«Можа, і так», — падумаў Азевіч, спрачацца яму з Дарошкам не выпадала, адчуваў, той па навуцы і нават палітграмаце быў мацнейшы за яго. Вядома, чалавек скончыў педтэхнікум, не тое што Азевіч… Праўда, Азевіч прайшоў немалую працоўную загартоўку, меў вопыт камсамольскай работы і цяпер належаў да рабочага класа — авангарду сацыялістычнай рэвалюцыі. Мабыць, гэта не менш, чым педтэхнікум. Тым больш калі Дарошка — нацдэм. Але ўсё ж… Вялікай упэўненасці ў сваёй праваце Азевіч не меў, ён адчуваў адно: у ведах гэты чалавек быў куды за яго мацнейшы.
Так яны прарабілі зіму на тае лесапільні. Дарошка ўжо зусім асвойтаўся са шмат якімі аперацыямі па дрэве — не толькі на таварным ці сыравінным двары, але ўжо разоў колькі парабіў нават рамшчыкам. I хоць увогуле сілы ў яго былі небагатыя, але не наракаў, стараўся рабіць нароўні з усімі. I тады неяк напрадвесні з райкома загадалі правесці абмеркаванне працэсу перавыхавання нацдэма. Быццам падвесці вынікі.
Сход праводзілі пасля працы, на штабялях дошак у цэху. Сабралася з паўсотні народу, усе ў пілавінні, стомленыя ад працы, але са стрыманай цікавасцю на шэрых тварах — усё ж не кожны месяц абмяркоўваюць такую справу, як перавыхаванне нацдэма. Пад цьмянай электрычнай лямпачкай за сталом села начальства — сваё, з райкома чамусьці не было нікога, і Азевіч расказаў, хто такі Дарошка і чаму спатрэбілася тое перавыхаванне. Гаварыў ён нягучна, стараўся без злосці, але ўжо з тым металам у голасе, да якога прызвычаіўся апошнім часам, на камсамольскай пасадзе. Затым з першага рада ўнізе падняўся Дарошка і коратка расказаў пра сябе, — што ўвогуле праца для яго не навіна, што ён сялянскі сын і ўсю маладосць рабіў на гаспадарцы ў бацькі, пасля, як вучыўся, таксама — каб з’есці кавалак хлеба, часцяком ірваў кішкі на станцыі, разгружаў вагоны. Мабыць, таму на лесапільні яму было не горай, чым у якім іншым месцы, бо праца ўсюды ёсць праца. Пасля Дарошку пачалі задаваць пытанні: пра нядаўні з’езд таварыства «Далоў непісьменнасць», класавую барацьбу ў краіне, згубнасць правага ўхілу і шкоднікаў з наркамзема Беларусі. Дарошка лёгка і канкрэтна адказваў, нідзе не памыліўшыся, як адзначыў Азевіч, які пільна слухаў кожнае яго слова, нібы той быў яго вучань і цяпер трымаў нялёгкі і адказны экзамен. Усё ж ён хацеў, каб справа перавыхавання скончылася паспяхова. Пры канцы ўжо нехта з цьмяных задніх радоў запытаўся пра бацьку, зямлю, колькі гектараў тае было ў гаспадарцы. Людзі прыціхлі, думалі, мабыць, што тут і ёсць тая загвоздка, праз якую настаўнік трапіў у лапы страшных нацдэмаў. Інакш чаму б раптам сялянскі хлопец — нацдэм! Але і тут нечаканкі не адбылося: у Дарошкавага бацькі было ўсяго чатыры дзесяціны зямлі, адзін конь, адна карова. I ўсё. У абмеркаванні настала кароткая паўза, мабыць, ужо не ведалі, пра што пытацца яшчэ, і тады з цёмнага кутка з-за піларамы ступіў распілоўшчык Каламашка. Як заўжды, напусціўшы на сябе партыйнай важнасці, сказаў: «Гэта добра, што не кулацкі сын, хоць і не бядняк, як я разумею, але адкажы ты мне во на якое пытанне: во ты і вучыцель, і граматны, а чаму ты, браце мой, па-беларуску гаворыш?» I змоўк. Стала ціха, людзі сядзелі насцярожаныя, мабыць, у тым пытанні ўчулі штосьці благое, Дарошка спакойна так адказаў у тым сэнсе, што беларуская мова — яго родная мова, таму ён на ёй і гаворыць. Азевіч тады падумаў, што тое пытанне Каламашкі, мабыць, ужо занадта, наўрад ці яно адносіцца да абвесткі сходу, і сказаў, не ўстаючы: «У нас свабода, таварышы, кожны мае права размаўляць, як хоча». Нехта падтрымаў яго, сказаў да Каламашкі: «Ты ж сам па-беларуску гаворыш». На што, аднак, Каламашка з’едліва і важна зазначыў: «Ага, я — па-беларуску, бо я малапісьменны, а ён жа настаўнік. Дык чаму ён цураецца па-расейску?»
У цэху зноў усе прыціхлі, мабыць, гэты довад Каламашкі быў зразуметы як правільны, і Азевіч не ведаў, як тут паставіць сябе, тым больш што Дарошка таксама нешта буркнуў пад нос і стаяў, угнуўшы галаву, нібы ў здранцвенні. Мусіць, трэба было прымаць рашэнне, яно было нарыхтавана ў паперцы ў Азевіча, але ў той час да яго нахіліўся Цецярук, загадчык лесапільні, і сказаў, што рашэнне трэба адкласці. Чаму адкласці, Азевіч не зразумеў, але старшыня сходу ўжо аб’явіў, што рашэнне аб перавыхаванні грамадзяніна Дарошкі адкладваецца на пасля, і сход перайшоў да наступнага пытання — збору сродкаў для зняволеных па лініі МОПРа.