Разварушаны і знямелы, бы ў кепскім сне, ён хадзіў з гэтымі людзьмі па знаёмых падворках, стрымана, чужым голасам вітаўся з суседзямі і моўчкі ішоў у сенцы, у трысцен ці ў істопку (змалку ведаў, дзе што ў кожнай сям’і), знімаў верхні камень і выносіў на вуліцу. Ён маўчаў. Бабы крычалі і плакалі, але на бабаў грозна пакрыкваў Дашэўскі, а яшчэ болей прарэзліва сакатала актывістка Матруна — сварліва тлумачыла важнасць рашэння райкома партыі: «Трэба, бабы, болей пра дзяржаву дбаць, рабочы наш клас кожны кавалак хлеба лічыць, не на буржуяў аддамо, аддамо, бабы, на абарону, на індустрыялізацыю. Мы ўжо як-небудзь, абы наш рабочы клас, які куе сацыялізм, быў сыты-давольны…»
Так яны дайшлі і да Азевічавага падворка.
Ягор дужа не хацеў ісці першы, стуліўся за чорнай шырокай спіной Дашэўскага, наперадзе клыпала шыраказадая Матруна. Але хіба тут схаваешся? Усё роўна яны ўсе ўвайшлі ў сенцы, і ў той час расчыніліся дзверы з хаты і сястрычка Ніна крыкнула, бы знячэўку: «Мама!» Паказалася і мама, твар яе збялеў, вусны задрыжэлі, быццам яна хацела нешта сказаць, ды страціла голас. Ягор ірвануўся да жорнаў і ўхапіў знаёмы, даўно ўжо не тоўсты і не дужа цяжкі камень. Ён нічога не хацеў ні тлумачыць ім, ні нават доўга затрымлівацца тут. Бегма вынес камень на агарод, дзе з пустазелля пад плотам тырчаў вялікі круглалобы валун, з усяе сілы ўдарыў па ім. Жорнавы камень разваліўся на дзве палавінкі, і ён, хістаючыся, з апошніх высілак вярнуўся ў двор. Дашэўскі на агарод не палез — пазіраў здаля, Матруна стаяла на ганку, а з хаты чулася глухое галашэнне маці. Ніна, чуваць было, яе суцяшала. Добра, што дома не аказалася бацькі, інакш… Астатняе Ягора ўжо не надта трывожыла, самае прыкрае ён перажыў. Штосьці ў ім зламалася, і ён выразна адчуваў, што рабіўся інакшым, чым прывык адчуваць сябе.
Яны разбілі яшчэ двое камянёў, і іхняя патрэба ў Ліпаўцы была на тым скончана.
Вярталіся ў раён моўчкі, стомленыя, разварушаныя і галодныя. Ніхто нідзе не запрасіў іх пачаставацца, ды і ім было не да пачастунку. Дашэўскі зацята маўчаў, зыраючы з-пад ілба на прыдарожны абсяг. Яго тут не любілі, ні ў мястэчку, ні ў раёне, і ён, падобна, зусім не імкнуўся прыдбаць чыю-небудзь прыязнасць. Азевіч ужо ведаў, што ўвесь прымус і бязладдзе ў раёне сяляне звычайна адносілі да свайго мясцовага кіраўніцтва. Думалі: гэта яно нахабна заганяе ў калгасы насуперак волі Сталіна, яно абкладвае цяжкім падаткам сераднякоў, раскулачвае і ссылае невядома куды. Усё гэта тутэйшыя, мясцовыя, сельсавецкія, раённыя начальнікі. Трэба скардзіцца вышай, пісаць Чарвякову ці нават Калініну. I пісалі, збіралі калектыўныя подпісы пад тымі лістамі — усёй вёскай ці нават некалькімі вёскамі. Ды ўсё марна, паслабкі не наставала. Тады думалася: зноў вінаваты мясцовыя — міліцыя ці ГПУ, перахапілі пісьмы, не туды паслалі, не так растлумачылі. Доўгі час так думаў і Азевіч, аж покуль не пачаў рабіць сам у райкоме. I тады зразумеў: э, не! Не мясцовыя вінаваты ў бязлітасным стаўленні да селяніна — тое стаўленне ішло зверху. Ці не з самага верху нават. А мясцовыя дык нават часам змякчалі, расслаблялі тыя жорсткія загады і патрабаванні, што нярэдка канчалася кепска для некаторых мясцовых. Можа, менавіта праз гэта сумны лёс напаткаў і Зарубу, бо ягоная сціплая чалавечнасць замінала шмат чаму ў новым стаўленні да селяніна. Усё ж той сам паходзіў з сялянства і, мусіць, не меў для яго неабходнай па тым часе жорсткасці. Пакуль ехалі, Азевіч не мог пазбыцца адчування, што ў раёне дужа не хапае Зарубы. Не так ягонай працы ці клопату, як проста ягонай прысутнасці на сваім месцы, у выканкоме, з ягоным спакойным, разважным характарам. Вельмі шкада рабілася пры думцы, што ён — вораг, хоць і слаба верылася ў тое, але ж… Хіба мала навокал благіх людзей, шкоднікаў і шпіёнаў. Можа, як ашукалі, злоўжылі ягонай дабрынёй, зацягнулі ў свой шкодніцкі лагер. Мабыць, зацягнуць яго было нескладана — усё ж даверлівы і нязлосны быў гэты чалавек. Вельмі шкада яго было Азевічу, і тачыў маўклівы дакор сабе, што і ён неяк дачыніўся да ягонай пагібелі. Хай не сам, не па сваёй волі, лічы, цераз прынуку. Паліна!.. Во хто быў ягоны найбольшы боль і загадка, можа, на ўсё яго далейшае жыццё. Што гэта за чалавек, Паліна? Што за жанчына? Чаму яна так паставілася да яго, вясковага хлопца з яго неразбэшчаным даверам.
Прыехалі ў мястэчка не позна, але ўжо змерклася. Дашэўскі вылез каля райкома, астатнія таксама пазлазілі з лінейкі. I калі міліцыянер трохі ад’ехаў, Вайцяшонак сказаў: «Давай зойдзем? Замочым гэта клятае дзела».