У Вайцяшонка ён пражыў тыдзень ці трохі болей, пакуль ягоная жонка-настаўніца не напытала Ягору кватэру праз чатыры хаты ад сваёй на той жа вуліцы. Гэта была старэнькая, урослая ў зямлю хацінка на нізкім беразе рачулкі, буйна аброслай лазняком ды алешнікам, жыла ў ёй ціхенькая, бы матылёк, старая бабка Мальвіна, палавіна хаты была пустая. Там і пасяліўся Ягор.
Аднак тым разам у Мальвінінай хатцы ён пражыў нядоўга — з Менска прыйшла папера паслаць аднаго райкомаўца на камсамольскія курсы. Першы сакратар, канешне, прызначыў Азевіча як самага маладога, да таго ж той прыкметна недабраў граматы ў школе, і Азевіч тры месяцы пражыў у гаманкім інтэрнаце каля Нямігі, зубрыў бальшавіцкую навуку, нічога навакол не прыкмячаючы — ні горада, ні тэатраў, ні нават дзяўчат. Было цяжка, часам невыносна, але ён стараўся з апошніх сіл, трэба было набрацца бальшавіцкай навукі, стаць нароўні з іншымі.
I вось позняю восенню, па зазімку, ехаў на сялянскай фурманцы са станцыі. У ягонай кішэні ляжала невялічкая паперка-даведка, якая, безумоўна, сведчыла, што ён няблага адукаваны, асабліва па камсамольскай справе, вывучыў усе тонкасці арганізацыйна-маладзёжнай работы і яшчэ што-нішто з тэорыі марксізму-ленінізму. Экзамен па філасофскай працы таварыша Сталіна «Пытанні марксізму-ленінізму» ён здаў на «выдатна» і лічыў сябе тэарэтычна падрыхтаваным. Прынамсі, не горш за сваіх ранейшых сяброў па камсамолу, якія хоць і прыйшлі сюды з настаўнікаў, але такіх курсаў ніхто з іх не скончыў. Аднак ён трохі сумняваўся, ці трапіць на сваю ранейшую пасаду ў райкоме — усё ж мінула тры месяцы, і, мусіць, пасаду інструктара для яго не трымалі. Узялі іншага. А куды прызначаць яго?
У іхнім райкоме камсамола (пра тое ён чуў яшчэ ў Менску) тым часам адбыліся некаторыя змены, прыйшоў і новы першы сакратар, якога Азевіч не ведаў і нават не бачыў ніколі. Гэта быў даволі жвавы і ўедлівы хлопец па прозвішчу Маладцоў, які адразу ўчыніў яму беглы экзамен па палітграмаце. Экзамен гэты Азевіч вытрымаў лёгка, бо ўсе тыя пытанні пра змычку горада з вёскай, ролю камсамола ў калектывізацыі, пра рашэнні XV з’езда ВКП(б) ён ведаў адмыслова — з газет і нядоўгіх заняткаў на курсах. Ты больш, як хутка адчуў Азевіч, гэты камсамольскі сакратар сам быў не надта каб палітычна падкаваны і зблытаў апошні пункт рэзалюцыі з абвесткай работы з’езда. Ну але ў такіх справах Азевіч ужо быў спрактыкаваны і лёгка, як бы з прабачэннем, паправіў сакратара райкома. Размова скончылася тым, што Азевіч папрасіўся на якую работу ў камсамоле. Сакратар трохі паморшчыўся, сказаў, што пра тое яму трэба параіцца з партыйным кіраўніцтвам, а вось на лесапільню кіраўніком тамашняй камсамольскай ячэйкі ён можа яго накіраваць хоць сёння. Лесапільня, канешне, не надта вабіла Азевіча, ён трохі разумеў, якая там была праца, але пагадзіўся. Калі часова, канешне, тым і дамовіліся. Шукаць у мястэчку кватэру яму не спатрэбілася. Мальвініна хатка па-над рэчкаю была не занята, і бабка з прыкметнаю радасцю прыняла яго, нават добра напаліла печку на ноч, што раней рабіла нячаста.
