Выбрать главу

Усё ж ён сярод добрых людзей, між начальства, пры важнай справе, можа, не прападзе. А праца? Не горшая, чым на гаспадарцы, кішкі рваць не трэба, не ў лесе на дзялянцы. Галоўнае, глядзець каня, даглядаць у час. Але тое Ягор умеў, тое рупіў з дзяцінства. Бацька перадаў што-нішто з харчоў — сала, пару кілбас, матка прыслала змену чыстай бялізны, запрашалі прыехаць калі, папарыцца ў лазні. Але Ягору было не да лазні — вольнага часу выдаралася дужа мала, ды і той займала вучоба. Тры разы на тыдзень камсамольцы збіралі гурток ленінізму, вывучалі ленінскія працы, тады якраз чыталі «Крок наперад, два крокі назад».

Не сказаць каб Ягору было цікава тое слухаць, але было сорамна не адказаць на пытанне, асабліва як пыталася Паліна. Тая была намеснікам камсамольскага сакратара ды іншым разам кіравала заняткамі. Мабыць, яна была старэйшая за Ягора, хоць і не нашмат, але выглядала зусім маладой дзяўчынай з нейкім востранькім, праніклівым позіркам, які не то дражніў, не то ўвесь час нешта выпрабоўваў у субяседніку. I часта ўсміхалася. Ягор тайком любаваўся ёю, асабліва як яна выступала ці расказвала пра ленінскія запаветы. Працавала яна ў жаночым аддзеле і была намесніцай загадчыцы, старой бальшавічкі Іды Шацман.

Сярод раённага начальства Ягор мала каго ведаў; у райкоме, што размяшчаўся за царквой, дык ні разу і не быў. Яму хапала выканкома ды начальніка. Зарубы, якога ён пільнаваўся болей за ўсіх, і, чым далей рабіў з ім, тым той усё болей яму падабаўся. Заруба быў шчыры працаўнік, большасць дзён матляўся ў паездках па раёне, усё на людзях, на сходах. I пра возчыка свайго клапаціўся, як бацька. Калі дзе частавалі старшыню РВК, дык ён клікаў і возчыка, калі начавалі, дык прасіў уладкаваць і Ягора. Быў негаваркі ў дарозе, часам пытаўся пра што, пра Ягораву гаспадарку ў вёсцы, і тады Ягор скупа апавядаў яму. Той не перапыняючы слухаў, уздыхаў, але, адчувалася, думаў сваё. Мабыць, было пра што думаць старшыні выканкома. Асабліва ў такі час, калі разгортвалася калектывізацыя.

Якраз недзе ў пачатку вялікага посту яны меліся ехаць у Вязнікі — самы дальні сельскі савет за пушчай. Заруба сказаў звечара, што выедуць у восем раніцы. А палове восьмай Ягор ужо запрог вазок і стаяў з канём, чакаючы старшыню выканкома. Але Заруба не паяўляўся. Мінаў час, і Ягор зайшоў у прыёмную, даведацца, калі паедуць. У прыёмнай была сакратарка Рыма і яшчэ тры ці чатыры чалавекі. З кабінета Зарубы чуўся нейчы строгі трывожны голас, але не Зарубы, кагосьці невядомага. Пасля яшчэ нехта гаманіў, нехта быццам спрачаўся. Хто там быў, Ягор не ведаў, але сакратарка і мужчыны ў прыёмнай моўчкі напружана слухалі, хоць зразумець сэнс той спрэчкі было нельга. Ягор ужо хацеў ісці да свайго Белалобіка, як шырока расчыніліся дзверы, з якіх выскачыў невялічкі, нават мізэрны, чалавек у шынялі, на хаду насунуў на голеную галаву суконную будзёнаўку і, перш чым выйсці ў сенцы, спыніўся перад Ягорам. «Ты хто?» — «Азевіч», — сказаў Ягор. «Які Азевіч?» — «Ну, возчык». — «Чый возчык? Старшыні?» — «Ага, старшыні», — сумеўся Ягор пад нейкім прыдзірліва-злым позіркам гэтага вайскоўца, які тут жа і выскачыў з прыёмнай. Ягор таксама хацеў выйсці, але тут з кабінета вываліліся некалькі чалавек і за імі паказаўся Заруба. Ён быў збялелы тварам, з насупленымі бровамі, нешта буркнуў сакратарцы і, убачыўшы Ягора, кінуў: «Распрагай, не паедзем». Ягор цепнуў плячмі і пайшоў распрагаць. Паставіў у стойла каня і, каб дазнацца, што будзе далей, — зайшоў у прыёмную. Там сядзела ўжо адна толькі сакратарка, яна, відаць было, толькі што плакала, і як Ягор трохі спалохана зірнуў на яе, сказала: «Сакратара, таварыша Голубава, арыштавалі. І ветурача Бутэвіча. І Слямзікава з ільнозавода». — «За што?» — вырвалася ў Ягора. «За што? — падняла счырванелыя вочы Рыма. — Не ведаеш, за што? Бо ворагі народа».

Ягор маўчаў — нікога з арыштаваных ён не ведаў Але калі ворагі народа, дык што ж? Тады нават добра, што арыштавалі. Тых ужо арыштоўвалі не першых, увосень узялі аж шэсць чалавек, пра тое пісала раённая газета, ды і мінскія газеты пісалі, як выкрывалі ворагаў народа нават ва ўрадзе рэспублікі. А перад тым раскулачвалі. Нават у іхняй вёсцы дзве сям’і раскулачылі і выслалі кудысьці на Поўнач, Ягор нават памагаў адвозіць Цыпручонкаў на станцыю. Ішла класавая барацьба, і класавы вораг супраціўляўся, Ягор тое ўжо ведаў.