Баяўся, аднак, не таго, чаго сапраўды належала яму баяцца. Пытанняў на тым страхавітым паседжанні было і няшмат. Спыталіся пра задачы моладзі ў справе змычкі горада з вёскай, затым уедлівая Іда Шацман задала пытанне наконт апазіцыі на трэцім з’ездзе РСДРП. Усё тое ён ведаў і адказаў увогуле складна. Але вось Дашэўскі, які ўвесь час маўчаў за сваім сакратарскім сталом, папытаўся — рэзка і зласліва: «Отец вступил в колхоз?» Падлога пад нагамі ў Азевіча хіснулася, і ён, мярцвеючы, выціснуў з сябе: «Яшчэ не, не ўступіў», і ўсе ў тым пакоі ўскінулі галовы, з трывогай уставіліся ў яго. «Ну вот, видали? — сказаў Дашэўскі. — А ему проводить коллективизацию. Агитировать за колхозы. А родной отец — единоличник. Или, может, даже кулак, а?» — «Не, не кулак. Серадняк», — зусім ужо апанурана адказаў разам сцішэлы Азевіч. «Середняк, а в колхоз не вступает. В чем дело?»
Выручыў Азевіча ягоны камсамольскі начальнік Маладцоў, якога, дарэчы, Ягор недалюбліваў за няпэўны, надта ўжо мітуслівы нораў. Ускочыўшы з свайго месца ля парога, той растлумачыў, што ведае бацьку Азевіча (і калі толькі яго ўведаў?), што той вялікі прыхільнік калгаснага ладу, а не ўступіў у калгас толькі па той прычыне, што ў іх вёсцы калгас яшчэ не арганізоўваўся, і тут найбольшая віна не Азевічавага бацькі, а раённай партыйнай арганізацыі, якая яшчэ ў чымсь не дапрацавала, не растлумачыла — не ахапіла стопрацэнтнай калектывізацыяй сельскае жыхарства, як таго патрабуе пастанова ЦК ВКП(б) і асабіста таварыш Сталін. Усе згодна заківалі галовамі, а Дашэўскі прыстукнуў па стале далонню, даючы тым зразумець, што пытанне вырашана. Азевіча прынялі кандыдатам ВКП(б).
Здаецца, можна было б перадыхнуць з палёгкай, адна гара сышла з плячэй, ды ўскацілася другая, не меншая. На тым жа паседжанні прынялі рашэнне: неадкладна, заўтра раніцай усім членам бюро райкома і актыву, разбіўшыся на брыгады, выехаць у аднаасобніцкія вёскі і выбіць план збожжанарыхтовак. У асабліва ўпартых сабатажніцкіх вёсках пабіць жорны — каб не малолі збожжа, здавалі дзяржаве. Выпадкам ці па чыёй волі наўмысля Азевіч трапіў у брыгаду, куды трапіць зусім не хацеў — у брыгаду пад кіраўніцтвам Дашэўскага. Яшчэ туды ж быў прымеркаваны Вайцяшонак і адзін міліцыянер. Двое іншыя павінны былі далучыцца ў сельсавеце — з ліку мясцовага актыву.
Раніцай сабраліся перад райкомам, падагналі фурманкі. Дзянёк выдаўся шэры, восеньскі, часам браўся накрапваць дожджык, але сціхаў. Ягор адчуваў сябе дужа няёмка ў міліцэйскай лінейцы побач з Дашэўскім. Не тое што некалі з Зарубам. Той хоць і вораг народа, а быў мяккі і спагадлівы чалавек. Гэты ж — сталь! I позірк такі — з-пад ілба, звераваты, як і выгляд усяго худога, кастлявага твару. Вайцяшонак, мусіць, як кульгавы, сеў побач, а Азевіч прымасціўся ў перадку побач з возчыкам-міліцыянерам. У таго целяпаўся на рэмені наган у жоўтай кабуры, што ўсім надавала важнасці і выклікала адчуванне бяспекі. Куды ехаць, ніхто з іх не ведаў, і толькі як уселіся, першы сакратар дастаў з чыгуначнага кіцеля складзеную ў чатыры столкі паперку. «Значит, так, — абвясціў ён. — Первая деревня Кан… Кандыбовичи…» — «Кандыбічы, — паправіў Вайцяшонак. — Гэта дзесяць кіламетраў». — «Вот едем в те Кандыбовичи! Айда!»
Прыехалі ў тыя Кандыбічы, спыніліся каля сельсавецкае хаціны са сцяжком над ганкам. Там ужо чакалі — старшыня, звычайнага выгляду мужык у кортавай, аднак, талстоўцы, і двое, відаць з актыву. Дашэўскі, не злазячы з лінейкі, папытаўся: «У каво жорны?» — «Дык шмат у каго», — сказаў старшыня і палез у партфель. «А ну становись, показывай!» — скамандаваў Дашэўскі. Сельсавецкі старшыня нязграбна ўмясціўся на падножцы лінейкі, і яны паехалі па вёсцы. Зайшлі ў сенцы першай хаціны, адкуль старшыня адразу павёў у істопку, дзе ў запавуціненым куце мясціліся старыя жорны. «Так, Дашэўскі раздумна азірнуўся. — Ты!! — паказаў ён на Азевіча. — Снимай камень!»
Адольваючы пэўную няёмкасць, Ягор адкінуў убок млён, натужыўся, зняў цяжкі верхні камень, паставіў яго рубам, не ведаючы, што рабіць далей. «Давай, давай! — працягваў камандаваць Дашэўскі. — Неси на двор и бей вдребезги!» Ягор вывалак камень на двор, але разбіць яго не было аб што, і ён няўцямна прысланіўся з сваім цяжарам да гразкага кола лінейкі. «Что, не найдешь, о что расчехвостить? — гырчэў Дашэўскі. — О фундамент бей! Вон об угловой камень». Азевіч няўмела ўдарыў аб вугал, камень адскочыў і пляската лёг у гразь. «Ну ты, неумека, мать твою перемать! — вызверыўся Дашэўскі. — Бей сильней! Как врага революции бей! Чтоб искры из него — в Бога душу мать!» Другі ўдар здаўся болей удалы, каменны кругляк ляснуў бокам і разваліўся на тры часткі.