Неўзабаве прыйшоў з працы і гаспадар — таўставаты задышлівы чалавек у акулярах. Жонка і дачка пацалавалі яго, віншуючы з юбілеем, пасля Анэля пазнаёміла з Азевічам. Яе бацька сціпла паціснуў яго руку: «Бухгалтар Свядэрскі». Нядоўгі час ён прыбіраўся за шафай, каб сесці за стол, скінуў паношаную талстоўку і надзеў белую сарочку ў палоску, гальштук, камізэльку і чорны, пацёрты, але яшчэ прыстойны пінжак. На стале з вялізным букетам півоняў ужо бялелі чатыры чысцюткія талеркі і каля іх былі раскладзены нажы і відэльцы — кожнаму па пары. Ягор прыгледзеўся: ці не срэбра? Можа, аднак, і не срэбра, але прыгожыя відэльцы ды нажы таксама. Тут жа гаспадыня паставіла насупраць кожнай талеркі па адным невялікім кілішку — пэўна ж, для выпіўкі, і Ягор адчуў незразумелую прыкрасць да гэтае вытанчанасці, якая яму была нязвыклая і нават незнаёмая. Але і прыемнасць у чымсь адначасна. Як запрасілі сесці, ён нейкі час баяўся дакрануцца да гэтых далікатных рэчаў, не ведаў, што ўзяць першым і ў якую руку, і трошкі сумеўся ад няёмкасці. У галаву аднекуль убілася недарэчнае слова і гучала: «Абыватальства, абыватальства…» Тым не менш усё ж прыемнае было тое абыватальства.
Пачастунак, аднак, быў даволі сціплы: тушоная капуста з печы і дранікі ў смятане.
Яны з бацькам выпілі па адным кілішку нейкай саладкаватай наліўкі, жанчыны толькі прыгубілі, пажадаўшы бацьку здароўя і шчасця. Той, аднак, трудна ўздыхнуў: «Ці думаў калі, што такое будзе маё пяцідзесяцігоддзе…» Ягор ахвотна выпіў свой кілішак, але еў не надта, усё ж было няёмка чужому ў гэтай невялічкай сямейцы, ладнай сваёй згоднай еднасцю. Рэшту таго дня, на змярканні, яны з Анэляй пайшлі пагуляць па-над рэчкай, і Анэля ціхенька апавядала яму пра колішняе жыццё ў Петраградзе, дзе бацька вучыў у гімназіі. Да рэвалюцыі, канешне. Бацька паходзіў з простай сям’і, ягоны брат нават быў відны рэвалюцыянер, сацыял-дэмакрат, сядзеў у турмах, а пасля эмігрыраваў у Германію. А вось з маці ім не пашэнціла — маці была дваранскага роду. Гэтыя ўсе афіцэры і дамы — радня матчына, праз іх і яе паходжанне гэтую сямейку гімназічнага вучыцеля Свядэрскага выслалі з Ленінграда, тры гады яны жылі ў Полацку, але мусілі з’ехаць і адтуль. Так вось і апынуліся ў мястэчку, бо далей ужо ехаць не было куды. Мабыць, тут ужо і будуць яны дажываць. А з імі і яна, Анэля, якая іх дужа любіць і не ўяўляе сабе, як можна іх пакінуць. Яны ціхенька ішлі вузенькай, добра, аднак, пратаптанай сцежкай па местачковай аселіцы. Збоку ля рэчкі ў вечаровым сутонні высіліся вялізныя вольхі, з аселіцы веяла вечаровай сырызнай, побач бялела стракаценькая Анэліна сукенка. «Ты — камсамолка?» — запытаў Ягор. «Неа, — сказала яна. — Хто мяне прыме такую», — і кораценька засмяялася, няўмела стаіўшы ў тым смеху свой трудны клопат. Ён не пярэчыў, сапраўды, з такім, далёка не пралетарскім паходжаннем не шмат чаго даб’ешся ў жыцці. Гэта горш, чым сялянскае паходжанне. Чым нават серадняцкае. Тут, лічы, амаль што кулацкім пахне. Калі не горай.