Выбрать главу

Трохі расхваляваны і нават раззлаваны, Азевіч тупаў у вечаровых прыцемках дадому. Пасля сходкі яго затрымаў Цецярук з Петраковым — усё наконт Дарошкі, тлумачылі, што таму не пашкодзіць яшчэ пару месяцаў парабіць у рабочым калектыве, маўляў, яшчэ не перавыхаваўся. Але чаму не перавыхаваўся, таго яны не сказалі, мабыць, самі не ведалі; Азевіч жа, які ведаў болей за іншых, пачынаў думаць, што таму і перавыхоўвацца не было чаго. Ніякіх шкодных ці там варожых намераў ён не чуў ад Дарошкі, а веды… Ведаў ягоных ад таго, што ён папрацуе на пагрузцы ці на тралёўцы, у яго не зменшае. Калі б не паболела нават. Але во паспрабуй дакажы тое цвердаскураму Каламашку. Ці загадчыку нават.

На рагу ля местачковай сталоўкі, куды скіраваў Азевіч запознена павячэраць, ён нечакана сутыкнуўся з Мілаванам. Той, мабыць, знарок выглядваў яго, бо адразу, павітаўшыся, павярнуў у ягоны бок. «Што, у сталоўку?» — «У сталоўку», — пацвердзіў Азевіч, адразу сцяміўшы, што тая сустрэча не так сабе. «Дык вячэрай і зайдзі да нас. Справа ёсць», — сказаў Мілаван і перайшоў на другі бок вуліцы. Не спадабалася тая сустрэча Азевічу, ён ужо стаў здагадвацца, якая ў іх была да яго справа. Добра выгаладаўшыся за дзень, ён, аднак, без вялікай увагі з’еў талерку гуляшу ў пуставатай сталоўцы, запіў цёплым чаем і выйшаў на вуліцу. Надта не хацелася яму ісці ў той белены папоўскі дамок пад ліпамі, але і як было не пайсці? Трохі павагаўся і таропкім крокам пайшоў — мусіць жа, яго там чакалі.

I праўда, чакалі. За сталом, пакрытым усё тым жа чырвоным, толькі ўжо ў плямах паркалём, сядзеў зябка ахінуты шынялём Мілаван, з-пад ілба строга зірнуў на яго і, не адказаўшы на ягоны «вечар добры», папракнуў: «Змушаеце чакаць». Азевіч змоўчаў, зразумеўшы папрок, прысеў на табурэт. Мілаван выкруціў трохі кнот у вялікай лямпе, што вісела над сталом, у пакоі стала відней. «Ну, як сабранне? Перавыхавалі нацдэма?» Азевіч стрымана адказаў, што сход вырашыў адкласці гэтае пытанне на потым. «Чаму ж на потым? Вы што ж, будзеце яго перавыхоўваць да перамогі сусветнай рэвалюцыі? Хто вам дасць столькі часу?» Азевіч памаўчаў, згадваючы, як лепш адказаць гэтаму прыдзіру-начальніку, які, утаропіўшы ў яго нахмураны позірк, чакаў. «Ці ён не паддаецца перавыхаванню?» — «Не, чаму? — сказаў Азевіч. — Працуе няблага». — «Працуе! Працаваць ён будзе, куды дзенецца. А вось што ён гаворыць? Пра свой нацдэм што гаворыць?» — «Пра нацдэм не вельмі…» — «Не вельмі? А ты хацеў, каб яшчэ і вельмі? Сувязь з кім трымае?» — «Сувязь? — здзівіўся Азевіч. — Якую сувязь?» Пра сувязь ён нічога не чуў, але Мілаван тут жа задаў новае пытанне: «З Дударом бачыўся?» — «З якім Дударом?» — не зразумеў Азевіч. «З пісацелем Дударом. На пачатку лютага прыязджаў да яго. Ці вы там разам былі? Можа, ён і вас ужо ўцягнуў у тую зграю?»

Трохі памарудзіўшы з адказам, Азевіч прыпамятаў адзін нядаўні выпадак — сапраўды на пачатку лютага. Неяк у выхадны ён забег да Дарошкі, каб аддаць часопіс «Полымя рэвалюцыі», які браў надоечы з цікавасці да артыкула Лукаша Бэндэ, і ў парозе сутыкнуўся з незнаёмым хлопцам у кажушку, той ужо развітваўся з гаспадаром. Тады ён толькі і пачуў адну фразу: «Дык напішыце, калі што». Хлопец пайшоў, а Азевіч, калі яны засталіся ўдвух, запытаўся пра яго, і Дарошка неахвотна адказаў: «Ды так, прыезджы адзін». Мабыць, то і быў Дудар, пісьменнік. Але што цяпер мог Азевіч? Схлусіць, што ні з кім не страчаўся, у яго не хапіла адвагі — а раптам гэтыя ўсё ведаюць? I ён коратка расказаў пра тую сустрэчу на парозе.

«Значыць, сказаў: напішыце? А пра што напішыце?» — утаропіўся ў яго Мілаван.

«Во гэта не ведаю», — прастадушна цепнуў плячыма Азевіч. «Дык мы ведаем, — холадна сказаў гаспадар пакоя. — Пра нацдэмаўскую агітацыю. Да, да… Агітацыю на лесапільні. А ты думаў! Во што, бяры ручку і пішы». Рашучым жэстам ён падсунуў да госця чарніліцу з ручкай на беражку, паклаў аркуш паперы. «Што пісаць?» — «Што чуў, прыйшоўшы. Пра змову весці нацыяналістычную агітацыю». — «Дык я ж не чуў нічога», — разгубіўся Азевіч. «Ах, не чуў? Ці не хочаш паведаміць? Але ўспомні Зарубу!»

Азевіч знерухомеў, адчуўшы, як па ягоным целе забегалі мярзотныя мурашы, — сапраўды стала боязна. Ён і без напамінку добра памятаў свой колішні подпіс — лёс старшыні выканкома заўжды стаяў перад ягонымі вачыма. I ён ціха, але цвёрда сказаў: «Не, пісаць нічога не буду. Я нічога не ведаю». — «Не ведаеш?» — «Не ведаю». Мілаван тады ўскочыў за сталом, дужа грукнуў па ім кулаком і закрычаў, завісчэў — напружыўшыся сваім хілаватым целам: «Ды ты думаеш, што гаворыш? Ты адмаўляешся дапамагаць органам выкарчоўваць беларускіх фашыстаў! Ты іх абараняеш! Ты сам даўно ў іхняй арганізацыі! I ўжо выконваеш іхнія заданні…»