Ужо на другі дзень зранку новы сакратар падаўся на лесапільню. Там быў немалы калектыў працаўнікоў і ячэйка КСМ, але не было сакратара. Куды той прапаў, Азевіч дазнаўся пасля, а тады нетаропка крочыў акрай мястэчка за лазню. Чуваць было, дзесьці там дыхавічна пыхкаў стары паравічок і раз-пораз вісчэла піла-цыркулярка. У той жа вечар камсамольцы лесапільні без вялікага абмеркавання абралі яго сакратаром, а назаўтра ён ужо ўпрэгся ў працу па распілоўцы хваёвых бёрнаў — працу нялёгкую, па плячы хіба што маладым, дужым хлопцам. Ды ён і быў малады і дужы, цяжкая праца яго не палохала. Горш было з людзьмі, асабліва маладымі, нават некаторымі камсамольцамі, у якіх яшчэ жыла процьма старых, прыватнаўласніцкіх звычак; некаторыя не супроць былі выпіць, схадзіць куды патуляцца з местачковымі дзеўкамі або на танцы ў бліжнюю вёску. Многія святкавалі рэлігійныя святы — шчоўкалі арэхі на Каляды. Трэба было нямала настойлівасці, каб прынадзіць іх да вучобы па палітграмаце, прывіць ахвоту да лекцый і дакладаў, да антырэлігійнай прапаганды. Ён сам спаў не болей чатырох гадзін у суткі, бо, апроч працы на лесапільні, яшчэ нямала часу (асабліва па вечарах) праседжваў на розных нарадах у райкоме, а то ездзіў з кім-небудзь па раёне арганізоўваць калгасы ці выбіваць план па льнонарыхтоўках. Для ўмацавання працоўнай дысцыпліны і прывіцця бальшавіцкіх навыкаў працы ў канторы павесілі вялікую фанерную дошку, адна палавіна якой была пафарбавана ў чырвоны колер, а другая ў чорны. Гэтая простая рэч адыграла немалую ролю таксама ў сацыялістычным спаборніцтве, якое разгарнулася на лесапільні. Трапіць на чорную палавіну аказалася такой ганьбай, што разы два некаторыя аж біліся з учотчыкамі, то паміж сабой, а болей з тымі, хто трапляў на чырвоную. Дырэктар лесапільні Хвошч хацеў нават зняць дошку, але камітэт камсамола стаў за яе гарой і не даў зняць, толькі перавесілі яе з калідора ў бухгалтэрыю, бо ў калідоры разоў колькі хлопцы перапісвалі прозвішчы па-свойму. Справы на лесапільні і ў ячэйцы сапраўды патроху наладжваліся, праз які месяц Азевіча ўжо хвалілі ў райкоме — за актывізацыю заняпалай ячэйкі. Разоў колькі на лесапільню наведваўся таварыш Маладцоў, часта бываў на сходах інструктар Вайцяшонак. З гэтым апошнім Азевіч працягваў ранейшае сяброўства, тым болей што жылі па суседству, хоць і не рабілі разам. Азевіч тым часам ужо прывык да свае новай кватэры ў ціхай бабкі. Хатка была нехуцавая, аброслая кустоўем, затое то быў ціхі, утульны куток збоч вуліцы. Жывёлы якой бабка не мела, апроч хіба ласкавай белай кошачкі, што дужа палюбіла кватаранта і як толькі ён прыходзіў дамоў, кідалася яму ў ногі, лашчылася ды загадкава мяўкала. Зрэшты, Азевічу рэдка выпадала лашчыць кошку. Хацелася паспаць хоць колькі гадзін, увесь астатні час ён гібеў на сваёй лесапільні, дзе была процьма працы, людской калатнечы і клопату.