быў вялізны, бы стадола, і пусты пакой з адзінай скрыняй пры парозе, нізкаю столлю і трыма невялікімі акенцамі на вуліцу. Халадэча тут стаяла такая, што было відаць, як з рота ідзе пара. Але што ж, выбар у Ягора быў невялікі. У выканкоме было цяплей, ды не жыць жа яму там, дзе можна было хіба пераспаць да ранку. Добра, што побач на скрыні ляжала некая лахманіна, накшталт конскай гунькі, на якую ён і прысеў, даючы тым зразумець, што пакой упадабаў і застаецца. Гаваркі Ісак, аднак, не спяшаўся яго пакінуць і ўсё расказваў, як тут улетку жылі дзве настаўніцы, як ім было зручна, бо мелі асобны ўваход, тры акны на вуліцу, а да вайны пакой займала сястра Голда з дзеткамі і стары Ёхель, тутэйшы залатар, ды яго забілі балахоўцы, а стрыечныя ўнукі, падросшы, не захацелі тут жыць і паехалі ў белы свет — ім, ці бачыце, стала цесна і нецікава ў мястэчку. Ім каб у горад, бліжэй да класавай барацьбы. Дужа ўжо ўпадабалі класавую барацьбу, запісаліся ў камсамольцы, а ён, Ісак, усё жыццё шые боты. Папраўдзе, боты шыў да рэвалюцыі, цяпер рамантуе розныя развалюхі-бахілы, бо шыць новыя няма з чаго, няма тавару. А ён — майстра, некалі пачынаў у шаўца ў Варшаве, вучыўся дванаццаць гадоў — болей, чым цяпер вучацца на настаўніка, мае дыплом з гербамі, бо шыў фасонныя боты-бутэлькі для самога прыстава, а цяпер зашывае дзіркі на стаптаных гамашах. Але ён не наракае — такі час. А Ёхелю ўжо ніколі не ўбачыць зялёнай травы, так што яму, Ісаку, яшчэ можна зайздросціць. Можа, і пляменнікі таксама пазайздросцяць, бо невядома яшчэ, да чаго давядзе тая іх класавая барацьба. Можа, да сумы, а можа, і да турмы…