Выбрать главу

— Калгас разбегся? — запытаўся ён, каб не чапаць дужа асабістае.

— З першага ж дня, як нашы адышлі. Падзялілі зямлю, жывёлу. Ураджай збіралі аднаасобна. Малацілі кожны сабе. Праўда, не было дзе — гумнаў жа мала асталося. Мы дык у трысцене неяк памалацілі.

— А нарыхтоўкі?

— Нарыхтоўкі само сабой. Як у калгасе. Адвезлі. I яшчэ асталося.

— I многа асталося?

— Ды болей, чым пры калгасах. Можна сказаць, сёлета з хлебам мужыкі будуць. Не тое што раней: трыста грамаў на працадзень. Вунь у тым годзе бацька каней даглядаў. Зоська ў палявой рабіла. Пайшоў на канчатковае размеркаванне — прынёс у торбачцы. Заробак за ўвесь год.

— У вас бедны калгас, — сказаў Азевіч.

— Бедны. А дзе ён — багаты? «Пагранічнік»? Ну там багацей, бо землі лепшыя. Там на працадзень далі па паўкіло. А ў астатніх? Галеча.

«Канешне, небагата, бедна жылі, хлеба хапала толькі да вясны. Бульбы таксама. Але пра тое тады не надта каб гаварылі, дбалі аб адным: як даць план, выканаць пастаўкі, сплаціць падаткі, самаабкладанне, заём. Лічылі, што сяляне як-небудзь пракормяцца — з агародаў, ад каровак. Першай запаведдзю было забяспечыць горад, выканаць свой абавязак перад дзяржавай».

— Але ж хто будзе ваяваць? — сказаў Азевіч. — Ці так і застанемся пад немцам?

— А гэта ўжо як хочаце. Мне і пад немцам няблага. Можа, лепей нават.

— Во як! — вырвалася ў Азевіча.

— А што! Што я заслужыў у Саветах. Рабіў, як пракляты, у райкоме, ночай не спаў, недаядаў, лётаў па раёне. Калектывізацыя, індустрыялізацыя, барацьба класавая. А што зарабіў? Турму. Знаеш, як мяне там білі? Гумовым шлангам па нырках, алоўкі між пальцаў заціскалі. Ды яшчэ прызнавайся ім чорт ведае ў чым. Што ў арганізацыі беларускіх фашыстаў састаяў. Нідзе я не састаяў — я быў чэсны бальшавік! Бядняцкі сын. Інвалід з дзяцінства.

— Аднак добра — выпусцілі.

— Выпусцілі? А як выпусцілі? Спаскудзіўшы цела, і душу выпусцілі. Яны ж мяне ў сексоты падпісалі.

Азевіч вельмі здзівіўся — не таму, што Вайцяшонка завербавалі ў сексоты, а што той пра гэта гаворыць. Ніколі нідзе ніхто яму ў тым не прызнаваўся — а гэты, глядзі, прызнаецца. Хаця, цяпер чаго ўжо баяцца? Сапраўды, баяцца цяпер не было чаго — Азевіч яму не пагражаў ні з якога боку.

— Так што бачыш, я агент НКВД. А ты, можа, таксама агент? — раптам сказаў Вайцяшонак, збоч стала ўтаропіўшыся ў яго.

— Не, што ты…

— Канечне, ты не прызнаешся. А мне чаму не прызнацца свайму чалавеку. Я ж — не немцу, праўда? — з гумарам сказаў Яўген.

— Я ўсё ж думаў, ты чалавек надзейны. Памятаю, як рабілі…

— А я і надзейны. Не бойся, не выдам. Не пабягу да Дашэўскага. А і лісткі вашы клеіць на сцены не буду. Вунь у Залессі паклеілі — хлопцы з сямігодкі. Цяпер сядзяць у склепе, у міліцыі. Мацеры скуголяць, ірвуць на сабе валасы. Пастраляюць хлопцаў! Змагары, называецца.

Азевіч напружана думаў, хаця ягоны даўні сябрук збольшага стаў яму зразумелы. Апёкся Вайцяшонак на Савецкай уладзе, па сваёй віне ці па чужой — невядома. Але, мабыць, цяпер іхнія шляхі канчаткова разыходзіліся. Яўген тут застанецца — гаспадарыць на бацькавым падворку, даглядаць каня, малаціць, карміць курэй і свіней. Школа сапраўды, мабыць, для яго скончылася, вернецца да вытокаў, у адвечную сялянскую стыхію, якой не дабраў у маладосці. Што ж, можа, тое і няблага. Калі б не вайна, дык, напэўна, было б і няблага. Але во вайна, і яму, Азевічу, з яе абдымкаў, мабыць, не вырвацца. Яна ўгрызлася ў яго зубамі і кіпцюрамі, узяла яго з мінулага, звязала сучасным. Куды яму падацца цяпер?

— Ведаеш, — сказаў ён, — ці не мог бы ты мне дазволіць перахавацца ў цябе? На які тыдзень?

— Перахавацца? — перапытаў Яўген і ўслухаўся. У пакоі тупалі крокі, гэта часам хадзіў туды-сюды бацька. А ўвогуле скрозь было ціха. — Не, не магу. Даруй, алене магу.

Ён устаў з зэдліка, пастыргікаў у хату, хутка вярнуўся з партабакам і запалкамі.

— Закурыш? Не? Ах, ты ж і тады не курыў. Не навучыўся… Знаеш, не магу я цябе перахаваць. Калі што — падумаеш, выдаў. Зноў жа, у мяне бацька, сястра. Я ж і пра іх мушу думаць. Так што ты ўжо дзе-небудзь у іншым месцы. У якога акцівіста. Я, знаеш, ужо не акцівіст.

— Не акцівіст, — раздумна зазначыў Азевіч.

— Хлеба, ну там харчоў — гэта калі ласка. Гэта цяпер у нас ёсць. Еш і з сабой дам. А перахаваць — прабач.

Ён прыкметна спахмурнеў ад тае Азевічавай просьбы, апанурыўся ў душы і Азевіч. I што яму было рабіць цяпер — хоць каб пераначаваць да ранку? Але ўранку як пойдзеш па вёсцы? Убачаць, пазнаюць. Ды і не дасць ён тут пераседзець да ранку.