— А Яўген дома?
Стары ўсё маўчаў, не пазнаючы, і Азевіч мусіў вытлумачыць:
— Калі помніце, Азевіч я. Некалі з Яўгенам разам працавалі. У райкоме, — напомніў ён. Тады стары шырэй расчыніў дзверы, і ён ступіў цераз парог у глухую цемру сенцаў, затым, растапырыўшы рукі, прайшоў следам за гаспадаром у хату, няўмела зачыніў за сабой дзверы. У хаце было амаль гэтак жа цёмна, як і ў сенях, але цёпла. Стары падсунуў яму нейкі ўслон, і ён сеў, болей каб не наткнуцца на што ў цемры, не замінаць.
— А дзе ж Яўген?
— Павінен прыехаць. Як з’ехаў уранку… — сказаў стары, зазірнуўшы ў светлаватае без фіранак акно.
— I далёка?
— Ды ў мястэчка. Збожжа павёз…
— Гэтак? Падатак ці на продаж?
— На здачу. Немцы ж абклалі падаткам. Як і Саветы, бывала. Трэба здаваць.
«Мусіць, трэба», — падумаў Азевіч. Тое, што ён не застаў Вайцяшонка, трохі засмуціла яго, ну але, можа, скора прыйдзе. У хаце ж было цёпла і спакойна, болей нідзе нікога не было чутна, і ён хацеў папытацца старога пра яго сямейнікаў, дачок. Ды стары перапыніў яго ўласным пытаннем:
— А вы ж цяпер з мястэчка ці як?
— Не, не з мястэчка, — сказаў Азевіч. — З мястэчкая ўжо даўно.
Мусіць, трэба было сказаць і яшчэ пра сябе, але Азевіч ніяк не наважваўся. Няпростая гэта справа расказваць пра сябе. Ды ў такі час. Хто ведае, якія адносіны ў гэтых Вайцяшонкаў з немцамі. Якія ў іх былі адносіны з Саветамі, Азевіч памятаў добра, і гэта таксама вымушала трывожыцца.
— А Яўген што, усё дома? Па гаспадарцы? — памаўчаўшы, запытаў ён.
— Па гаспадарцы, а дзе ж. Школа ж закрылася, няма школы. Дык агарод спарадкаваў, каня во займеў. Калгаснага. Разабралі гаспадары, дык застаўся адзін. Вайсковы, абознікі кінулі. Без каня, ведама, ніяк у гаспадарцы.
— Без каня ніяк, — пагадзіўся Азевіч.
— Дык ён ля гэтага каня бы ля якога дзіцёнка. Яно, ведама, у мальцах не нацешыўся. Усё на казённай рабоце. А тады — у школе.
— Тады не да коней было: служылі.
— Служылі. Савецкай уладзе служылі. Што заслужылі во? — сказаў і прымоўк стары.
«Заслужылі няшмат, — пагадзіўся ў думках Азевіч. — I яшчэ што заслужаць — невядома. Хто — каня, а хто, можа, і кулю. Як многія…» Дзіўна, але цяпер і ён прыпамятаваў колішняга свайго Белалобіка, з якога пачалася ягоная служба ў раёне. Таксама любіў каня, даглядаў, завіхаўся… Той і вывез яго ў людзі. Ці ў добры час толькі…
Яўген прыехаў, аднак, няхутка, ужо зусім паначы. Стары не паліў святла (мо не было чым), яны ўсё сядзелі ў цёмнай хаце, зрэдку перагаворваючыся — болей каб не маўчаць, як у двары застукалі колы і пачулася знаёмае «тпру». Тады ж пачуўся жаночы голас — значыць, то была Яўгенава сястра, здаецца, малодшая Зоська. Стары паспяшаўся ў дзверы, і Азевіч нагнуўся да акна, блізка да якога ўжо стаяла фурманка. Кульгавы Яўген злез на падворак і, тупаючы ля яе, слухаў бацьку, рухавая Зоська знімала нейкія клумкі. Пасля яны падаліся да ганка, а бацька ўзяўся распрагаць каня.
Азевіч адступіў ад акна.
— Ну здароў,— ціха сказаў Яўген, пераступіўшы парог.
— Здароў, братка, — азваўся Азевіч.
Яны стрымана, аднак, павіталіся, павіталася Зоська, якая адразу падалася кудысь у змрочнае запечча.
— Як і адкуль? Якімі судзьбамі? — папытаўся Яўген, відаць па ўсім, трохі здзіўлены гэтай нечаканай сустрэчай.
— Ды во завітаў. Па дарозе…
— Па дарозе? Ну што ж… То добра, калі па дарозе. А я з мястэчка. Як паехаў уранку, дык на ўвесь дзень. Ячмень вазіў.
— На здачу?
— На здачу. За тры гаспадаркі — шэсць пудоў. Немцы наклалі такі падатак. Што зробіш? Трэба здаваць.
— Калі ёсць чым.
— А во знайшлося. Усё ж калгасны ячмень самі пажалі. Ды падзялілі. Набралася трохі. Запасліся. Не тое што ў калгасныя гады.
Яўген апусціўся на ўслон, пасунуў Азевічу зэдлік.
— Сядай. Можа, не спяшаешся?
— Ды як табе сказаць, — сумеўся Азевіч. — Пабуду трохі.
— Дык павячэраем хоць. Усё ж сябрамі былі. Колькі не бачыліся… Гады чатыры.
— Чатыры, ага.
— Ну. Я ж у гэтай во школе тры зімы адрабіў. Значыць, чатыры, як з райкома…