Выбрать главу

…Неяк напрадвесні, як ён чысціў на стайні Белалобіка, сакратарка паклікала яго да старшыні выканкома. Ягор таропка ўвайшоў у кабінет, Заруба сядзеў, цяжка аблегшыся на стол, неяк уважліва паглядзеў на возчыка. Той аж абмёр пад гэтым ягоным позіркам, але старшыня спярша толькі трудна ўздыхнуў і сказаў, што сёння і заўтра яны нікуды не паедуць. Калі, можа, патрэбна Ягору, дык хай бы з’ездзіў у сваю Ліпаўку, у якой, пэўна ж, не быў ад пачатку зімы. Ягор дужа ўзрадаваўся, хуценька сабраўся і запрэг Белалобіка. З даўно ўжо адвыклай радасцю борзда імчаўся знаёмай дарогай цераз знаёмыя палі і вёскі, цераз край Галубяніцкай пушчы і праз пару гадзін убачыў заснежаныя стрэхі канцавых хат пад голым суччам дрэў. То была ягоная Ліпаўка.

Дома на падворку яго сустрэла маці з пустым вядзёркам, у якім толькі што аднесла парсюку есці. Бацькі не было дома — з Нінай каторы дзень рабілі ў лесе, тралявалі бярвенне. Меліся прыехаць позна ўвечары, і ён крыху падумаў, што рабіць? Ці вяртацца ў мястэчка, ці счакаць бацьку? Рашыў, аднак, счакаць. Даў Белалобіку сена на двары, а сам з’еў яешню, што маці хуценька сасмажыла на прыпечку. Частуючы яго, яна не пераставала бедаваць пра тое, як ён там, сярод незнаёмых людзей, невядома, як і кім там дагледжаны. Яшчэ яна бедавала-скардзілася на жыццё, што ўсчалася навакол, як сялян заганяюць у калгасы, што ў калгаснікаў усё забіраюць: і збожжа, і бульбу, якое насенне, інвентар і коней. «Ой, будзе голад, ой, паямо траўкі, і мякіны не хопіць, што ж гэта робіцца! Што яны там, кіраўнікі вашы, павар’яцелі, ці што, нашто так абыходзіцца з народам, у чым ён перад імі правініўся? Ці яны нялюдзі там, у раёне…»

Слухаць тое было не надта прыемна, але тыя скаргі ўжо не былі ў навіну Ягору. На сходах ён ужо наслухаўся рознага. I ён пачаў супакойваць маці, казаў, што, можа, спярша і труднавата будзе, але затым… Дзяржава дасць трактары і камбайны, дасць добрую жывёлу, гатунковае насенне, усё наладзіцца, і людзі зажывуць лепш, чым пры аднаасобніцтве. Маці, аднак, не верыла, хаця трохі і спакайнела.

«Ну, а як жа, сынок, ты з жаніцьбай? Надоечы Настачка прыбягала». — «Настачка? А чаго?» — «Пра цябе пыталася. Кажа, за ўсю зіму ні лістка, ні прывета. Як жа быць ёй? Сватаюцца да яе з Закарыцця, дык яна пытаецца пра цябе. А я ўжо думаю, лепей бы ты з ёй ажаніўся, усё ж свая, блізкая, а то яшчэ якая камсамолка местачковая акруціць. Во тады дасць Бог нявестачку на старасць». Ягор маўчаў і думаў: як у ваду глядзіць маці. Акручвае, лічы, акруціла яго местачковая не камсамолка нават, камуністка, што яму цяпер з суседняе вёскі Настачка. Так ён і сказаў маці. «Хай не чакае. Відаць, не судзьба нам сысціся». Маці зноў заплакала, мабыць, адчуўшы і тут благое.

Настрой яго сапсаваўся ад тае навіны пра Настачку, хаця што ўжо яму Настачка! Сядзеў у застоллі, еў, а з галавы не выходзіла Паліна, тачыла пытанне: што здарылася з ёй? I як цяпер яму быць? I якая яна да яго будзе?

Увечары прыехаў бацька з сястрой, абодва змакрэлыя, стомленыя і галодныя. Бацька пад’еў трохі, вылаяўся на Савецкую ўладу і пачаў смаліць свае самакруткі. Сястра Ніна ўсё дапытвалася, як ён і што, ці добрае ў раёне начальства, ці шмат моладзі і як тая адпачывае, ці часта танцы і ці ёсць у яго там хто. Ён адказваў скупа і, дагледзеўшы каня, сказаў, што хоча спаць. З даўно не адчуванаю радасцю лёг у свой знаёмы з дзяцінства скрыпучы ложак пад наклееным на сцяне малюнкам — паўстанне на браняносцы «Пацёмкін». Згледзеў там знаёмы, разварушаны бядою гурт матросаў і перапалоханых афіцэраў з наганамі, усміхнуўся. Радасць яго на тым скончылася. Мусіць, канчалася і юнацтва.

Назаўтра раненька ён паехаў.

Маці паплакала на развітанне, бацька панура маўчаў. А сястра сказала, што прыедзе перад Вялікаднем у адведкі. Паглядзець, можа, браток прыжаніўся да якой местачковай… Памерала яго будзёнаўку, якая ёй дужа спадабалася. Відаць, спадабалася і маці, якая аж перастала плакаць.

У выканкоме, як ён толькі прыехаў, адчуў — нешта здарылася. Сакратаркі Рымы не было за сталом, у прыёмнай наогул было пуста, на дзвярах Зарубы чырванела вялікая сургучная пячатка. Азевіч выскачыў у двор, там на розвальнях ля стайні сядзеў барадаты Волкаў, курыў цыгарку. Ягор кінуўся да старога фурмана «Што здарылася?» Той няўцямна паглядзеў на яго. «А нічога» — «Як нічога, дзе Заруба?» — «Зарубу ўзялі. Ноччу» — «Ну, а кажаце, нічога», — задрыжаў Ягор. «А што ж такога? Усіх бяруць. I Скублакова ўзялі. I Фідарзона. I ветэрынара таго аднарукага. I нас хутка паберуць. Маць яго туды!.. Во жысць настала!»