Васіль Быкаў
Поўны збор твораў
Том 4
Аповесці
Апошні баец
Раздзел першы
Маёнтак гарэў. Над кучаравістымі верхавінамі вязаў і ліп шугала ў паднябессе мітуслівая вогненная грыва. Густыя шэрыя воблакі дыму вяртлявымі клубамі валілі ўгару; вецер раздзьмухваў, ірваў і іскрыў у наваколлі жудасць пажару; слаўся ўдушлівы горкі смурод. Ад смуроду, дыму і пылу, узнятага выбухамі, не ставала паветра, каб дыхаць. I ў раўку за садком, змучаная нясціхным боем, знясіленая, адрэзаная ад сваіх, задыхалася жменька байцоў.
Іх вельмі мала засталося тут — штаб ды рэшткі аднаго батальёна на чале з камандзірам палка. Яны спыніліся ўчора ў гэтым маёнтку, бо адступаць далей не было куды. I ад самага ранку раскацістым рэхам калацілі наваколле гарматныя выбухі, рассыпалася кулямётная траскатня, ірваліся гранаты, злосна чхалі з лагчын мінамёты, і асколкі бязлітасна секлі акрываўленую шматпакутную зямлю.
У травяністым раўчуку, ля прыземленай дашчатай паветкі, стуліўся з кулямётам баец. Лежачы ў мелкім акопчыку, ён туга ўпіраў у плячо прыклад «ручніка» і неадрыўна глядзеў у поле, адкуль атакаваў вораг.
Калі агнявыя віхуры ўгары крыху суцішыліся, кулямётчык прыслухаўся да гукаў бою, і нейкая неспакойная думка з’явілася на яго твары.
— Пэўна, цяпер пойдуць, — сказаў ён. — Вы чуеце: сціхае?
Але ніхто не адказаў яму. Хлопец пазіраў усё ў збажыну, нешта думаў, шчыльней прыпадаў да кулямёта, чакаючы новай атакі. I раптам спалохана ўздрыгнулі яго бялявыя вочы, ён азірнуўся, прыўзняў галаву.
— Таварыш лейтэнант!
Адказу не было. Тады Пятрусь Кляновіч спалохана ірвануўся і, прыгнуўшыся, па дне раўчука кінуўся да суседняга акопчыка.
Лейтэнант ляжаў, уткнуўшыся тварам у засыпаную зямлёй траву, і не варушыўся. Згінаючыся да долу, хлопец ухапіў чалавека за плечы, узваліў на спіну яго цяжкае цела. Ад скроні па бруднай шчацэ камандзіра марудна споўз струменьчык згуслай крыві.
— Таварыш лейтэнант! — з роспаччу і надзеяй паклікаў яго Пятрусь, але лейтэнант не адгукаўся.
Болей у іхняй роце не было нікога. За два дні няспынных баёў адзін за адным гінулі людзі. Палову рота страціла на шляху адступлення, другую палову — у гэтым маёнтку. Смерць лейтэнанта зусім збянтэжыла хлопца, ён у знямозе схіліўся ля забітага камандзіра, ужо не хаваючы сваёй проставалосай галавы. Ён быў плячысты, моцны, але зусім яшчэ малады, той уцалелы хлапец з двума трохкутнічкамі на чырвоных пятліцах. Па лабатым схуднелым твары няроўнымі бруднымі пісягамі паўзлі струмені поту, і поўныя роспачы пазіралі на свет вялікія, нейкія не мужчынскія яго вочы.
Тым часам з мітуслівай збажыны ў полі паявіўся густы ланцуг цёмна-зялёных мундзіраў. Блізкая кулямётная чарга крамзанула па вішэнніку, з будыніны пасыпаліся трэскі. Паўз голаў пранеслася нешта важкае, і ззаду ў садку грымнуў выбух.
Пятрусь спалохана кінуўся да кулямёта, прыклаўся шчакой да вышмальцаванага прыклада і пусціў у жыта доўгую чаргу. Няспынны грукат, шум скалыхнулі наваколле. Па ўсім маёнтку ірваліся снарады, узляталі ў дымнае неба галіны дрэў, кавалкі дахаў, клочча травы. Над зямлёю з варожага боку несліся нябачныя сталёвыя струмені. Быццам нажніцамі, кулі стрыглі траву і кусты — так і сыпаліся на дол лісткі і галінкі. Нарэшце, загарэлася і апошняя ўцалелая будыніна — дашчатая паветка.
Пятрусь перазарадзіў кулямёт і зноў прыпаў да прыцэла. У невысокай, па пояс, збажыне ён добра бачыў прыгнутыя постаці ворагаў з аўтаматамі і падкасанымі да локця рукавамі. Яны прыгіналіся, зялёныя іх каскі матава блішчэлі. Немцы на хаду страчылі з аўтаматаў, але аглушаны сваім кулямётам Пятрусь не чуў іх стрэлаў. Трымаючы мушку пад іхнімі постацямі, ён да болю ў пальцы ціснуў на спуск, кулямёт ірваўся ў руках, нібы жывая імклівая істота, горкі парахавы смурод і пыл абдавалі хлопца.
Зводдаль, ля дарогі, густа і напорыста трашчаў «максім». Яго чэргі часам зусім прападалі ў грукаце бою, і хлопец устрывожана пазіраў туды. Там — камандзір палка, ён зараз камандаваў імі, яго прысутнасць супакойвала і давала надзею.
Урэшце ворагі пачалі знікаць у жыце, — відаць, яны не вытрымалі адпору і ў гэты раз. Патроху кулямётны агонь па сядзібе таксама пацішэў, але здалёку аднекуль з’явіўся новы трывожны гук. Ён хутка напоўніў сабой спахмурнелы летні прастор, прыглушыў усе іншыя гукі і ўсё ўзмацняўся. Сержант боязна зірнуў у захмаранае, дымнае неба — там плылі самалёты.
«Чые?» — мільганула пакутлівая думка. I ў той жа момант пярэдні самалёт вельмі хутка неяк дзеўбануў носам і шалёна панёсся на іх прыціхлы раўчук. У паветры засвістала, загрукатала…