Выбрать главу

Рэшту таго дня Ягор поркаўся на стайні, прыбраў стойла, адгроб кучу гною ад вербаў, добра вычысціў свайго белалобага стаенніка. Як стала цямнець, хацеў падацца ў сваю стадолу — вечар выдаўся вольны, камсамольскай вучобы не было. Ён развешваў на сцяне збрую і пачуў, што ззаду нехта ўвайшоў. Як ён азірнуўся, той павітаўся, зыркнуў туды-сюды хуткім позіркам. «Што, адзін тут?» — «Адзін», — сказаў Ягор, здзіўлена пазіраючы на маладога чалавека ў жоўтым кажушку і шапцы-кубанцы. «Нікуды не едзеш?» — «Не. А што?» — «Тады праз гадзіну прыйдзі» — «Куды?» — «У райаддзел ГПУ. Да таварыша Мілавана». Ягор хацеў запытацца, дзе тое ГПУ, але не паспеў, як малады чалавек знік у варотах, а Ягор павесіў хамут і спыніўся. Чым займаецца ГПУ, ён ужо ведаў, і цяпер нават затрывожыўся: якая ў таго справа да возчыка выканкома? Ці не натварыў што? Ды, здаецца, нідзе нічога. Інакш бы таварыш Заруба сказаў. Можа, дзе якія размовы былі не дужа добрыя? Дык, здаецца, нідзе ні з кім не гаварыў пра што падазронае.

Надта занепакоены, ён, аднак, выйшаў праз гадзіну ці меней з выканкомаўскага падворка і пайшоў да царквы. Дзе было тое ГПУ, не ведаў, трэба было запытацца, але на вуліцы насустрач ніхто не паказваўся. I ён прамінуў царкву, пратупаў праз райком партыі, у якім сёння арыштавалі першага сакратара. Ва ўсіх вокнах райкома гарэла святло, чуліся галасы, і, як ля ганка паявіўся нейкі чалавек у падпяразаным паліто, Ягор запытаўся, дзе ГПУ. Той спярша стаў, неяк спалохана паўзіраўся ў Ягора, а пасля паказаў на царкву. «Во там, за саборам, у папоўскім доме. З сінімі аканіцамі». I праўда, за царквой пад разложыстым клёнам прытуліўся невялічкі, але ладны дамок з нізенькім ганкам, вокны яго таксама свіціліся, але не надта, бо былі занавешаны знутры. Ягор узышоў на ганак, памацаў клямку, пастукаў. Раз, а затым другі. Яму адчыніў нехта нябачны ў цемры І, не пытаючыся нічога, павёў у наступны пакой. За сталом, пакрытым новым кумачовым абрусам, сядзеў той самы чалавек з паголенай галавой, які яго дапытваў у выканкоме. Тут было, мусіць, холадна, бо на плячах яго быў накінуты шынелак з шырокімі сінімі пятліцамі на каўняры. Той не спяшаўся з размовай, спярша ўважліва агледзеў Ягора, што ніякавата стаяў напалову ў ценю ад абажура вялікае дванаццацілінейнае лямпы, што вісела пад столлю. Затым гаспадар пакоя папытаўся, адкуль ён родам, якая гаспадарка дома, ці даўно возіць старшыню выканкома. Ягор скупа адказваў, адчуваючы, аднак, што, мусіць жа, не затым яго паклікалі сюды, каб дазнацца, колькі часу ён возіць Зарубу. Аказваецца, ён памыляўся. Мілаван трохі памаўчаў, перасмыкнуў худым, у абвялых зморшчынах тварам, паправіў на плячах шынелак. «Куды часцей за ўсё ездзіць Заруба?» — запытаўся ён і ўважліва ўставіўся ў Ягора. Той ніякавата пераступіў на падлозе, адчуўшы, што, здаецца, аднак, пачынаецца самая размова. Мусіць, яго цікавіў менавіта Заруба. Але нашто ён пытаецца ў яго, возчыка, чаму не папытае ў самога Зарубы? Думаючы, як адказаць, Ягор заклапочана пазіраў на канец стала, дзе ляжала мілаванаўская будзёнаўка, зграбная штуковіна з вострай шышачкай наверсе і сіняю зоркай спераду. На той сіняй зорцы блішчэла і яшчэ адна, чырвоная металічная зорачка. Спрытная была будзёнаўка, не тое што ягоная шапка-кучомка, якую ён няўцямна перабіраў у руках. Мілаван, аднак, не заўважаў таго і задаваў новыя пытанні. Наступнае з іх было, ці часта старшыня выканкома наведвае вёску Кандыбічы. Ягор адказваў няпэўна, ён ужо адчуваў, што не павінен нешта выдаваць з жыцця ягонага старшыні, але і як было зусім не выдаць? I ён болей мычэў нешта няпэўнае, аж покуль тое не абурыла гэтага гэпэушніка. «Ты мне не круці, а адказвай прама! Колькі разоў быў з Зарубам у Кандыбічах?» — «Дык не лічыў. Можа, раз ці два». — «Брэшаш, не два. Лепей падумай, успомні!» — «Не памятаю я». — «Што, слабая памяць? Камсамолец, здаецца?» — «Так, камсамолец», — сказаў Ягор і ўпершыню зірнуў Мілавану ў вочы. «Калі камсамолец, дык абавязаны шчыра супрацоўнічаць з органамі! — зласнавата абвясціў гаспадар пакоя. — За ўхіленне, ведаеш, што бывае?»

Дужа ўсё тое не падабалася Ягору галоўным чынам таму, што гэты чалавек таемна дапытваў яго пра Зарубу. Надта не хацеў выканкомаўскі возчык расказваць пра свайго начальніка, штосьці ў ім заўпарцілася ўнутры, і ўжо з’явілася таемная варожасць да гэтага брытагаловага здыхляка. Стоячы ля стала, ён ужо падумаў, як заўтра раскажа Зарубу, што пад яго робіцца гэты паскудны падкоп. Але Мілаван нібыта здагадаўся пра намеры возчыка і, яшчэ з паўгадзіны памэнчыўшы Ягора, урэшце са строгасцю папярэдзіў: «Пра нашу размову — нікому! Паняў? Ніводнай душы. Паняў?» Хвіліну ён выпрабавальна паўзіраўся ў збянтэжаны твар Ягора, а пасля, перахапіўшы ягоны позірк, спытаўся трохі павальнелым голасам: «Што, падабаецца будзёнаўка? Тота! Не ўсім даецца, трэба заслужыць. А цяпер ідзі. Будзе трэба — паклічу».