— А ў яго наган — во такі, у скураной сумцы. Парабел называецца, — уставіў Шурка.
— Во-во, наган ты толькі і запомніў, — наган…
— Ага, запомніў, — заварушыўся ў кажусе Шурка. — Як той дзядзя застрэліў немца, дык узяў ягоны наган і стрэльнуў у татку.
Тое ўжо ўражвала і здзіўляла, і Азевіч урэшце не стрымаўся:
— Дык завошта ж іх? За кватэру?
— А хто ж іх ведае, я ж не была там, не ведаю. Але ж людзі расказваюць: прыйшлі ноччу, паклікалі ў пуню Біклагу, ну, бацьку во гэтых. Каб немца забіць. А ён — не, нельга, дзяцей пагубіце, усіх жа паб’юць тады немцы — і бацькоў, і дзяцей. Бо куды ж ім тады падзецца. А тыя кажуць: ах ты, халуй нямецкі, фашыстаў зашчышчаеш? Ну і самі ў хату, застрэлілі немца, а тады і іх абыдвух пастралялі. Каб сведак не было, ці што? Ці са злосці? Ці чорт іх ведае чаму.
— А татку два разы стрэльнулі, — сказаў у маўклівай цішы Шурка. — Бо шавяліўся. Рукой так па грудзях і ўбок вадзіў.
— А ты бачыў? — падала ціхі голас Лёдзя. — Я дык на печы плакала.
— А я бачыў. Я пад ложкам сядзеў, а як кроў таткава пацякла аж да парога, дык я вылез. А татка і не крануўся.
Цётка пачала плакаць, а Азевіч сядзеў моўчкі, думаў. Ды і што ён мог зрабіць, чым суцешыць гэтых людзей. Можа, так было і трэба, а можа, і не. Як зразумець цяпер, хто вінаваты. Вінаваты вайна і людская жорсткасць, нянавісць і непрымірымасць, што раздзіралі людскія душы. Стралялі, нішчылі, білі — не дужа разбіраючыся, не надта мяркуючы-судзячы — абы больш крыві — і сваёй і варожай. Але ці гэта пачалося толькі з вайной, ці і да вайны было не тое ж самае… Свае з сваімі пачалі ваяваць даўно і рабілі гэта з немалым поспехам. Нездарма казалі: «Бі свой свайго, каб чужы баяўся». Чужых не надта напалохалі, а сваіх пабілі. Цэлыя горы трупаў. Цяпер, пачуўшы тую размову на начной дарозе, ён увогуле разумеў тых местачковых настаўнікаў і іхні клопат пра гэтых во дзяцей. Мабыць, любоў да іх, а не прыслужніцтва да немцаў змусіла іх пярэчыць партызанам. Але ці захацелі тое разумець партызаны? Апантаныя сваёй мэтай, можа, падагрэтыя загадам камандзіра, пабілі і тых і гэтых. Бо ўсё і добрае і благое спіша вайна.
Яны яшчэ ехалі полем, як Азевіч раптам затрывожыўся: недзе тут павінна была пачацца вялікая вёска Сакаўшчына, у якую яму лепш не патыкацца. Вёска на шляху, былы сельсавет, там, напэўна, ужо ўсталявалася паліцыя, і, мабыць, іх пярэймуць нават і ноччу.
Мабыць, яму трэба было злазіць, шукаць свой шлях-абыход.
— Цётка, а Сакаўшчына далёка? — запытаўся Азевіч, як кабета трохі прыціхла ад свайго плачу.
— Сакаўшчына? А блізка. Во масток праедзем, і Сакаўшчына.
— Тады я тут злезу, — рашыў Азевіч. — Дзякуй табе, цётка. I вы — расціце вялікія, — пажадаў ён малым. — Можа, калі лепей будзе.
— А каб жа яно было калі лепей, — загаманіла жанчынка. — Каб жа лепей. А то і да вайны, і ў вайну гэтую, каб яна спрахла. Колькі кроўкі нашае яна адбярэ…
Фурманка неўзабаве схавалася ў цемры, грукнула яшчэ коламі ў калдобінах, і ён зноў застаўся адзін сярод ночы. Сцюжа ва ўсю дацінала ягонае цела, біла дрыжака, і сагрэцца, апроч як на хадзе, было неяк.
Па-ранейшаму ставячы бокам нагу, каб не чапляцца падэшвай, ён шкандыбаў нейкай касагорынай прэч ад дарогі, далей у поле, у абход Сакаўшчыны. Вёска тая сапраўды, мусіць, была блізка, у паветры чуўся знаёмы пах дыму з комінаў. Дужа моцна дзьмуў вецер, часам проста рваў на ім полы шыняля, выдзьмуваючы рэшту небагатага яго цяпла. Рукі Азевіч трымаў у кішэнях, так яны менш зяблі, ішоў марудна, клыпаў кудысьці па касагорыне ўніз. Неяк азірнуўшыся, заўважыў, як угары дужа зачарнелася неба — над ім аж да небакраю, і толькі ён падумаў: пойдзе снег, як той пасыпаўся, бы з торбы. Вецер гнаў снегавую драбноту, асыпаў ёю травяністы дол, сек па спіне, плячах, па яго злубянелым картузе і асабліва балюча — па голых вушах. Начную далеч ураз заслала белай імглістай мітуснёй, дол высвеціўся, на вачах стаў незвычайна бялець уначы, і тады Азевіч з трывогай падумаў, куды ж ён выйдзе? Усё ж трэба б недзе схавацца ад гэтае снегавой набрыдзі, перасядзець, счакаць. Каб дзе якую будыніну ці хоць бы гушчар, хвойнік. На жаль, побач у полі не было нават дрэва, адно ва ўсю лютаваў вецер і снег. Пасля першай навалы снегавых круп панесліся буйныя сняжынкі, яны асядалі на плячах, на галаве, у зморшчынах шыняля, хутка зацярушвалі дол. Ужо ззаду пацягнуліся яго няроўныя, з земляной чарнеччу сляды. Снегу налезла ў дзіравы бот, правая ступня хутка змакрэла і пачала балюча дранцвець ад сцюжы. Зусім змакрэў яго жорсткі, зашчацінены твар, а таксама вушы і рукі. Як на тую бяду, касагорыну неўзабаве перарэзаў шэры ад снегу хмызняк, прыгледзеўшыся да якога, Азевіч зразумеў, што натрапіў на роў. Парослы кустоўем, той шырокім праваллем разлёгся ўпоперак шляху — што было рабіць? Куды яго абыходзіць? I невядома, ці далёка ён пралягаў у бакі — праз шэрую снегавую мітусню не шмат што можна было згледзець. Памарудзіўшы трохі, Азевіч палез у ягоную шэрую прорву, усё хапаючыся за слізкае сцюдзёнае сучча хмызняку, неяк упаў і крокаў колькі праехаў задам па стромкім травяністым схіле. На самым сподзе было трохі зацішней, але снег усё роўна сыпаў на ўсім прасцягу над ровам. Азевіч трохі пасядзеў, саўладаючы з дыханнем. Яму было ўжо не сцюдзёна, потна і душна; ногі, штаны і полы шыняля былі скрозь мокрыя, сэрца з натугай тахкала ў грудзях. Дужа не хацелася ўставаць, хацелася заплюшчыць вочы і сядзець так у гэтым схоўным, парослым ляшчынай рове і заснуць. Але менавіта небяспека заснуць і змерзнуць прымусіла яго напружыць рэшту сіл і ўстаць. Трэба было выбірацца з рова.