I праўда, не скончылася добра — скончылася нават дужа кепска.
На пачатку восені, калі ўжо выбіралі бульбу, Азевіч позна ўвечары вярнуўся з дальняга канца раёна, дзе ён тры дні прабыў з Вайцяшонкам. Стварылі дзве камсамольскія арганізацыі, у трох правялі сходы. Стаміўся, бы цюцька, а тут яшчэ спазніўся ў сталоўку і лёг спаць галодны. Праўда, заснуў адразу і, здалося, толькі заснуў, як у дзверы пастукалі.
Ніхто ніколі да яго не стукаў — ды так моцна, што ён хуценька падхапіўся, надзеў галіфэ. На парозе стаяў сусед Кмет, ужо не ў цывільным, а ў поўнай гэпэушнай форме, з партупеяй і рэвальверам на баку. «Пойдзеце панятым!» — «Куды?» — не зразумеў Азевіч. «Тут недалёка. Цераз сцяну». — «Што значыць — цераз сцяну? — ашаломлена думаў Азевіч, нацягваючы цераз галаву гімнасцёрку. — Што гэта значыць?» Але што тое значыць, здагадацца было няцяжка. Як ён увайшоў у Ісакаў пакой, усё зразумеў адразу. Там усчынаўся вобыск. За сталом пад лямпай сядзеў Мілаван, нешта пісаў, а чалавекі тры гэпэушнікі выкідвалі з куфра і камода нейкія Ісакавы лахманы, некалькі чорных яўрэйскіх кніжак. Стары Ісак, заклаўшы назад рукі, стаяў у сподняй кашулі ля самага парога. Усе маўчалі.
Азевіч чуўся збянтэжаным, быццам у чымсь вінаватым, хоць да таго, што тут адбывалася, не меў дачынення. Але ўсё ж, здавалася, меў. Можа, як паняты? Ці яшчэ хто? Ён пазіраў, як шкуматалі, кідалі па падлозе Ісакава варахоб’е, і зразумеў, што нічога пэўнага яны і не шукалі, што вобыск рабіўся хутчэй дзеля прыліку. І праўда, нічога яны не знайшлі, апроч некалькіх кніжак, назвы якіх Мілаван не мог прачытаць і запытаўся ў Ісака. Ісак няўцямна цепнуў плячыма. «То, ваша міласць, тора, а гэта талмуд». — «А, то ваша біблія? — зразумеў гэпэушнік. — Ну што ж, возьмем у якасці вяшчэственнага даказацельства». Ісак яшчэ цепнуў плячыма і не адказаў нічога. Увесь яго апанураны выгляд сведчыў пра поўную пакорнасць лёсу ці гэтым начным гасцям. Вобыск хутка быў скончаны. Раскіданых рэчаў, вопраткі, нейкіх запыленых трантаў ніхто не збіраў, і Мілаван даў падпісаць пратакол. Ісак пакорна падпісаў, уздыхнуў і адышоўся ў парог. Падпісаў Азевіч, і Мілаван устаў з-за стала. «Вы апраніце што», — сказаў ён Ісаку будзённым голасам і смачна пазяхнуў — час быў позні. Ісак зразумеў, што значыць апрануць, кінуўся ў кут, дрыготкімі рукамі перабіраў апратку на цвіку, узяў нейкую куртку, павярнуўся да Кмета: «Хацеў сказаць, таварышы, будзеце паліць у печы, дык гэта… Комін там, комін трэба паглядзець. Абмазаць трэба, а то дым праходзіць, дык гэта, можа, агонь…» — «Ужо не твой клопат, — груба перапыніў яго Мілаван. — Дагледзяць, каму трэба будзе».
Яны ўсе выйшлі. Апошні выходзіў Кмет, дзьмухнуў на лямпу, і ў пакоі стала цёмна. Азевіч паплёўся да свайго ганка. Ноч выдалася цёплая, ціхая, мігцелі зоркі ў небе. Азевіч падумаў, што, мусіць, і ён тут пражыве нядоўга.
Тое ён вызначыў пэўна. Адразу ж пасля Ісакавага арышту ў пакой былога гаспадара ўсяліўся другі гэпэушнік — таксама з вялікай сям’ёй — дваімі дзецьмі, хлопчыкам і дзяўчынкай, і нейчаю старой маці — яго ці ягонай жонкі. Навасельцы пачалі ўладкоўвацца як мае быць і надоўга — пераставілі, перамянялі месцамі Ісакаву мэблю, ушчэнт здратавалі гародчык з кветкамі. Вокны на вуліцу завесілі нейкай шэрай тканінай, праз якую не прабівалася святло нават 12-лінейнай лямпы. З прызбы ў двары знікла невялікая лаўка, на якой у цёплыя вечары любіў задумліва пасядзець Ісак. Затое воддаль пад топалем зрабілі фізкультурны турнік, увечары гэпэушнікі круцілі на ім «сонца». I ўсё ж дзвюм сем’ям тут было цеснавата, таму няўтульна, і неяк уранку, як Азевіч збіраўся на работу, да яго зайшоў Кмет. «Во, дык у цябе тут прастор, не тое, што ў мяне. Як у клубе! Толькі сцэны не хапае. Колькі метраў будзе?» — пытаўся ён, стоячы сярод пустой стадолы. «Чатыры на пяць, — сказаў Азевіч. — Усяго дваццаць метраў». — «Ды ўжо ж дваццаць. Калі чатыры на пяць». I гэпэушнік памераў пакой крокамі — спярша ўдоўжкі, а пасля і ўпоперак. «А ў мяне пятнаццаць. Учці, на чацвярых. Несправядліва? Як ты лічыш, таварыш Азевіч?» — «Я не выбіраў», — стрымана сказаў Азевіч. «Ясна, ты не выбіраў, не было мажлівасці. Жылплошчу займаў буржуазны элемент. А цяпер мы яго — к ногцю. Цяпер мы можам і выбраць». — «Выбірайце, — пакорліва адказаў Азевіч. — Ваша права…»
Болей яны пра тое не гаварылі, Азевіч паехаў па вёсках і думаў, што, мабыць, трэба саступіць. Во зробяць тое, што зрабілі з Ісакам, гэтыя ні перад чым не спыняцца. Вяртаючыся на фурманцы з Вайцяшонкам, сказаў, што мусіць шукаць кватэру. Вайцяшонак яго зразумеў. Сказаў толькі: «Рабі лататы, і найхутчэй. Пакуль што можаш у мяне пажыць. Пакуль дачка ў цешчы». У той жа вечар Азевіч сабраў у тарбіну сваё небагатае майно і перайшоў да Вайцяшонка. У стадолу, якая на год дала яму прытулак, ён болей не заглянуў ні разу.