Азевіч прачнуўся неяк раптоўна і на першым часе не зразумеў, як ён тут апынуўся. У гушчары быццам стала зацішней, не так шумеў хвойнік. Азевіч надта скалеў, спярша не мог нават паварушыць ні нагой, ні рукой. З вялікай натугай устаў, затым зноў сеў на калючым ад хвоі доле, падумаў, што сон — бы адпачынак ад жахлівае рэчаіснасці. Калі б толькі не такі сон-напамінак. Той сон, што агарнуў яго, мог выклікаць што хочаш, але не даць адпачынку, не прынесці расолабку. Даўно ўжо ягонае мінулае было для Азевіча клопатам, болем, нават душэўнай пакутай. Ён не любіў прыпамінаць тыя свае гады, нават і ў такі час, па вайне, калі шмат якія драбніцы ці моманты даўняга здаваліся лепшымі, чым былі на справе, а іншыя дык і выклікалі замілаванне.
У хвойніку было яшчэ светла, але дужа сцюдзёна, і ён зноў стаў хукаць сабе на грудзі, грэць рукі за пазухай. Нагаданы ў сне Заруба прывёў да згадкі пра Вайцяшонка, з якім яны разам працавалі пазней у мястэчку, і Азевіч прыпамятаваў, што той родам з тутэйшых мясцін. З вёскі Завішша, якая, здаецца, была недалёка. Ужо кульгавага Вайцяшонка ў войска, пэўна ж, не ўзялі, мабыць, жыве цяпер у бацькоўскай хаце, і яму вайна — не вайна. Ён павінен аднесціся да Азевіча добра, крыўдаваць адзін на аднаго ў іх не было падставы, некалі нават сябравалі, і старэйшы па гадах Вайцяшонак у чым-колечы памагаў маладому Азевічу. Перад вайной іхняе сяброўства прыпынілася з прычыны арышту Вайцяшонка, якому, аднак, пашчасціла: яго выпусцілі. У райком ён, канешне, ужо не трапіў, перабраўся з мястэчка ў роднае Завішша, пачаў сваю перапыненую ў камсамоле настаўніцкую працу. Праўда, яму не пашэнціла з сям’ёю: жонка адраклася ад мужа — ворага народа неўзабаве пасля яго арышту, ну але затое, казалі людзі, Вайцяшонак на яе крыўды не меў. Невядома, можа, ажаніўся зноў ці жыве з бацькамі, таго Азевіч не ведаў і думаў цяпер: трэба ісці ў Завішша.
Ён выбраўся з гушчару ў поле, агледзеўся. Дарога была побач — уезджаны бальшак з бярозамі абапал. Дарогу ён пазнаў адразу — некалі паездзіў тут ад вёскі да вёскі, асабліва ў калектывізацыю ды і пасля — аж да самай вайны. Бальшак спусціцца ў лагчынку, там будзе масток, а затым праз якіх пару кіламетраў і Завішша — вялікая вёска над возерам. Праўда, у Завішшы ён даўно ўжо не быў, але дзе жыве Вайцяшонак, памятаў добра — у пачатку трыццатых часцяком там начавалі — калі разам з Яўгенам, калі адзін ці з якім раённым начальнікам. Бацькі ў Вайцяшонка былі харошыя, мяккія і спагадлівыя, бацька любіў пагаманіць пра жыццё і палітыку, маці, памятаў, рабіла тэхнічкай пры школе.
Цяпер Азевіч не пайшоў па дарозе — пераскочыў канаву і патупаў прыдарожнаю сцяжынай за доўгім радам бяроз. Так яму была відаць уся дарога — наперадзе і ззаду, яго ж можна было ўгледзець толькі зблізку. Дробны сняжок то мільгаў на ветры, то недзе знікаў, дарога і сцяжына за бярозамі ўвогуле былі сухія. Яму ніхто не спаткаўся да самай ваколіцы, дзе якраз ужо пачало змяркацца, і ён, каб не ісці вуліцай, збочыў ля плота на гароды. Пакуль брыў там каля сажалкі ды скакаў цераз межы, і добра змерклася; ужо амаль у цемры ён перайшоў мокрую аселіцу з балотцам пасярэдзіне і падышоў да Вайцяшонкавай сядзібы. У агародзе ля паграбца спыніўся, перавёў дых, збіраючыся з думкамі: усё ж трохі апасаўся, як яго прыме Вайцяшонак. На падворку за тынам, здаецца, не было нікога. У двух вокнах, што глядзелі на агарод, было цёмна, можа, і там, у хаце, не было нікога. Азевіч памятаў, што яшчэ ў Вайцяшонка былі дзве сястры, але ці яны жылі тут цяпер, ён не ведаў. Колькі часу ён туліўся за паграбцом: стаяў, прысядаў, слухаў. У тым канцы вёскі недзе ляніва брахаў сабака, а так усё было ціха, на агародах побач ніхто не паяўляўся. I тады ён наважыўся — ціха пабрыў да будыніны. Не адразу знайшоў варотцы з агарода, тыя былі шчыльна прычынены і нават зашчэплены з падворка, ён, перагнуўшыся, адшчапіў іх, не прычыніўшы ззаду, ступіў на падворак. Ганак мясціўся з другога боку, за вуглом, і ён хутка пратупаў да яго. Клямка на дзвярах, аднак, не падалася пад яго рукой, мабыць, дзверы былі зашчэплены, і ён сумеўся, ён не хацеў стукаць. Аднак усё ж пастукаў — ціхенька, тры разы, пачакаў. Думаў, яго не пачуюць, хацеў пастукаць яшчэ — ды ўсё ж злавіў слыхам нейкі гук у сенцах, стрымаўся, счакаў. I сапраўды, дзверы расчыніліся, перад ім у змроку сянец стаяў невялікі стары, Яўгенаў бацька. Азевіч яго адразу пазнаў і павітаўся. Той, аднак, змоўчаў і не саступіў з месца, мабыць, не пазнаваў госця.