Выбрать главу

Ягор ледзьве дачакаўся прыезду Паліны, усё ў ім перапакутавала, перабуцвела ад тае нечаканай, ранняй, не ў пару ростані. Нават не думаў ніколі, што гэтак можна прысохнуць да нядаўна яшчэ чужой, незнаёмай дзяўчыны. Ён сустрэў яе раніцай у выканкомаўскім калідоры, яна, як звычайна, ветліва павіталася, нічым, аднак, не выдаючы іхняй вялікай таямніцы, і, азірнуўшыся, кінула: «Увечары забягу». Ён чакаў таго вечара, радаваўся і пакутаваў. Ён падрыхтаваў ёй у думках безліч ласкавых слоў, прыйшоўшы трохі раней са стайні, папрасіў у Ісака самавар і два кубачкі. Гарбатка ў яго была, трохі цукру было таксама. Ісак спярша аж здзівіўся, але зразумеў нешта, затузаў барадой і ўсім сваім зарослым чорнаю шчэццю тварам. «Так, так, так… Малады чалавек… Стары Ісак таксама некалі быў маладым. I знаеш… мяне дзеўкі любілі. Ды і я іх таксама. Я табе ўсё падрыхтую і нават магу трошкі варэння. З агрэсту, смаката. Асобенна калі для жэншчыны…»

Паліна прыйшла, як ужо добра ўцямнела, ён пацалаваў яе, і яна яго таксама, але штосьці ў яе аздобе ці паводзінах адразу яго насцярожыла. Здалося, яна ў чымсьці змянілася, быццам неяк пачужэла, ці што. Ён пачаў яе ўладкоўваць на адзіным тут зэдліку ля скрыні з самаварам, на які яна нават не падзівілася, толькі выпіла кубак чаю з варэннем на сподачку. «Ну як тут жыў? Без мяне?» — узняла на яго нейкія спакутаваныя вочы, і ён не ведаў, як адказваць ёй і як паводзіць сябе. Яе нейкі чужы, надта сур’ёзны настрой быццам трымаў яго на адлегласці ад яе, і ён адказаў проста: «Ды так… Ездзілі…» — «У Кандыбічах былі?» — «Заязджалі, ага». — «Пра што ішла гаворка? Пра пастанову ЦК і СНК гаварылі?» — «Не, пра пастанову не гаварылі…» — «А пра што гаварылі?» — дапытвалася Паліна зусім чужым, нібы начальніцкім голасам, які прымусіў і яго насцярожыцца. «Ды так, пра нейкага Жылуновіча». — «Што? Пра Жылуновіча? Што дарма не арыштавалі?» — «Не, што няправільна з партыі выключылі». — «Ах, во што!..»

Паліна ўстала з зэдліка, узяла сваю сумачку з падаконніка. «Во табе папера, во аловак. Сядай і ўсё напішы. Я чакаю». — «Нашто?» — зусім здзіўлена вымавіў ён. «На тое, — адказала яна сур’ёзна, без усмешкі паглядаючы на яго. — Ну, я чакаю». Ён няўцямна пазіраў на белы аркуш паперы са сшытка ў клетку, не разумеў, што рабіць. «Дык гэта, я заўтра напішу», — сказаў ён і ўсміхнуўся. Але яна зноў надта сур’ёзна зазначыла: «Не, ты напішаш зараз. Я чакаю», — і ўтаропілася ў яго сваімі цёмнымі, надта прыгожымі вачыма, у якіх цяпер была нецярплівасць і нават незразумелая непрыязь да яго. «Ну, пачынай!» — «Ды не магу я!» — «Ах, не можаш? Тады я сама напішу. Давай аловак».

Ён аддаў ёй аловак і паперу, і Паліна, адразу засяродзіўшыся, пачала пісаць на скрыні ля самавара. Яна болей не задавала яму ніводнага пытання, нават не зірнула ў ягоны бок, — напісала старонку і сунула яе Ягору: «Падпішы!» Кепска разумеючы, што тут робіцца, Ягор пачаў разбіраць яе дробны, не надта разборлівы почырк: «Настоящим свидетельствую, что во время поездок председателя РИК Зарубы по району указанный гр-н. Заруба М. Ф. систематически и регулярно имел встречи с гр-ном Пстыго А. А., во время которых велись откровенные разговоры с осуждением политики органов, партии и правительства и восхвалением некоторых вредителей и нацдемов, например, писателя Жилуновича…»

Азевіч адарваўся ад тэксту, у ягоных вачах пацямнела. «Паліна, навошта ж так? Якія разгаворы?» — «Што, не было разгавораў?» — «Ну, дык гаварылі, але…» — «Але ты не чуў? Тады цябе самога арыштаваць трэба. Што не чуў. Бо павінен быў чуць. Калі ты таксама не скрыты контррэвалюцыянер. Падпісвай!»

Ягор вагаўся. Ён чытаў далей, думаў, можа, дзе ў канцы будзе якое тлумачэнне, якое для сябе апраўданне. Ды ўся папера была з адным сэнсам: старшынёй РВК вяліся кепскія размовы з былым белагвардзейцам Пстыгам, што і пацвярджае возчык РВК Азевіч Ягор. Ягор прачытаў усё і разгублена пазіраў то на паперу, то на такі знаёмы тварык дзяўчыны. Але цяпер гэты тварык быў зусім не такі, як заўжды. Куды толькі знікла ягоная ўсмешыстасць і з ёй мілая дзяўчачая прывабнасць. Штосьці цвярдое і зласлівае было на тым мілым тварыку. «Ну, што яшчэ смушчае?» — нецярпліва пыталася Паліна. «Ды ўсё. Нядобра гэта» — «Нядобра? Затое па-бальшавіцку. Ты гэта разумееш ці не?»