Выбрать главу

— Ну, што ж, дзякуй за вячэру.

— А ты, калі не сакрэт, куды пуць дзержыш? У якую старану?

— Не, гэта ўжо сакрэт, — сказаў Азевіч. У яго ўжо прапала ахвота размаўляць з ім — новы клопат агартаў яго. Сапраўды, куды было падацца далей? — Ну, што ж, тады жадаю ўдачы, — з непрыхаванай іроніяй кінуў Азевіч і ўскочыў на ногі. Трэба было ісці, пакуль яшчэ было можна. А то ці мала што можа надумаць гэты Вайцяшонак. Той таксама падняўся з зэдліка, скасабочыўся ля стала на карацейшай назе.

— Ат, якая там удача! Абы галаву зберагчы!

— Ну беражы!

Больш не сказаўшы нічога, Азевіч выйшаў з хаты на Вайцяшонкаў падворак. Ноч ужо добра ўсталявалася над вёскай, хляўкі побач зусім патанулі ў цемрыве, толькі трохі шарэла неба ўгары, закрапанае голым суччам высокіх дрэў. Куды ісці далей, ён не надумаў, але, можа, інстынктыўна завярнуў у глыб падворка, пералез цераз плот, уваліўся ў нейкую яміну з хворастам ці сухім быльнёгам. Калі выбраўся з яе, адчуў, што на правым боце зусім адстала падэшва. Яна і да таго была адарваная, але трохі з наска, а тут адвалілася ледзь не да абцаса і цяпер недарэчна чаплялася за дол. «Каб цябе…» — вылаяўся Азевіч, узіраючыся ў цемрыва, каб знайсці якую праломіну ў плоце — трэба было яшчэ вылезці і з агарода. Праломіны ён не знайшоў, але, наткнуўшыся каленямі на калючы дрот, перажыркнуў яго і апынуўся на травяністай роўнядзі, зразумеўшы, што гэта сенажаць. Ступаць тут было зручней, каб не тая падэшва, і ён узяў накірунак у поле — прэч ад вёскі.

Добра адышоўшыся ад яе, азірнуўся і ўжо нічога не ўбачыў у змроку — вакол ляжала ветранае начное поле, рэдка, бы соллю, прысыпанае ў доле снегавой крупой. Пасля сенажаці пад нагамі зашэрхаў іржэўнік, разы два яму трапіліся голыя палявыя дрэвы — мабыць, ігрушыны. Некалькі разоў ён натыкаўся на невысокія, ледзьве прыкметныя ў доле валікі барозны — то былі новыя аднаасобніцкія межы, пасля падзелу зямлі. Значыцца, падзялілі ўжо пасля колькіх гадоў абагульненага землекарыстання. I ён успомніў, якой калатнечы каштавала калісьці ліквідацыя тых межаў, з якой неахвотай даводзілася іх заворваць. У Судніках, памятае, сусед забіў суседа, які раней уступіў у калгас і пераараў іх агульную мяжу. А тут глядзі, як хутка размежаваліся. За гады так і не прызвычаіліся, каб разам, на агульным. Яно, можа б, і прызвычаіліся б, каб гэта было добра, каб той калгас даваў хоць бы хлеб для пражытку, а то… Адна нэндза і галадуха да самай вайны. Толькі і ратавалі, што агароды, тыя сорак сотак, з якіх кармілі дзяцей, старых ды яшчэ і здавалі дзяржаве. Выконвалі пяцігодкі. Мацавалі абарону. Не дужа, аднак, умацавалі.

Неўпрыцям ён ужо стаў спакайнець, адыходзіць ад крыўды на Вайцяшонка. Можа, і сапраўды той меў рацыю. Невядома, як бы на яго месцы зрабіў Азевіч, але на сваім іншага шляху ён выбраць не мог. Прыстаць да немцаў яму было неяк. Па-першае, не прымуць, усё ж райкомаўскі служачы, бальшавік, па-другое, пабываў ужо ў лесе. У атрадзе Віткоўскага. Пра ўсё тое, напэўна ж, яны ведаюць — перабежчыкі праінфармавалі. Цяпер не дай Бог яму трапіць да паліцаяў ці да немцаў — літасці не будзе. I ў каторы раз ён пачаў думаць, што найлепш было б перабрацца да сваіх, трапіць на фронт.

Толькі дзе той фронт? Як дайсці да яго? Глядзі, ляжа зіма, нападае снег, а ў яго, як на тую бяду, адарвалася падэшва, якая так замінала хадзе, што аж забалела нага. Увесь час трэба было яе ставіць бокам, падымаючы вышай. Ад таго важка боўтаў па сцягне наган у кішэні шыняля, і ён пераклаў зброю за пазуху, так стала зручней. З поля ён неўпрыцям прыбіўся ў змроку да ўзлеску і спыніўся. То быў невысокі хмызняковы лес, ён суцэльнай цёмнай сцяной нібы перагарадзіў яму шлях, і Азевіч спыніўся, памеркаваў, у які бок лепей падацца. Лезці ў змрочны лес ён не хацеў. Тады, можа, першы раз на ветры яго скаланула дрыжака — ды так моцна, што ён падумаў — халера, каб не захварэць. Ды і адчуў, што замарыўся, дыханне стала нейкае бы гарачае, з горла падступала гаркота, дужа карцела спыніцца, перадыхнуць. Але ўсё ж на хадзе было сугрэўней, і ён пайшоў уздоўж лесу. Пад нагамі шорхаў сухі быльнёг, кустоўе ён абмінаў зводдаль, каб не налезці на якое сучча, не зачапіцца. Усё ж зачапіўся за штосьці ў доле і ўпаў. Не дужа пабіўся, але і не паспяшаўся ўставаць, пераваліўся на бок у мёрзлай траве, хвіліну счакаў. Потым памалу, з натугай узняўся на ногі, зноў пабрыў па полі.

…Тады Азевіч не думаў, надоўга ці не, але застаўся і пачаў новае жыццё ў Ісакавай стадоле. Першую ноч пераначаваў добра, хоць і скалеў, як чорт, а наступныя дзве ночы быў у паездках па раёне — адну ноч пераначаваў з Зарубам у Кляшчоўцы, а другую зноў у Кандыбічах. Заехаць дамоў усё не выпадала, дык на тыдні да яго завітаў бацька. Прыехаў у выканкомаўскі двор, і яны там сустрэліся на стайні. Бацька быў нейкі заклапочаны, устрывожаны, мусіць, не падабаўся яму той ранні вылет у людзі ягонага сына. Ён гаварыў усё, распытваў, як і што тут, у мястэчку, а сам не мог сагнаць з вусатага твару клопат і ўсё трудна ўздыхаў, вохкаў. Ягор супакойваў яго як мог, ды і чаго было дужа трывожыцца?