Ён не ведаў, колькі мінула часу, як ён запоўз сюды, і наогул які цяпер час, толькі аднойчы раптам расплюшчыў вочы і ўбачыў, як рэзка блішчыць побач шчыліна між бярвення, з якой пругка б’е вецер. Убачыў рэдкую крапанку гарохавіння ля твару, штосьці падумаў ці, можа, памкнуўся падумаць і зноў упаў у нябыт.
Другі раз яго пабудзіў голас, здалося, выразна, бы наяве, штосьці гукае нябожчыца маці. Адчуўшы сябе дашчэнту скалелым і спакутаваным, ён, аднак, хутка згубіў той голас і зноў упаў у праваліну пакутна санлявай знямогі. Гэтае чаргаванне забыцця і цьмянае явы працягвалася доўга, нібы бясконца, і бясконца доўжыліся ягоныя пакуты. Іншы раз ён лавіў сябе на тым, што імкнецца крыкнуць, тады сам палохаўся тае магчымасці і нейкім падсвядомым імкненнем вырываўся з непрытомнасці. Шчыліны ўжо не было побач, мабыць, трызнячы, ён скінуў з сябе гарохавінне і павярнуўся ці споўз да самай сцяны. У пуні развіднела, відаць стала змрачнаватае саламянае падстрэшша з трыма ластаўчынымі гнёздамі ля кроквы. Пад імі на бэльцы сядзеў шэры, з натапыраным пер’ем верабейка, напружана ўзіраўся ўніз, якраз у самы ягоны твар. Як Ягор цепнуў вачмі ці варухнуў чым, верабейка жвава чырыкнуў, разы два пераскокнуў з месца на месца па тоўстай счарнелай бэльцы. То была першая адзнака жывога і ў ёй праява хілай надзеі — можа, яшчэ ён неяк выкараскаецца. Азевіч варухнуў рукой, нібы вітаючы верабейку, і той, ціўкнуўшы, сарваўся з бэлькі і знік за высокай гарой саломы на тым канцы пуні.
Ветраную ціш у пуні, здаецца, парушылі нейкія новыя гукі — шархаценне, ці што, але чуліся яны за сцяной знадворку. Азевіч расплюшчыў вочы — у шчыліне між бярвення хіснуўся і замёр нейкі цень, быццам спыніўся хто. Тады ён скасіў позірк убок па шчыліне, і праўда, ля сцяны на момант мільганула чорная постаць з настырчанымі вушамі, прыціхла, штосьці паслухала і знікла. То быў сабака. Добра, што не забрахаў, падумаў Азевіч, але, мусіць, учуў яго тут. А можа, не ўчуў, можа, так сабе ходзіць па загуменні. Азевіч заплюшчыў вочы — было не да сабакі. Што ўжо яму сабака?
Між тым яго магутна скаланула дрыжака, стала нясцерпна холадна. Ён сцяўся, скорчыўся і ў апошнім намаганні шаснуў глыбей у гарохавінне, ледзьве стрымліваючы дробны ляскат зубоў. Доўга ён не мог саўладаць з тым ляскатам, не мог сагрэцца, аж покуль непрытомнасць новым заходам не ахінула яго адчуванні.
Другі раз ачнуўся ад усведамлення таго, што паблізу хтосьці варушыцца. Яшчэ не зусім дапяўшыся да явы, прыціх, нават перапыніў разгарачанае дыханне, услухаўся… Яўна дзесь побач шархацела салома, але не ад ветру з падстрэшша. Шархацела настойліва, рэзка, з невялікімі прамежкамі цішыні. Азевіч расплюшчыў вочы, аднаруч ціхенька адгарнуў ад твару калівы гарохавіння. Ён нічога паблізу не ўбачыў, ды раптам адчуў, што з-пад гарохавіння вытыркаліся ягоныя ногі. Памкнуўся падкорчыць іх, ды, мабыць, спазніўся.
— А, божухна!..
Прагучала гэта страхавіта і здзіўлена; ён, аднак, не крануўся — чакаў, невядома на што спадзеючыся. I тады паблізу выразна пачулася:
— Божачка, маці прачыстая багародзіца…
То быў страхавіты жаночы выкрык і несумненна адносіўся да яго. Прынамсі, у адказ нічога не пачулася, і ён, не ведаючы нашто, гучна выдыхнуў, бы застагнаў.
— Хто тут?
З натугай ён адхінуў ад грудзей пласт жорсткага гарохавіння, памкнуўся падняцца, ды не набраў сілы. Але яна ўжо прыкмеціла яго і знерухомела, гэтая цётка ў цёмнай хустцы, і перахрысцілася.
— Не бойся, маць, — здалося яму, сказаў ён, ды не пачуў уласнага голасу, такі той быў слабы. Давялося сказаць яшчэ — слаба і хваравіта. I, напэўна, тая яго хваравітасць надала цётцы рашучасці ступіць на гарохавінне, каб згледзець яго пад сцяной.
— Што ж гэта?.. Ці паранены?