Ён не чакаў, што выбрацца з рова будзе так трудна. Боты яго слізгалі па заснежаным доле, часам разварочваючы старое лісце пад снегам. Як ён ні памагаў сабе рукамі, хапаючыся за галлё, раз за разам мусіў укленчваць, ужо разграбаючы снег каленямі, падцягваўся на руках, ступаў вышай. Прабіраўся наўкось па схіле, так было лягчэй, але той спосаб заняў процьму часу — роў аказаўся куды глыбейшы, чым яму здалося спачатку. Часам яму ўжо здавалася, што ён ніколі не вылезе з яго. За нейкім кустом на схіле сеў, пасядзеў, ліхаманкава дыхаў, упёршыся нагамі ў трухлявы пянёк, каб не спаўзці назад. Тады б ён ужо там і астаўся. У яго не асталася сілы, каб паўтарыць гэты шлях спачатку.
А снег усё сыпаў, курэў белым пылам у твар, абляпіў яго з галавы да пят. Мусіць, цяпер яго нельга было пазнаць і за пяць крокаў, так ён стаў падобны на камель ссохлага дрэва, на корч. Але ўсё ж неяк выкараскаўся на ўзровак і сеў — здаецца, ісці далей ужо не мог. Свет і рэчаіснасць засціліся ад яго мройным снегавым туманам, свядомасць яго, здаецца, таксама на нейкі час знікала ў праваллі снегавых прывідаў, і ён зноў спахапіўся, што засынае.
Заснуць было тое самае, што памерці, але памерці гэтак недарэчна ён не мог дазволіць сабе і зноў ускараскаўся на ногі.
Далей ён брыў, нібы п’яны, па костачкі грузнучы ў рыхлым снезе, слепа абмінаючы хмызняк і кустоўе драбналесся. Што будзе за тым драбналессем — лес, поле ці вёска, ён не ведаў, ён даўно ўжо страціў арыенціроўку і зусім не ўяўляў тутэйшых мясцін. У які раз падумаў хоць бы незнарок не прыбіцца да рэчкі. Рэчка яго пагубіла б дарэшты.
Рэчка, аднак, не трапілася, а драбналессе скончылася, ён зноў адчуў пад нагамі цвярдзейшае, мусіць, сенажаць ці ніву з іржэўнікам. Як заўжды, вецер у полі буяў з большым імпэтам, снегавымі крупамі сек цяпер па левай шчацэ, і Азевіч усё адварочваўся, міжволі забіраючы ўправа. Раззлаваўшыся на адарваную падэшву, якая яму надакучыла за дарогу, ён паспрабаваў зусім адарваць яе ад бота, ды не знайшоў сілы, толькі аб іржавыя цвікі да крыві абдзёр пальцы. Так і павалокся далей, дужа заграбаючы нагой снег. Добра, завея хутка засыпала ягоны след. Ён увесь час ішоў з угнутай галавой, так было зручней на ветры, і так слепа ледзьве не налез на жэрдкі. То быў паламаны, засыпаны снегам плот. Азевіч спыніўся, угледзеўся праз віхуру — непадалёк шарэлі стрэхі нейкіх будынін. Тады ён угледзеўся пільней — пад заснежанымі стрэхамі быццам чарнеліся бёрны сцяны без вокнаў; значыць, то былі не хаты, а можа, гумно — ток і павеці. Трохі нават абнадзеены такой сустрэчай, ён пералез цераз нізкія жэрдкі плота і паклыпаў да крайняй будыніны.
Гэтая нізкая будыніна, аднак, стаяла без дзвярэй, з чорнай прадранай страхой, у дол яе скрозь намяло снегу. Ён толькі зірнуў туды і павалокся да наступнай крокаў праз дваццаць. Здаецца, гэтая была спраўней, шырокія вароты былі зашчэплены на трэсачку ў прабоі — значыць, не пакінутая, мабыць, варта было туды зірнуць. Адубелымі пальцамі ён выцягнуў трэсачку і асцярожна прачыніў палавінку варотаў. На яго з цемры шыбануў летні травяны пах, у доле ад парога ляжалі пасікі снегу, а так увогуле, здаецца, тут было зацішна, і ён зайшоў, прычыніў вароты. Адразу яго абняла цемра, выцягнуўшы рукі, ён ступіў са два крокі і ўпёрся ў высокі — вышэйшы за яго — каптур саломы, асцярожна пасунуўся ўбок. Тут ягоныя рукі намацалі сцюдзёныя бёрны сцяны, а ногі ступілі на штосьці няўлежанае, шархоткае — на сухую кучу гарохавіння, ці што. Яшчэ не разумеючы, што ён робіць, Азевіч пераваліўся цераз гэты высакаваты гарохавінны горб, каб далей ад варот, бліжэй да сцяны, рукамі і нагамі памкнуўся закапацца, залезці як мага глыбей. Ён ужо адчуў, што далей не пойдзе, і прагнуў спакою, цяпла, ягонае цела здрыжэлася на ветравым снегавеі, і карцела суняцца, сабрацца ў камяк, каб як-небудзь сагрэцца. У грудзях гаркотна гарэла, дыханне доўга не магло выраўняцца, ён дрыжэў-тросся ў гарачцы і шумна і часта дыхаў Свядомасць яго спакваля марнела, у галаве ўсе неслася снегавая крутня, і ён плыў у ёй кудысь у пакутны агорклы прыцемак. У пачуццях жыло нязбыўнае адчуванне небяспекі, прыцьмелага страху, але ўжо не ставала сілы, каб адолець той страх ці што зрабіць для паратунку. Знямога была мацней за страх і за інстынкт да жыцця.