На той дзень яны вярнуліся з паездкі трохі раней, і Паліна пабегла ў будынак райкома, дзе быў яе жанаддзел. Яна яму не сказала нічога, толькі развіталася «да пабачэння» — адным на іх двух з Зарубам. Заруба, як заўжды, маўчаў, мабыць, поўны ўласных клопатных думак. Ягор паехаў распрагаць каня. Ён ужо не мог думаць ні пра што іншае, апроч як пра гэтую дзяўчыну, якая зблытала ўсе ягоныя думкі, апанавала яго новым нязведаным клопатам. Вельмі карцела бачыць яе — на вуліцы ці ў выканкоме. Як на тую бяду, заняткі ў камсамольскім гуртку былі перапынены ў сувязі з адставаннем тэмпаў калектывізацыі. Разоў колькі ён памыкаўся зайсці ў райком, але ўвечары не быў упэўнены, што заспее яе там. Іншага ж часу ў яго не было — амаль кожнага дня яны ездзілі з Зарубам па вёсках — далёкіх і блізкіх.
Праз два ці тры дні яна прыйшла да яго сама. Толькі ён вярнуўся з выканкома ў сваю стадолу, хтосьці ціхенька патузаў дзверы. Ён здзівіўся, але адчыніў — і яна лёгенька ўскочыла ў пакой. «Што, не чакаў? А я без чаканкі. Як ластаўка, пачуўшы вясну…» — «Ластавачка мая…» — «Не, не, не абдымай мяне, дай я спярша цябе пацалую. Ну, добры вечар, мядзведзька…»
I зноў іх павяло адно да аднаго, без слоў, моўчкі, і зусім побач апынулася скрыня з сякой-такой яго апраткай… Калі трохі саўладалі з сабой, паспакайнелі, яна раптам сказала: «Еду на тыдзень у акругу». — «На тыдзень?» — здзівіўся ён. «На цэлы тыдзень. А вы, здаецца, у аўторак у Кандыбічы кіруеце?» — «Не ведаю, старшыня не казаў…» Яна памаўчала трохі, бы прыслухалася да цішыні вялікай Ісакавай дамоўкі. «Слухай, ён даўно ў Кандыбічах быў? Ну, у таго настаўніка?» — «На тым тыдні быў», — сказаў Ягор. «I начавалі?» — «I начавалі». — «А яшчэ хто там быў?» — «Ну гэты, што з Менска прыязджаў. Упаўнаважаны». Яна зноў прыціхла, прыслухалася. «А пра што гаварылі, не чуў?» — «Не слухаў», — проста сказаў Ягор. «А ты паслухай. Паслухай калі. Добра?» — «А нашто?» — «Нашто? На тое! Твой Заруба ведаеш хто?» — «Хто?» — «Скрыты белагвардзеец, паняў?» — «Як белагвардзеец? Ён жа бальшавік. З рабочых. На грамадзянскай быў камісарам ваенных курсаў». — «Залівае! Нікім ён не быў. Ён скрыты вораг. Паняў? I ты за ім пацікуй. З кім ён і што? Недарма ён да таго настаўніка ў Кандыбічы зачасціў. Родная кроў. Той жа таксама контра. Пстыга. Папоўскі сынок». — «Во як!» — здзівіўся зусім збянтэжаны Ягор. «А ты думаў…»
Дзіўна гэта было і незвычайна. Вядома, Ягор ведаў ужо, колькі ўсякіх ворагаў было скрозь, у тым жа Менску, у акрузе, ды і ў іхнім раёне. Але каб ворагам стаў Заруба, ягоны самы найлепшы і найбольшы начальнік, таго Азевіч уявіць не мог. Ды ўсё ж нешта, мабыць, было. Нездарма яго выклікаў Мілаван, цяпер во пра тое ж кажа і Паліна.
Паліна знікла на цэлы тыдзень, і Ягор хадзіў, нібы апушчаны ў мутную ваду — збіты з панталыку, здзіўлены, нават абураны. Толькі на каго? На Зарубу ён не хацеў нават пакрыўдзіцца — не мог паверыць, што той вораг, белагвардзеец. Хіба такія бываюць ворагі? Дзень і ноч пнуўся пра справу, арганізоўваў калектывізацыю, ездзіў па вёсках, агітаваў за Савецкую ўладу, лепшае сялянскае жыццё. Але і Паліне ён не мог не верыць — усё ж яна разумнейшая за яго, Ягора, мусіць, яна нешта ведае. Можа, яна яшчэ не пра ўсё кажа? Можа, у яе таксама штосьці ідзе з ГПУ?
Ён дужа сумаваў па ёй, проста прагнуў яе, толькі б убачыць, пачуць яе мілы дзявочы галасок. Ён думаў, як яна там у акрузе, на той нарадзе, мусіць, выступае і, вядома, падабаецца хлопцам. Ды і сама можа ўпадабаць каго — ці мала там прыгожых, адукаваных, разумных хлопцаў, камсамольцаў ды і сталых партыйцаў-бальшавікоў. Можа, яна ўжо і забылася на яго? Ён жа пра яе забыцца не мог ні ўдзень, як яны шыбавалі па заснежаных прасёлках, ні ноччу ў свае настылай стадоле.
Таксама як не мог забыцца і на яе апошнія словы пра Зарубу. З таго часу з нейкім інакшым пачуццём глядзеў на старшыню і слухаў, як той складна гаварыў пра калгасы, і неўлад з яго словамі ў Ягора аднекуль выпірала страшнаватая думка: «Глядзі ты, а вораг!» Ягор гнаў яе, а яна сама па сабе вярталася і зноў лезла ў галаву. Як у канцы тыдня яны зноў апынуліся за возерам, па дарозе ў мястэчка, Заруба зноў сказаў павярнуць у Кандыбічы. Праўда, на той раз начаваць не сталі — папалуднавалі толькі. Але палуднавалі не спяшаючыся, добра нагаварыўшыся, як старыя сябры. Настаўнік Арцём Андрэевіч, з дзіўным нетутэйшым прозвішчам Пстыга, частаваў іх капустай з баранінай, быў дужа клапатлівы і ласкавы і да Ягора таксама. Той добра пад’еў і чакаў, калі ехаць. А яны ўсё не маглі нагаварыцца. Усё ўспаміналі грамадзянскую вайну і сённяшнія парадкі і шкадавалі нейкага Жылуновіча, якога выключылі з партыі без дай на тое прычыны. Бо ці бачыце, удзельнічаў у пахаванні швагра па хрысціянскім звычаі. Настаўнік дужа бедаваў, і Заруба сказаў: «Дурноцце ўсё тое — ад бязглуздзіцы і неадукаванасці». — «Во, во! — узрадаваўся Пстыга. — Неадукаванасць — іхняя хіба на ўсіх узроўнях. Дзячкі яны! Нахабныя бязглуздыя дзячкі, а выдаюць сябе за архірэяў і кіруюць епархіямі. Ды якімі епархіямі! Усёй Беларуссю». — «Мабыць, так!» — пагадзіўся Заруба, кінуў стоены позірк у бок Ягора і прымоўк. Болей яны пра Жылуновіча не гаварылі.