Выбрать главу

I застыла-знерухомела, чакаючы яго адказу.

— Хворы я, цётка. Паліць усё. Піць хачу…

— Піць? Дык я зараз. Я хуценька. Збегаю па конаўку…

«Ну во і папаўся, — з’явілася страхавітая думка. — Зараз прывядзе каго… Хоць немцаў, хоць паліцаяў». Але што было яму рабіць? Ён ужо нічога не мог. Хіба застрэліцца. Застрэліцца яшчэ, мабыць, сілы знойдзе. Дзе толькі той наган?

Наган быў у кішэні, муляў пад сцягном, пра наган ён не забываўся нават у непрытомнасці. Шкада толькі, што ў непрытомнасці наган — не падмога. Але, можа, ён як-небудзь яшчэ стрывае, наможацца пабыць у свядомасці. Яму каб толькі напіцца…

Здаецца, надта ўжо хутка жанчына зноў з’явілася побач, а ён і не пачуў, як яна пайшла-выйшла. Але во зашэрхала гарохавінне, і, стаўшы на калені, цётка падала яму белую кварту. Ён памкнуўся прыўзняцца, ды не змог — так яго даканала немач. Тады цётка адною рукой прыўзняла яго галаву, а другой паднесла да вуснаў кварту. Вада здалася нясмачнай, аж памкнула на ваніты, але, спакутаваны смагай, ён выпіў паўкварты. Дужа закружылася ў галаве, наваколле паплыло, нібы ў тумане.

— Ну дзякуй.

— Можа, яшчэ чаго?

— Не, не трэба, — толькі і намогся сказаць ён і заплюшчыў вочы. Здалося, вось-вось зноў страціць прытомнасць, ды неяк усё ж утрымаўся ў памяці. Як расплюшчыў вочы, цётка сядзела побач. Была яна, мусіць, яшчэ і не дужа старая, але надта спакутаваная, цёмная з абвялага твару, выраз якога быў здаўна так знаёмы Азевічу. Жальба і клопат даўно і ўладна атабарыліся на тым твары.

— Што ж гэта ў вас? Ці, можа, прастуда? — заклапочана пыталася цётка.

— Можа, і прастуда…

— Анягож. Цяпер такі час, прастудны. Але ж… Можа, тыфус?

«Яшчэ чаго не хапала! — спалохаўся ў думках Азевіч. — Хаця хто ведае? Гарадзілаў жа памёр. Можа, і тыфус…» Цётка паўзіралася ў яго, памеркавала:

— Трэба б доктара. Ды няма ж у нас.

— Не трэба доктара.

— Не, усё ж, мусіць, трэба. Каб жа быў толькі.

— Ні ў якім разе. Я папраўлюся, цётка.

— Добра ж, калі паправіцеся. У дом вас трэба.

На тое ён памаўчаў. У дом, канешне, было б нават выдатна. Але…

— А якая то вёска, цётка?

— Дык гэта ж Заброддзе.

«Заброддзе, Заброддзе… Якое ж гэта Заброддзе? — напружана думаў ён. — А, ды гэта ж тое самае Заброддзе, дзе тады білі жорны». Не, не ён, не Азевіч — тут хадзіла іншая брыгада. Здаецца, на чале з Маладцовым. А крыху далей і яго Ліпаўка. Значыць, у тую завейную ноч ягоныя ногі вялі… Самі вялі, каб у родны кут. Але чаму так? Ці не на пагібель тое?

— У дом не трэба. Я тут…

— А хто ж вы будзеце? Не тутэйшы? — пацікавілася цётка.

— Не, не тутэйшы.

— I здалёк жа?

— Здалёк, цётка…

Ён хлусіў з чыстым сэрцам, бо яму нельга было аказацца пазнаным. Апынуцца пазнаным, мусіць, будзе небяспечна для яго. Лепей так, немаведама хто. Акружэнец. Чалавек проста. Божы чалавек, як казалі даўней. Божага чалавека заўжды пашкадуюць, прыхаваюць, а то і абароняць. А свайго? Такога, як ён? Не, лепш, каб не пазналі. Азевіч не дужа хацеў ды і не шмат меў сілы размаўляць з ёй, зноў заплюшчыў вочы. I яна, мабыць, адчула тое, дужа заклапацілася.

— Дык як жа вы тут? Сцюдзёна ж тут. Можа, я кажух прынясу? Усё цяплей будзе.

— Прынясі, ага, — пагадзіўся ён.

Яна коратка пашорхала гарохавіннем і знікла. Хутка, аднак, з’явілася, накінула на яго кажух, увішна падгарнула полы пад бок, і яму адразу стала цяплей і ўтульней. Трохі спакайнеючы, ён не расплюшчваў вачэй, зрабіў выгляд, што спіць. Аднак чуў, як яна трудна ўздыхала побач, пабыла яшчэ трохі і выйшла, шчыльна прычыніўшы вароты. Дзіўна, але з кажухом прыйшло да яго супакаенне, якога ён даўно ўжо не адчуваў. Так было ў маленстве, калі ў выстуджанай на золаку хаце яго накрываў бацька. Ад кажуха патыхала цяплом і спакоем, і ён засынаў добрым салодкім сном, які прыходзіць у маленстве, а пасля ўжо ніколі.

У той дзень пад вечар яму зноў стала блага, цела паліла гарачка, зрабілася дужа сцюдзёна, да дрыжыкаў, нават пад кажухом. Ён зноў пачаў губляць адчуванне рэальнасці і не адразу пазнаў цётку, якая прынесла яму піць — чагосьці гарачага, але нясмачнага, ледзьве не брыдкога. Яна штосьці пыталася, а ён быццам адказваў, але ўсё тое адбывалася нібы ў тумане, у стылай ветраной цемрадзі, бы напоўненай нейкім глухім вязкім пакуллем. Тое цётчына наведванне і размова з ёй былі амаль пакутнымі для Азевіча, і ён прагнуў аднаго — спакою і забыцця. Забыццё, непрытомнасць цяпер былі для яго паратункам ад гэтага бязлітаснага катавання хваробай. Але на той раз поўнага забыцця не настала, ён усё ж адчуваў сябе, свае пакуты і горачна, ліхаманкава думаў. Думаў пра тое, што, пэўна, памрэ, што ў яго — тыфус ці запаленне. Ці яшчэ якая халера. I яму рабілася шкада сябе, і брала крыўда на лёс, які змушае яго да такой недарэчнасці — памерці ў часе вайны. У гэтай во змрочнай пуні, пад гарохавіннем. Ці ён думаў калі, што яго напаткае такі канец… Ці тады, як выпраўляўся з бацькоўскага дома, здавалася, на некалькі гадзін, ды атрымалася — на ўсё жыццё. Такое бязрадаснае для яго жыццё.