Падобна, сапраўды штосьці пачыналася адмысловае, ніколі не чутае. На месца Зарубы прыехаў нейкі мізэрны злы чалавечак, да якога адразу першым прыйшоў Мілаван. Паўдня да абеду яны аб чымсь раіліся, а назаўтра была склікана сесія. З’ехалася нямала народу, засядалі ў нардоме. Такіх, як Азевіч ці Волкаў, туды, вядома, не пушчалі, што там абмяркоўвалі, было невядома. Але раённая газета надрукавала шырокі, на ўсю старонку, загаловак-заклік: «Ворагам народа — ніякай пашчады», і ўсё было зразумела. Ніжэй быў артыкул, у якім ударнік з бровара выкрываў слепату раённага кіраўніцтва, што не ўбачыла між сабой ворагаў. Іншыя аўтары таксама заклікалі да пільнасці і яшчэ раз пільнасці. Вораг між намі! Азевіч цэлы дзень сланяўся па выканкомаўскім падворку, хадзіў па вуліцы. Падыходзіў і да нардома, дзе стаяла многа саней, вазкоў і розвальняў прыезджых з сельсаветаў членаў камітэта. Там жа было і ўсё райкомаўскае начальства, і камсамол, і жанаддзел. Ягор думаў, можа, пабачыць Паліну. Да змяркання не пабачыў нікога і, перакусіўшы ў пуставатай сталоўцы, паплёўся ў сваю стадолу.
А назаўтра яго паклікалі да камсамольскага сакратара Галадкова. Гэты энергічны і гаваркі хлапец з густым чорным чубам на галаве аб’явіў, што камсамолец Азевіч каапціруецца ў райком камсамола і залічваецца на пасаду інструктара. «Так што, таварыш, здавай свайго скакуна і прыхадзі на работу. Работы процьма, а кадры слабыя, не ўберагліся ад ворагаў, двух арыштавалі органы, трэба свежыя сілы з народа, з гушчыні сялянства, а Азевіч якраз такая сіла, годзе яму круціць конскія хвасты, трэ арганізоўваць моладзь на барацьбу за інтарэсы бальшавіцкай партыі і савецкага народа». Ён і яшчэ гаварыў нешта, усё ў тым жа сэнсе, а Ягор сядзеў, слухаў і думаў, што, можа, пакуль не позна паслухаць маці і даць дзёру ў вёску, дамоў. Ды не: мусіць, позна ўжо. Ходу назад, пэўна, няма.
I трэба ж таму здарыцца — з затлумленай галавой выйшаўшы з райкома, якраз на рагу вуліц сустрэўся з Палінай. Тая спынілася, неяк няўцямна ўставілася ў яго. «Ну, віншую! Правільнай дарогай ідзеш», — сказала яна. Але ранейшай прывабнай гуллівасці ў яе голасе ён не адчуў, нешта суровае і чужое стаяла ў яе вачах. I ён запытаўся: «Гэта ты памагла?» — «Я», — сказала яна проста. — «За тое, што тады напісаў?» — «Неа. Што будзёнаўскі шлем надзеў», — загадкава адказала яна і, не развітаўшыся, пабегла па вуліцы. Ягор пастаяў, не ведаючы, што думаць, як цяпер адносіцца да Паліны. Усё ж ён спрабаваў з ёй сустрэцца яшчэ і сустракаўся, але ўсё на людзях — то ў райкоме, то на вуліцы, і Паліна заўжды стрымана суха віталася, і не больш. Называла яго «таварыш Азевіч», — быццам забылася, як яго імя і як яна звала яго раней. Ён яе не называў ніяк. Клікаць Палінай было ўжо няёмка, а па прозвішчы таварыш Пашына не паварочваўся язык. Неяк, аднак, абыходзіўся.
Хай сабе Заруба быў і вораг народа і выкрыты белагвардзеец, але Ягор у яго сяму-таму навучыўся. Ну, хоць бы як выступаць. Наслухаўшыся за зіму ягоных прамоў, ён зразумеў, што галоўнае ў іх — упэўненасць. Не так важны словы, як важны тон, якім іх гавораць. Заўжды трэба настойліва, упэўнена, напорыста, не шукаць словы, не мычаць і думаць, а рэзаць першыя, што ідуць з языка. Тады будуць слухаць і будуць верыць. Бо як не паверыць таму, хто гаворыць гэтак упэўнена?
А гаварыць даводзілася процьму прамоў і выступленняў. Кожнага дня зноў раз’езды па вёсках, хутарах і сельсаветах, і скрозь — сходы, сходы, нарады, паседжанні. Азевіч хутка і без натугі спасцігаў сэнс новай работы, галоўным у якой безумоўна было паскараць тэмпы калектывізацыі. I яшчэ выбіваць выкананне планаў нарыхтовак збожжа, мяса, малака, яек, воўны і асабліва льну. Адны толькі льнонарыхтоўкі неслі столькі клопату, што ад іх круцілася ў галаве і не было спакою многія тыдні.
Часам у рэдкія вольныя вечары да яго ў пустую стадолу прыходзіў гаспадар гэтай дамоўкі стары Ісак. Сапучы астматычнымі грудзямі, сядаў на зэдлік у парозе і заводзіў даўгую і нудную гаворку, якую Азевіч не ведаў, як скончыць. Звычайна ён пачынаў з міжнароднага становішча, у якім яго найболей цікавілі праблемы сусветнай рэвалюцыі. «Калі ж гэта там паднімецца рабочы клас, ці не хопіць ужо яму спаць, цярпець сусветны буржуйскі прыгнет? Ды і мы тут марнеем, адны будуючы камуну, ды ходзім у дзіравых ботах». Азевіч спасылаўся на аб’ектыўныя прычыны ў гэтае справы, упамінаў здраду справе рэвалюцыі з боку сацыял-дэмакратаў, а Ісак, жмурачы цёмнае вока, уважліва слухаў яго тлумачэнне і зноў пытаўся: «Можа, вы скажаце, таварыш, чаму гэта спаборніцтва так шпарка разгарнулася, што мануфактуры няма ні ў мястэчку, ні ў горадзе, а чэргі, калі яе прывязуць, становяцца ад царквы да рэчкі?» Азевіч тлумачыў пра цяжкасці з вытворчасцю, а Ісак ужо меў новае пытанне: «Дзе мы будзем купляць яйкі, як калектывізацыю выканаем на сто працэнтаў? Во і цяпер дзесятак каштуе на рынку пяцёрку. Хіба гэтак было пры цару?»… Такіх і іншых пытанняў у яго было процьма, і, адказаўшы на першыя, Азевіч пачаў злаваць на гэтага яўрэя, які не спрачаўся, не абвяргаў яго тлумачэнні, цярпліва і да канца іх слухаў і пытаўся зноў. Ды так, што, відаць было — не надта той яму верыць. Хутчэй за ўсё не верыць. Але навошта тады пытаецца?