— А вам ці далёка ж трэба? — урэшце папыталася кабета.
— Ды мне недалёка. Каб трохі пад’ехаць.
Кабета варухнула лейцамі, і конь, парыпваючы збруяй, паклыбаў далей, а Азевіч толькі цяпер падумаў: куды ж гэта ён? Пад’ехаць — яно няблага, але куды? Праўда, ужо хоць тое добра, што не ў мястэчка, у другі бок, мабыць, туды і яму будзе здатна. А там прыйдзецца падумаць.
— А вы ж гэта з паліцыі будзеце? Ці, можа, парцізан? — боязна пацікавілася кабета.
— Акружэнец, — сказаў ён таксама ціха.
— А, акружэнец, — прыкметна пажывела кабета. — Гэта ж дамоў едзеце, пэўна?
— Дамоў.
— А ці далёка ж гэта вы, каб дамоў?
— Далёка, цётка, — сказаў ён.
— Во як! Далёка… Ах, горачка наша… Ды паначы. Цяперака толькі ж і можна што паначы. Удзень і праўда неяк. Во і я заначлезілася… Але малыя, як жа іх…
Прыгледзеўшыся, Азевіч зразумеў, хто яшчэ ехаў у возе з гэтай кабетай.
Захутаныя ў кажух, побач бялелі два дзіцячыя тварыкі, — насцярожаныя, мабыць, спалоханыя, яны маўкліва ўзіраліся праз змрок у начнога чалавека, што перапыніў іх на дарозе, і сказаў знарок бесклапотна:
— Не бойцеся! Дзядзя — добры.
— А я не баюся, — раптам азваўся адзін з малых. — Гэта Лёдзя баіцца. А я не баюся цябе.
— Во як! Смелы, аднак! — ціха зазначыў Азевіч, трохі здзіўлены словамі малога.
— Смелы, ага, — проста пагадзіўся той. Кабета павярнулася да іх тварам:
— Малы ён, кажа немаведама што. Які там смелы…
— Смелы, — стаяў на сваім малы.
— Маўчы, Шурка!..
Шурка, мабыць, і яшчэ хацеў запярэчыць, але тады ціхенька азвалася малая Лёдзя:
— А і ты нясмелы. Во плакаў, як татка ляжаў і з яго кроў цякла…
Усе змоўчалі, маўчаў і Шурка, і Азевіч з няёмкасці перасмыкнуў нутром, адчуўшы нейкую трагедыю гэтых падарожнікаў. Але трагедый ён ужо начуўся і набачыўся столькі, што яшчэ адна не хацела змяшчацца ў яго душы, і ён не запытаў нічога. Ды кабета, мусіць, ужо зачапілася за стрэмка свае бяда і растлумачыла:
— Гэта ж во іхніх бацьку з маткай забілі. Вязу сірот дахаты. Пляменнікі ж…
— А ў цёткі сабака ёсць, — не ў тон гаворкі паведаміў Шурка. — Жулік завецца.
— Ат, які там сабака! — сказала кабета. — Шчанюк адзін.
Азевіч, аднак, каб не дужа распытваць, стараўся зразумець, што напаткала гэтых малых, ды не шмат зразумеў і перапытаў у кабеты:
— Бацькоў — немцы? А завошта?
— Каб жа немцы! — нібы папракнула кабета. — Свае, партызаны.
— Во як! За што?
— А нізашто, — памаўчаўшы, казала кабета. — Што за немца заступіўся. Не даваў немца застрэліць. Дык застрэлілі ўсіх.
— Цікава, — выдыхнуў Азевіч, аднак не адчуваючы да таго здарэння вялікай цікавасці.
— Настаўнікі яны, Біклагі. Якраз во ля царквы жылі. Недалёка ад школы. Бацька фізіку вучыў, а матка, мая сястрыца Фанечка, нямецкую мову. Домік такі ладны мелі, яна ж, Фаня, чысцюткая такая сястрыца, усё ў іх прыбранае было, ладнае, — ці комнатка, ці ганак, усё вышаравана, аж жоўценькае. Во гэта іх і згубіла. Каб тое знаццё… Но, ты! Чаго гэта ён стаў? — здзівілася кабета, мабыць, з каня, які і сапраўды спыніўся сярод дарогі, бы спужаўся чаго. Неўзабаве, аднак, яна зразумела.
— А, гэта ж тут раздарожжа. Хутары Альхоўскія, калі ўправа, а ўлева — аб’ездзіны. Як яно цяпер лепей? — не разумела кабета, і Азевіч падказаў:
— Лепш на аб’ездзіны.
— Ага ж, і праўда, мусіць, лепш на аб’ездзіны. Но, мілая…
Фурманка трохі павярнула кудысь улева, і яны ціха паехалі ў цемры. Дарога тут стала горшая, з калдобінамі, кустоўе збоч скончылася, і неўзабаве яны апынуліся ў цёмным ветраным полі. Стала сцюдзяней на возе, Азевіч ужо ледзьве трываў дрыжыкі, дужа мерзла правая нага ў мокрым дзіравым боце.
— Яны і дзетак гэтак вучылі, каб акуратна, ветліва. Шурка во малы, яшчэ ў школу не хадзіў, а ўжо кніжкі чытаў, увесь буквар знае…
— А, буквар нецікавы, — сур’ёзна зазначыў малы. — Казкі цікавейшыя.
— Хто цяпер вас вучыць будзе, ай, дзеткі вы мае няшчасныя, — сказала і захліпала цётка. Азевіч счакаў трохі і запытаўся:
— Дык а завошта ж іх забілі ўсё ж такі? Кабета трохі памарудзіла, выцерла далоняй вочы.
— Я ж і кажу: чысценька ў іх было, во і ўпадабаў кватэру той немец. Што ў раёне за начальніка прыехаў. У рудым такім пінжаку з абвязкай на рукаве, немалады ўжо такі, дужа строгі. Стаў кватарантам…
— Бургамістр, ці што? — нагадаў Азевіч.
— А чорт яго ведае, — бургамістр ён ці яшчэ хто. Але заняў большы пакой, іх перасялілі ў бакоўню, каб да яго ні-ні. I дзяншчык там у яго, абслуга…