Якраз у той момант з хаты выскачыла кабета з растрэпанымі валасамі, узняла крыку на ўсю вёску. Яна так бэсціла і кляла іх, што стала няёмка, нават боязна стала. Старшыня сельсавета кінуўся яе ўгаворваць, але тая ўсё крычала і плакала. З нізкага акенца цікаўна пазіралі на падворак некалькі мурзатых дзіцячых тварыкаў. Дашэўскі, аднак, нічога, здаецца, не чуў і не заўважаў, адно ведаў — камандаваць: «Поехали дальше!»
За якіх пару гадзін яны пабілі, можа, з дзесятак жорнаў, наслухаліся крыку, праклёнаў і лаянкі, асабліва ад жанок. У адным падворку, як яны прыйшлі туды, гаспадар, мусіць, ужо ведаў, па што. То быў мажны малады мужчына, ён сам зняў тоўсты верхні камень і ладна садануў яго аб вугал. «Вот, сполнена. Будзьце спакойны», — сказаў трохі азадачанаму той добраахвотнасцю Дашэўскаму і выцер аб штаны рукі. У крайняй ад выгану хаце верхняга каменя на жорнах не аказалася, не было і гаспадара. Гаспадыня ж, нейкая дурнаватая босая баба, нічога не знала — не ведала. На ўсе пытанні старшыні сельсавета і Дашэўскага адказвала: «Нічога не знаю, нічога не ведаю». «Врет, сука, — сказаў Дашэўскі. — Попрятали».
Калі яны ў поўдзень прыехалі ў наступную вёску, Азевіч не на жарт устрывожыўся. То была Альхавіца, а ў суседзях цераз поле ляжала яго родная Ліпаўка. «Няўжо і туды? Няўжо і туды?» — забілася ў ягонай галаве страхавітае пытанне. Але ён не мог наважыцца запытаць пра тое ў Дашэўскага і маўчаў. У Альхавіцы яны таксама пабілі нямала круглых, новых яшчэ, таўстых і зусім старэчых, змеленых камянёў; зноў над вёскаю чуўся плач і праклён. Некаторыя жанчыны прасіліся, паказвалі на малых, якім трэба есці, бажыліся, што ўсё здалі, болей няма ні зярнятка. «Ах, няма? — вызверыўся Дашэўскі. — Тогда чего ж рыдаете, если молоть нечего? Бей, Азевич!» I Азевіч біў. Білі міліцыянер і кульгавы Вайцяшонак. У адной хаце, праўда, не пабілі. Выйшла маладая кабеціна, спакойна ўсміхнулася і паведаміла: «А мой у войску служыць і камандзір, не маеце права». I паказала фота курносага хлопца з двума трохкутнічкамі ў пятліцах.
Дашэўскі зірнуў на фота, на старшыню сельсавета і моўчкі павярнуў з падворка. Тут не пабілі.
Нарэшце і ў Альхавіцы ўсё было скончана. Пакінулі не пабітымі двое жорнаў — у чырвонаармейскай сям’і і яшчэ ў адной хаце, на прабоі якой вісеў вялікі замок. Дашэўскі наказаў старшыні сельсавета пабіць, як прыйдзе гаспадар. Яны ўсе ўжо прытаміліся без палудня, але першы сакратар, відаць, не меў жаднага намеру даваць сабе ці ім адпачынак. Ён зноў выцяг з нагруднай кішэні свой спіс, і Азевіч абмёр: што далей? «Так, едем в Липовку? Где Липовка?» Вайцяшонак заклапочана зірнуў на Азевіча, але той не знайшоў у сабе моцы адказаць. Праўда, тут жа да яго падскочыў альховіцкі старшыня: «А вунь, цераз поле! Во гэтай дарожкай, таварыш сакратар…»
Пакуль яны ехалі дужа знаёмай Ягору дарожкаю цераз поле, унутры ў яго быццам пераварочвалася штосьці. Ці ён думаў калі, што ягоны прыезд у родную вёску будзе з такой патрэбай? Ці яго тут чакалі калі ў такой ролі? Бацька казаў, што некаторыя яму зайздросцілі, што сын выбіўся ў людзі, хоць невялікі, але начальнік у раёне I во, ён едзе, гэты начальнік. Як ён паглядзіць каму ў вочы, калі будзе біць іхнія жорны? Што пра яго скажуць людзі? Не якія там незнаёмыя чужыя сяляне, а свае, знаёмыя з дзяцінства, мужыкі і бабы?
Аднак думай не думай, а рабіць нешта трэба. Іхнюю лінейку сустрэлі на ліпаўскай ваколіцы старшыня Пракапчук і вясковая актывістка Матруна Бабіч. Яны былі ўжо ў курсе. Дашэўскі адно запытаў: колькі двароў? «Адзінаццаць, — з гатоўнасцю адказаў Пракапчук і паказаў рукой. — Шэсць па гэты бок і пяць — па той» — «Так, чтобы было управней, разбиваемся на две группы. Ты и ты, — паказаў ён на Вайцяшонка і міліцыянера, — на ту сторону, а ты и женщины — на эту. Как твоя фамилия?» — запытаў ён жанчыну. «Ды Бабіч я, Матруна Іванаўна». — «Так, Матруна, веди нас, показывай. Тем председатель укажет».
Рабілася ўсё горш і горш, бяда падступала ўсё бліжай. Па тым, што Дашэўскі звярнуўся да Матруны, Азевіч зразумеў, што пра ягоныя, Азевіча, адносіны да Ліпаўкі ён не ведае. Каб хоць Матруна не ляпнула таго, раптам падумаў ён і сумеўся. Але што радасці з таго, што не ляпне, — яны ішлі якраз па тым баку, дзе праз шэсць падворкаў стаяла і ягоная хата. А ў хаце жорны. На якіх і ён нямала намалоў у свой час — на хлеб, на зацірку, бліны. Што тут будзеш рабіць?..