Заруба пабыў у Менску нямнога — дні два. Ягор з’ездзіў на станцыю да цягніка і прывёз яго ў мястэчка. Старшыня выканкома, як заўжды, амаль не размаўляў у дарозе, толькі запытаў цяпер: «Ну што там у нас?» — «Ды так, навінаў няма», — адказаў Ягор. Заруба, памаўчаўшы, дужа трудна ўздыхнуў і мовіў: «Навіны будуць, Азевіч. Кепскія, браце, навіны». Тыя словы затрывожылі возчыка, ён чакаў, што Заруба нешта патлумачыць, ды той нічога больш не сказаў, і Ягор зважліва не пытаўся. Калі сам не кажа, дык, мусіць, нягожа пытацца. Усё яму карцела сказаць старшыні пра свае выклікі ў папоўскі дамок, ды Ягор ніяк не мог асіліць сябе — было няёмка і страхавіта. А раптам Заруба зазлуе? Ці не паверыць? Ці скажа пра тое Мілавану? I ён усё маўчаў. Трудна пра штось думаючы, усю дарогу маўчаў Заруба.
На другі дзень яны павінны былі ехаць у Забалаць, ды якраз на местачковай вуліцы Ягор убачыў, што закульгаў конь. Ён спыніўся каля мастка цераз рачулку, злез з вазка. Аказалася, раскаваўся, на левай пярэдняй зламалася падкова. Ягор спрабаваў зусім ададраць яе, ды не хапіла сілы. Было ўжо позна, каб ехаць у кузню, вырашыў тое зрабіць заўтра, зранку, каб затым паехаць у Забалаць. Старшыня да неспадзяванкі аднёсся амаль абыякава. «Затым дык затым», — толькі і сказаў ён, пачуўшы Ягорава меркаванне. Назаўтра ранічкай з Белалобікам на павадзе Ягор тупаў местачковай вуліцай да рэчкі, дзе была кузня. Менавіта тады яму нечакана сустрэлася Паліна — некуды бегла ў сваім сінім пальтэчку з пацёртым партфелікам у руках. Пабачыўшы яго з канём, весела заўсміхалася, ён павітаўся, яна ўсё азірала то яго, то каня, і Ягор вытлумачыў: «Во ў кузню вяду. Падкова паламалася, дык перакаваць трэба». Тады яна павярнулася да яго і неяк не ў лад зазначыла: «Ну і шапка ў цябе, Азевіч!» — «А што?» — не зразумеў Ягор, сашморгнуўшы з галавы сваю аблавушку. «Бы ў падкулачніка!» — усмешыста, аднак, кінула Паліна і пабегла сабе па вуліцы. А ён, дарэшты ўражаны тым, мала што навакол заўважаючы, патупаў з канём уніз да рэчкі. Шапка? Ужо якая ёсць, іншай дзе возьмеш. У краме шапкі не прадаюцца, пашыць няма з чаго. Гэтая, праўда, нехуцавая з выгляду, пакамячаная, але цёплая, з аўчыны. Шыў яшчэ дзед, насіў колькі год бацька, і ён яе носіць трэці год. Зносу на яе няма. Добрая шапка.
Так сябе суцяшаў Ягор, але неяк няўзнак тая яго звыклая аблавушка пакрысе рабілася яму апрыклай. I ён ужо думаў: хутчэй бы лета, цяпло, дома ў яго вісела на цвіку неблагая кепка з увогуле цэлым, трохі толькі пагнутым казырком; ён надзене кепку і будзе, як усе хлопцы ў мястэчку. І Паліна тады яго не папракне за шапку.
Ды цяпло не наступала, наадварот, пад вясну сталі даймаць маразы. Аднойчы пад ранак ноччу Ягор аж прачнуўся ў сваей сцюдзёнай стадоле, пачуўшы, як страляе мароз па вуглах — нібы са стрэльбы — бух ды бух. А тут якраз трэба было ехаць па раёне, Заруба сказаў: дні на тры. Ехаў старшыня выканкома не адзін, а з цэлай брыгадай упаўнаважаных — на трох вазках. Ягор ранічкай прыбег да стайні, каб у час падрыхтавацца, але там ужо быў стары Волкаў, ужо ахаджваў свайго стаенніка. Ён жа і сказаў Ягору, што паедуць Фірштэйн з райкома, Бугаенчанка і Саладуха з выканкома. I яшчэ Пташкіна з жанаддзела. Як ён назваў Пташкіну, сэрца ў грудзях у Ягора ажно здрыганулася ад незразумелай радасці, але затым і заныла — з кім яна едзе? Ну, але ці не ўсё роўна з кім, ведама, не з Зарубам жа. З Зарубам, калі на тое пайшло, сядзе Фірштэйн — начальнік з начальнікам. Пасля таго як пасадзілі першага сакратара, Фірштэйн як бы заступіў на яго месца, хоць яго яшчэ і не выбралі.
На выканкомаўскім падворку яны пачалі запрагаць свае санкі-вазкі. У Ягора быў, мабыць, самы лепшы, лёгкі, пафарбаваны ў сіні колер вазок, які дужа падабаўся возчыку, і той ужо прыкідваў, як бы ў ім сядзела Паліна. Побач з Зарубам. Але наўрад ці сядзе. З гэткімі думкамі Ягор толькі завёў у аглоблі каня, як нехта ззаду схапіў з галавы яго шапку і на самыя вочы насунуў штосьці сцюдзёнае. Ягор спалохана крутануўся на нагах — ззаду, смеючыся, з ягонай кучомкай у руках стаяла Паліна. «Во, будзеш прыгажун! Гэта табе ад жанаддзела», — смеючыся, казала яна, схаваўшы ззаду свае рукі з кучомкай — каб не адабраў. Ягор няўцямна пазіраў на яе, пасля на тое, што трымаў у руцэ — то была самая сапраўдная, трохі паношаная будзёнаўка. Ладна пашытая, суконная, з зашпіленымі навушнікамі і нават разлапістай чорнаю зоркай, нашытай на лбе. Але чаму гэта яму і завошта? «Надзявай, надзявай, няма чаго разглядваць! Хай дзеўкі разглядваюцца».