Яны пайшлі да Вайцяшонка, і Азевіч у той вечар першы раз у жыцці напіўся, як не напіваўся ніколі. Заснуў на чужой лаве на покуці, не распрануты. Яўген яго не будзіў да ранку. Раніцай абодва пайшлі на работу — была нарада сакратароў, і яму належала выступіць — пра авангардную ролю камсамола ў калектывізацыі сельскай гаспадаркі раёна.
Бабчын падворак ля рэчкі адгароджваў ад суседняга стары трухлявы паркан, да самага верху зарослы кустоўем парэчак — з гэтага боку і півонямі — з другога. Неяк праз адчыненае акно Ягор пачуў ціхенькі дзявочы спеў па той бок агароджы. Хоць ён тут перабыў ужо зіму і дачакаўся лета, але неяк не дабраў часу пацікавіцца, хто жыве ў суседзях. Цяпер тая цікавасць прарэзалася, і ён, выпнуўшыся з акна, зірнуў на падворак. Над зараснікамі парэчак відаць стала бялявая галоўка дзяўчыны, якая нешта поркалася ў асветленых сонцам кветках і спявала — ціхенькае і шчымлівае штосьці. Слоў ён не мог разабраць, але крадком палюбаваўся дзяўчом і зачыніў акно. Доўга любавацца не было калі — трэба было бегчы на працу. Другі раз ён убачыў ужо знаёмую бялявую галоўку выпадкам на вуліцы. Якраз, спяшаючыся, хацеў перагнаць худзенькую дзяўчынку ў лёгенькай стракатай сукенцы, што ішла наперадзе, і здагадаўся, што гэта — суседка. Тады ён параўняўся з ёй і, павітаўшыся, гулліва сказаў: «Во суседзі, а незнаёмыя. Я ж у бабкі жыву. А вы — побач. Я бачыў…» — «Ды я ведаю, — усміхнулася дзяўчо. — Яшчэ як вы перабіраліся да Мальвіны, бачыла». — «Во як! А я не бачыў. Мяне Ягорам клічуць. А вас?» — «Мяне? Анэля». Анэля, быццам каталічка, адзначыў у думках Ягор і папытаўся, каб не маўчаць. «Куды гэта вы кіруеце? На працу?» — «Не, не на працу. У нардом за білетамі. У кіно». — «У кіно, гэта добра. А на які фільм?» — «Вы не ведаеце? „Кацька — залаты ранет“, кажуць, дужа смешная карціна, трэба паспець, каб білет купіць». — «Тады купіце і мне, — нечакана для сябе папрасіў Ягор. — У дзевяць вечара я пастараюся прыбегчы. Сёння паеду ў Залескі сельсавет, але надвячоркам вярнуся. Добра?» Анэля трохі павагалася з адказам, быццам засаромелася нават, але ён падумаў, што нічога сарамлівага ў ягонай просьбе няма — у яго проста не было сёння часу бегчы ў нардом па білет. I Анэля, відаць было, моўчкі пагадзілася. На рагу яны разышліся ў розныя бакі — Ягор пабег у райком, а Анэля павярнула за сінагогу ў нардом.
Увечары, аднак, ён прыпазніўся і ледзьве не падвёў дзяўчо. Калі, увесь спатнелы, прыбег да нардома, на вуліцы перад ім ужо было пуста — кіно пачалося. Анэля журботна стаяла зводдаль пад таполяй, пазіраючы ў канец вуліцы, і ён, згледзеўшы яе, прыветна памахаў рукой. Іх упусцілі ў цёмную, поўную народу залу, яны прымасціліся недзе ў апошніх радах, адразу аддаліся чароўным перыпетыям кіношнага жыцця на экране. Часам Ягор кідаў таемныя позіркі на суседку, тая сядзела напружаная, сцішаная, здаецца, дужа нясмелая. I, бадай, нічым не выдавала сваіх пачуццяў, нават калі зала дружна рагатала над незайздроснымі прыгодамі кіношнага героя. Адзін раз толькі засмяялася, як той пасля, як скокнуў з моста, падняўся на доўгія ногі, мокры, смешны і расчараваны. Ягор таксама ледзьве пераборваў смех, які час ад часу ў ім усё ж прарываўся.
Як выйшлі з нардома, было ўжо цёмна, яны моўчкі, бы з няёмкасцю, пайшлі ў сваю вуліцу. Патроху неяк разгаварыліся. Анэля сказала, што працуе ў аптэцы памочніцай правізаркі, што жывуць яны ў гэтым мястэчку шосты год, да таго жылі ў Полацку, а нарадзілася яна ў Ленінградзе. Ягор праводзіў яе да веснічак, пастаяў крыху, і яны развіталіся. Праўда, перад тым ён сказаў, каб наступны раз брала адразу два білеты. «А не спозніцеся?» — запыталася яна, быццам крыху дакараючы за яго спазненне, і яму тое здалося прыемным. «Ну ўжо не! — сказаў ён. — Жывы ці мёртвы буду роўна ў дзевяць».
