Выбрать главу

Гэта страшная, часам невытлумачальная з’ява — фашызм. Але мне здаецца, я блізка да таго, каб яе зразумець. Вядома, зразумець — неабавязкова апраўдаць. Мне здаецца, гэты сфінкс разгадваецца проста: шалёная актыўнасць адных пры мяшчанскай пакорлівасці другіх. 3 аднаго боку, мараль: мэта — усё, сродкі — нішто. 3 другога: мая хата — з краю. Палітыка — не наша справа. За ўсіх думае фюрэр. Мы — маленькія людзі. I ў дадатак — самая раз’юшаная прапаганда, здольная чорнае выдаць за белае.

Немцы нам нарабілі нямала бяды, але мы незласлівыя: хай жывуць добра. Галоўнае, каб мірна. За мінулае, здаецца, мы расквіталіся. Помста ж у гэтым выпадку не мае сэнсу.

Пакуль мы глядзелі на турыстаў, міма нас хуткім крокам праходзяць адзін, другі — ад бар’ера. У руках — знаёмыя аркушыкі прапускоў. Урэшце, мусіць, з’явіліся месцы. Я крута заварочваю назад і ледзьве не сутыкаюся з «законнікам». Ён з партфелем і таксама з пропускам. Абдаўшы мяне бляшаным шоргатам свайго плашча, таропка скіроўвае да ліфта. На твары ўжо заклапочанасць без ценю нядаўняе блазенскай лёгкасці. Я трохі дзіўлюся.

— Глядзі, ужо адхапіў!

Хлопец іранічна хмыкае.

— Ну. Я ж казаў.

Мы падыходзім да чаргі ля бар’ера і, вядома, спазняемся. Знайшлося ўсяго чатыры месцы. Атрымала таксама чацвёра. У тым ліку і той, без чаргі.

Астатнім трэба чакаць.

Маё месца за сталом пустуе. На суседнім сядзіць стомленая з выгляду, немаладая жанчына. Сусед, патаптаўшыся, моўчкі адыходзіць да бар’ера. Я саджуся.

Чарга абураецца. Асабліва цяпер, калі «законніка» прастыў і след. Калі ён ужо, мабыць, прабуе краны і мацае матрац у нумары… А яны сварацца. Дзіўныя людзі! Калі ён лез да адміністратара, тады ўсе маўчалі. А цяпер махаюць рукамі.

— Безабразіе!

— Мы кнігу скаргаў патрабуем.

— Хамства — так паступаць…

Асабліва абураецца адзін. Здаецца, яму ледзьве не дасталося месца. Цяпер ён соўгае на галаве зялёны вялюравы капялюш і сярдзіта круціцца ля бар’ера. Шырока разлятаюцца доўгія полы ягонага габардзінавага паліто.

— Безабразіе! Нахабства!

Сунуўшы рукі ў кішэні, ён нервова адварочваецца ад бар’ера і сустракаецца са мной позіркам. I раптам у маіх вачах здрыгаецца гарачы тлумны туман. Незразумелая нервовая хваля жарам абдае мяне да пят. Тугі ўдар звону ў вушах ураз адкідвае ў мінулае. У свядомасці маланкай мільгае адно толькі слова — «Сахно». Не, я не ўспомніў гэтага чалавека, проста я ніколі яго не забываў. I цяпер вось ён, — за пяць крокаў ад мяне, — трошкі азызлы з твару, брывасты і па-ранейшаму пагрозліва рашучы. На галаве нядбайна надзеты капялюш. Габардзінавае паліто не зашпілена і нізка абвісла поламі. На жоўтых чаравіках ляжаць светлыя калашыны штаноў. «Шыракаватыя», — заўважаю я зусім недарэчы. Акінуўшы мяне імгненным няўцямным позіркам, ён паварочваецца да бар’ера.

Закасцянелыя на імгненне суставы мае расслабляюцца, і я абнікаю ў крэсле. Рэшткамі падкантрольнай сваёй свядомасці адзначаю, што разгубіўся. Ніколі не думаў, што можна гэтак спасаваць перад ім. Колькі разоў за гэтыя гады ўяўляў сваю з ім сустрэчу, свае гнеўныя словы… I вось!.. Калі б ён цяпер падышоў і ўдарыў мяне, я, мусіць, не знайшоў бы, як адказаць. Бывае, што нахабства паралізуе. Мяне паралізаваў адзін яго выгляд.

Аднак у наступную хвіліну я ўсё ж ускокваю з крэсла. Рып… рып… Пракляты пратэз! Цяпер ён мне замінае. Цяпер мне патрэбны жалезныя ногі. I сталёвыя кулакі. Мусіць, на маім твары адбіваецца штосьці нядобрае. Двое ля чаргі з гатоўнасцю расступаюцца, і я бокам прысланяюся да бар’ера. Ля яго, побач. Безуважны да мяне, ён гнеўна даводзіць адміністратару:

— Я за тысячу кіламетраў прыехаў. Дзе я начаваць павінен? Скажыце, дзе?

— Гэта не мая справа.

— А чыя ж тады справа? Для чаго тады вы тут седзіцё? — ён рэзка адварочваецца ад бар’ера: яму патрэбен саюзнік. — Чулі, не яе справа?.. Во логіка!

Але мой выгляд, мусіць, яго ахалоджвае. Ён скідае капялюш і далонню выцірае ўзмакрэлую стужку падкладкі. Я адзічэла гляджу ў яго раззлаваныя вочы, і гарачая хваля ў маім нутры памалу астывае. Я пазнаю яго і не пазнаю. Чорт, няўжо я памыляюся? Ён трохі нават з жывоцікам і даволі-такі лысаваты. Той быў з выдатнай страявой выпраўкай і з чорнай жорсткай чупрынай на галаве. Вочы нахабныя і падпухлыя — мусіць, хворыя ныркі. Рост… Рост, мабыць, той жа. Толькі гэты таўсцейшы.