Органы між тым рэгулярна прарэджвалі раённае кіраўніцтва, хапалі ўвесну, хапалі ўлетку. Азевіч даўно ўжо не ламаў галаву над пытаннем: завошта або каго ўзялі? I ён, і ўсе навокал ведалі, што могуць узяць кожнага, абы знайшлася якая прыдзірка. Зрэшты, і без прыдзіркі бралі таксама. Тое было як лёс, як знянацкая благая хвароба. Між тым, не зважаючы на старанную працу ГПУ, работнікаў апарату не меншала, нават большала. У райком прыслалі новага першага — доўгага і худога, бы жардзіна з плота, таварыша Дашэўскага. Невядома, дзе ён рабіў раней, мусіць, на чыгунцы, бо з’явіўся ў чорным чыгуначным шынялі і чыгуначнай гімнасцёрцы. Твар меў хваравіты, худы і ў зморшчынах, але характар паказаў жалезны. Гэты зусім быў скупы на словы, выступаў рэдка, мала і брыдка, са смакам лаяўся. На кожнай нарадзе ён некага выкрываў, называў нацдэмам ці польскім шпіёнам, і таго ўночы бралі органы Мілавана. Апарат у таго таксама пабольшаў Аднекуль прыехалі два хлопцы-гэпэушнікі, якія пакуль што хадзілі ў цывільным і ўсё нешта вынюхвалі па канторах, гарталі дакументы, асабістыя справы і маўчалі. Служачыя са страхам пазіралі на іх і чакалі вынікаў.
Аднойчы ў рэдкую вольную нядзелю, прыехаўшы з раёна, Азевіч надумаў схадзіць у лазню. Там, аднак, сабралася чарга, і ён з венікам на каленях сядзеў на лавачцы побач з пяццю мужыкамі — чакаў. Было сонечна, цёпла, ужо распусцілася лістота на дрэвах, буяла вясна. Якраз у той час з лазні выйшаў распараны, счырванелы Мілаван разам з адным са сваіх новых хлопцаў. Выціраючы ручніком потную, свежа паголеную галаву, ён заўважыў Азевіча і кінуў яму: «Падыдзі». Ягор у думках паслаў яго на тры літары, але мусіў падняцца і павітацца. «Ты ўсё ў Ісака жывеш?» — запытаў гэпэушнік. «У Ісака» — «У яго, кажуць, пакой вольны?» — «Можа, і вольны, — сказаў Азевіч з палёгкай, што гаворка не пра яго — пра іншага. — Я ж адзін займаю». — «Ёсць, ёсць у яго яшчэ жылплошча», — казаў Мілаван, уладкоўваючы на лысай галаве форменны картуз з сінім верхам і чырвоным аколышам. Побач моўчкі стаяў з пакункам бялізны ў руках ладны, спартыўнай паставы яго супрацоўнік, уважліва слухаў. «Ты во што, Азевіч, пагавары з Ісакам. Трэба во таварыша Кмета ўладкаваць. Усё ж сям’я, двое малых, а жыць няма дзе. Пагавары з яўрэем. А заўтра скажаш». — «Добра, што ж, пагаварыць можна», — сказаў няпэўна Азевіч. «I ўгаварыць, — дадаў Мілаван. — Гэта табе наша заданне. Ад органаў. Лады?»
Яны пайшлі сабе з падворка да вуліцы, а Азевіч у думках зноў вылаяўся. Называецца, атрымаў заданне. Хай бы самі ішлі і гаварылі. I прасілі Ісака. Ён тады доўга, з асалодай мыўся, як дачакаўся свае чаргі, ленай хадой ішоў дадому, нібы адцягваючы момант непрыемнай размовы. Быў амаль упэўнены, што Ісак не пагадзіцца — нашто яму сям’я, ды яшчэ з малымі дзецьмі. Так у іхнім гародчыку разрасталіся кветкі, узышлі вяргіні, а з дзецьмі… Асабліва калі хлапчукі. Зноў жа і садавіна — некалькі яблынь расло за хляўкамі, хаця цвету ў тым годзе было не надта, яблык мелася быць небагата. Але хлопцы папораць астатнія, тое ён па сабе ведаў. Тым не менш трэба было пагаварыць з гаспадаром, хоць бы перадаць яму просьбу галоўнага іх гэпэушніка. I ён надвячоркам пастукаўся ў каморку да Ісака.
Мабыць, стары яўрэй таксама меў выхадны і сядзеў дома. Азевіч застаў яго ля стала з нейкаю чорнай кніжкай у руках і ў ярмолцы на галаве. Ісак не здзівіўся прыходу кватаранта, ветліва пасадзіў яго ў высокае, але вузкае крэсла з такім жа высокім падгалоўнікам. «Я да вас па справе, — адразу пачаў Ягор. — Кажуць, у вас ёсць вольны пакой…» — «Пакой? — здзівіўся Ісак. — Які гэта пакой? Гэта куратнік, а не пакой. Хіба ў такім пакоі можа жыць прыстойны чалавек? Во, паглядзіце самі, во, хадзіце сюды». Ён расчыніў дзверы ў суседні пакой і даў Азевічу зазірнуць туды. Ну так, пакой быў даволі нехуцавы — не то сенцы, не то кухня пры адным акенцы ў двор. «Разумееце, — сказаў Ягор, — упаўнаважаны ГПУ таварыш Мілаван просіць уладкаваць свайго таварыша. Сям’я, а жыць недзе».