I дарма сказаў так рашуча — той наступны раз ён наогул не трапіў на суботняе кіно — суботу і нядзелю праседзеў у Глыбачанскім сельскім савеце, дзе разваліўся сарганізаваны калгас і з ім камсамольская ячэйка. Паўцякалі камсамольцы — хто куды. Прыехаўшы ў панядзелак, пайшоў у аптэку, але тая ўжо зачынілася, тады ён проста пайшоў да падворка суседзяў. Пастаяў каля веснічак, паслухаў. Чакаў, можа, яна выйдзе з хаты, убачыць яго, загаворыць. Але замест дачкі выйшла маці — нестарая яшчэ кабеціна з гладка зачэсанымі валасамі і куртаценькім фартушком наперадзе. Яна сказала, што Анэлі пакуль няма ў хаце, але павінна вось-вось прыйсці. Калі яму трэба бачыць яе, дык можа зайсці ў пакой, дзе можна будзе яе пачакаць. Ён падумаў і нясмела патопаў цераз падворак да ганка.
Не шмат у каго з ягоных знаёмых местачкоўцаў ён быў дома, болей у Вайцяшонка, хатні лад якога мала чым адрозніваўся ад звычайнага вясковага. Вялікі стол у таго заўжды быў завалены кніжкамі і пачкамі вучнёўскіх сшыткаў жонкі-настаўніцы, сярод якіх часцяком выглядвалі шклянкі і талеркі з недаедкамі, даччыны лялькі; на ложку ляжала вопратка, сярод якой можна было прысесці, бо зэдлікаў было ўсяго два. Таму яго прыемна падзівіла ў гэтай кватэры не так абстава — круглы стол пад сурвэткай, камод, канапа, — як свежая чысціня вышараванай да жоўтага колеру падлогі, пакрытай пярэстымі паласамі дываноў. На ўсіх трох невялікіх вокнах з чысцюткімі шыбамі ружавелі кветкі, кветкі былі і на лаўках пад вокнамі. Мабыць, тут любілі кветкі, не дзіва, што цэлыя зараснікі іх буялі на падворку. У куце за некалі шыкоўным, хоць і пацёртым крэслам высілася шафа з кнігамі ў некалькі ярусаў. Такой чысціні і парадку Ягор яшчэ не бачыў — ні ў прыватным жытле, ні ў важных казённых установах, — аж боязна было ступіць. Тым не менш гаспадыня ветліва запрасіла яго ў тое самае шыкоўнае крэсла, у якім ён сеў — бы праваліўся да самай падлогі. «Вы наш сусед, кватарант бабкі Мальвіны? — з ветлай усмешкай пыталася гаспадыня. — Анэля расказвала, як вы з ёй хадзілі ў кіно. Яна кіно дужа любіць, не прапускае ніводнай карціны. Раней з Лінай, сяброўкай, хадзіла, а цяпер засталася адна. Лінка паехала вучыцца ў Віцебск, а ёй тут трохі адзінока. Дык вось вы…» — «Ну, я так, за кампанію, — сказаў Ягор. — Мне, ведаеце, не надта да кіно: мала часу». — «Ведама ж, у вас дэфіцыт часу, вы ж у райкоме працуеце? Наш бацька таксама совслужачы, праўда, не такога маштабу, але вольнага часу зусім не мае. Усё праца, праца…» — «А дзе працуе ваш бацька?» — папытаўся Ягор, тое было для яго важна. «Ды ён на льнозаводзе. Бухгалтарам», — сціпла адказала жанчына, стоячы з ручніком па другі бок стала, і Азевіч прыпамятаў. Ён некалі нават знаёміўся на нарадзе з бухгалтарам ільнозавода — немаладым ужо, ціхманым чалавекам у акулярах. Тады льнозавод не выканаў план, і ўсё яго кіраўніцтва на бюро райкома атрымала добрую нахлабучку ад Дашэўскага. Думалі, дырэктара пасадзяць, ды неяк абышлося. «Анэля павінна прыйсці, а пакуль, каб не было сумна, я пачастую вас гарбаткай з малінай. Ну і кніжкі можаце паглядзець. Вунь Дзюма ў нас ёсць. Ці Дастаеўскі, калі паважаеце». Гаспадыня выйшла, а ён павярнуўся да паліцы з кнігамі. Было шмат мяккіх кніжак з разрэзанымі старонкамі, а яшчэ болей тоўстых, у каляных вокладках з чорнай або пярэстай, пад мармур, паперы, з залатымі літарамі на скураных корках. Ягор выцягнуў адну, пагартаў, ды малюнкаў у ёй не было, і ён запіхнуў яе назад у вузкую шчыліну між іншых кніжак. Побач была і яшчэ такая, і яшчэ. Нешта падобнае на ціхенькае шкадаванне ці зайздрасць з’явілася ў ім — усё ж столькі чалавечай мудрасці ідзе стараной, паўз яго, неспазнанае, няздзейснае для яго. Ну, але, мабыць, такое іхняе жыццё, такі лёс. Да ўсяго не дапнешся, тут хоць бы ўхапіць якія вяршкі людскіх ведаў.