Выбрать главу

Тым не менш калгас у Трыкунах арганізавалі. Праўда, уступілі не ўсе, нават не палавіна, але Заруба сказаў, што важна пачаць. Пачатак жа быў зроблены, і яны позна ўвечары паехалі ў канец вёскі да старшыні сельсавета. Там Ягор уладкаваў каня, паставіў у хлявок, напаіў цёплым пойлам, і як прыйшоў у хату, госці з гаспадаром ужо сядзелі за накрытым сталом, вячэралі. Гаспадар нават дастаў бутэльку «Рускай горкай», Заруба не адмаўляўся, выпіў шклянку, налілі Паліне. Тая бойка аднеквалася, казала, галава будзе балець. Тады гаспадар пераставіў шклянку да Ягора. Той нерашуча з-пад ілба зірнуў на Зарубу, і Заруба стрымана кіўнуў у знак згоды. «Выпі, каб лепш спалося». Ягор выпіў. Як пачаў закусваць, Паліна раптам папрасіла, каб налілі і ёй. Гаспадар з ахвотай наліў поўную шклянку, з якой Паліна трохі адпіла і закашлялася. «Закусвай, закусвай, во гурочкам, капусткай», — падсоўваў ёй гаспадар закусь. «Не гурочкам — салам трэба», — стрымана сказаў Заруба, і Ягор, бліжэй да якога стаяла міска з нарэзанымі кавалкамі сала, падсунуў яе да Паліны. Тая з хітраватай удзячнасцю стрэліла ў яго змоўніцкім позіркам.

Рэшту тае вячэры Ягор сядзеў за сталом добра-такі захмялелы, вельмі хацелася спаць, але ён неяк трымаўся, слухаючы размову. Зрэшты, размаўлялі болей мужчыны, нават болей гаварыў Заруба, хоць і не так, як на сходзе, — разважна, нешматслоўна, але ўпэўнена. Гаспадар слухаў, часам круціў галавой — ад клопату ці нязгоды. Што-нішто хуценька ўстаўляла Паліна. Гаспадыня і яе дачка болей стаялі ля печы ці падавалі-прымалі міскі, у размову не ўмешваліся. На нейкім часе Ягор задрамаў, ці што, і гаспадар сказаў да яго: «Ішоў бы спаць, прытаміўся, мабыць». — «Ідзі, ідзі,— сказала і Паліна. — Чаго мэнчыцца!» I ён устаў з-за стала, пайшоў за гаспадыняй у трысцен.

У трысцене было не так і сцюдзёна (нават цёпла ў параўнанні з яго стадолай), у куце стаяў ложак, засланы стракатай коўдрай з пульхнай, як пагорак, падушкай, і ляжаў кажух.

Ягор трохі распрануўся, зняў боты, Штаны, шкарпэткі і лёг пад кажух. Як лёг, дык, мусіць, і заснуў — адразу і глыбока.

Невядома, колькі ён спаў, але прабудзіўся раптоўна і амаль спалохана — хтось да яго поркаўся, ці што. Ягор, прахапіўшыся, спрабаваў сесці, ды пачуў знаёмы сцішаны голас: «Ну чаго, чаго, ляжы, дурненькі… Напалохаўся? Пасунься крыху…» Ён ледзьве не задыхнуўся ад хвалявання, пасунуўся і ляжаў, змярцвеўшы ад новага невядомага пачуцця, якое раптоўна ахапіла яго. У думкі неспадзявана шыбанула пытанне «Навошта?», але яно тут жа і аслабла без адказу, бадай знікла. Вялікая няёмкасць асталася, ды Паліна, бы не адчуваючы ніякай няёмкасці, ужо ўладкоўвалася пад касматай палой кажуха, гулліва шэпчучы яму ў самае вуха: «Не палохайся, не палохайся, я не мядзведзь, не з’ем цябе, такога вялікага. Хачу пагрэцца каля цябе, а то напаілі і кінулі аднаго ў гэтую лядоўню… Ну, пагрэй мяне…»

«Што яна кажа? Нашто?» — білася ў яго галаве ўсё тое ж пытанне, і ён змярцвелай рукой дужа няспрытна абняў яе за худзенькія плечы і тут жа адчуў на сваей шчацэ яе далікатны, пяшчотны пацалунак. Яна гарнулася да яго і нешта шаптала, а ён не мог суняць трапятанне сэрца і ляжаў, бы палена. Мусіць, трэба было на штось наважыцца — на самае рашучае, ды не хапала адвагі. Паліна і вабіла яго і адбірала волю адначасна. Неяк, аднак, быццам без ягонае волі ўсчалася дыхавічная валтузня. Ягор усё баяўся, што яна закрычыць і вырвецца. Але яна не крычала, яна толькі шаптала штосьці незразумелае і гуллівае. Як урэшце адбылося тое, зусім недарэчнае, мусіць, і ён сціх, стаіўся пад самай сцяной, і яна лягла ля яго трохі вальней, абое трудна аддыхваліся. Пасля яна папыталася: «Не спіш?» — «Не, што ты!» — «Ты такі вялікі і такі…» — «Які?» — «Няўклюдны такі… Бы мядзведзь». — «А ты, знаеш, дужа харошая…» — «Канешне, харошая. А ты думаў… Благая, ці што? Слухай мяне і ты будзеш харошы малады бальшавік. Хочаш стаць бальшавіком-сталінцам?» — «Ды я канешне. Але…» — «Што — але?» — «Ну, з сялян я. Калі б рабочы». — «Не мае значэння, калі і з сялян. Ты ж з беднякоў, мабыць?» — «Ну гэта, бацька серадняком лічыцца». — «Серадняком — гэта горш. Але каб не з падкулачнікаў. Не падкулачнік жа, ага?» — «Не, не падкулачнік». — «Каб стаць сапраўдным партыйцам, бальшавіком, трэба заслужыць. Гэта не проста». — «Ды то я ведаю, канешне…» — «Я во з мяшчанаў. У мяне ж бацькі ваўначоску ў Дзвінску мелі. Зусім несвядомыя былі, у Бога верылі. А я во, заслужыла. Прынялі ў ВКП(б), кандыдатам, праўда. Ну, але прымуць і ў члены, нікуды не дзенуцца».