Пасля доўгай маўклівасці Нупрэеў сказаў:
— Ну, нічога. Як-небудзь зберажэм. Тут ужо нельга не зберагчы.
— Ну, канешне ж, — азваўся дзед. — Сцяг, ён найвышэй за ўсё. Я ж ведаю.
Нейкі час гэтыя трое людзей пастаялі яшчэ ў гушчары, глядзелі на сцяг, уздыхалі і маўчалі ў нялёгкай задуме. Вырашыўшы, што несці пад гімнасцёркай гэткую рэч нягожа, Нупрэеў аслабаніў свой рэчавы мяшок, у які добра запакавалі сцяг, і Пятрусь уздзеў яго на спіну. Нупрэеў інакш, неяк уважлівей, стаў пазіраць на сержанта і аднойчы сказаў:
— А ты таго, маладзец, хлопец.
Уладкаваўшы ўсё, пасур’ёзнеўшыя і прымоўклыя ад новага клопату людзі зноў падаліся ў сваю невядомую дарогу.
Раздзел пяты
Не спыняючыся на начлег, яны ўсё ішлі на ўсход.
Мінулі другія суткі, як яны сустрэліся, і за час няспыннага падарожжа ўжо добра прывыклі адзін да другога. Пятрусь шчыра радаваўся, што трапілі на ягоным шляху гэтыя двое людзей, з імі хлопцу было куды весялей і надзейней, а галоўнае — яны шчыра, аддана паставіліся да ягонага цяперашняга імкнення. Ніводзін з іх і не марыў зараз пра што іншае, як толькі найхутчэй далучыцца да сваіх і тым канчаткова выратаваць сябе і сцяг.
Пятрусь ужо добра чуў на абодва вухі, але часам яшчэ ныла плячо і калі-нікалі пад грудзі падкатвала млосная нудота. Хлопец, аднак, трываў, перамагаў нядужанне і без скарг імкнуўся наперад.
Аднаго разу яны спыніліся ля ручаіны ў кустоўі, напіліся і моўчкі палеглі ў падсохлай ужо няроснай траве. Сонца ўзнялося і добра прыгравала, ад стомы і спакою да людзей чапляўся сон. Старыя адразу прыціхлі, а Пятрусь упарта гнаў ад сябе цягучую дрымоту. З мінулай ночы ўсталявалася так, што ён вызначаў час адпачынку і першы падаваў голас, калі трэба было рухацца далей. Ён гэта рабіў проста, па-сяброўску, без ценю каманды, але неяк стала, што хлопца слухаліся гэтыя двое людзей. Так, мабыць, прызнавалася яго вайсковае старшынства, а можа людзі зважалі на яго большую, чым іх, маральную адказнасць у справе, якую яны на сябе ўзялі цяпер.
Моцным намаганнем струхнуўшы дрымоту, сержант узняўся з травы і хацеў гукнуць людзей, каб рушыць далей, ды раптоўна ахапіўшая млосць паваліла яго на зямлю. Нупрэеў адразу заўважыў гэта і заклапочана сеў у траве.
— Э, братка, трэба падсілкавацца табе. Так нягожа. Мы то стрываем, а табе догляд патрэбны.
Узняўся і дзед, і яны вырашылі ў першай жа вёсцы, якая трапіцца на іх шляху, накарміць сержанта.
Як-колечы Пятрусь аднак ачуняў, і з паўгадзіны яны паціху ішлі лагчынай уздоўж ручая. Час ад часу старыя пазіралі ўправа, пакуль не ўбачылі на ўзгорку ў збажыне нейкія будынкі — то быў хутар. Коратка параіўшыся, Пятрусь з Нупрэевым засталіся на жытнёвым узмежку, а дзед выправіўся здабываць харчы.
Сядзелі яны досыць доўга, чакалі, а дзеда ўсё не было. Сержант пачынаў ужо непакоіцца за старога, калі ад хутара пачулася гаворка. Хлопец выглянуў над збажыною і хуценька схаваўся зноў. Ад будынкаў па сцежцы ішоў дзед і з ім яшчэ трое нейкіх людзей, — за плячыма ў іх, здаецца, вісела зброя. Нупрэеў таксама зірнуў і таксама ўстрывожана схаваўся. Сержант і баец пераглянуліся, а затым Нупрэеў саўгануў затворам вінтоўкі.
Калі ж людзі наблізіліся і стала чуваць іх размова, байцы зноў зірнулі адзін на аднаго, і сержант узняўся з узмежку. Да іх даносіўся спакойны, гаварлівы голас старога, — нічога трывожнага ці падазронага не чулася ў ім.
Людзі ўсё набліжаліся па сцяжынцы, ужо бачна было, што за дзедам ішоў ладны плячысты дзяцюк, ён трымаў на рамяні аўтамат і ўглядаўся ў іх бок. За імі ішлі яшчэ двое — высокі і нізкі, — яны таксама былі ўзброеныя, але чамусьці ніхто з іх не нагадваў нашых байцоў. Калі яны добра наблізіліся, Пятрусь зразумеў, чаму яны здаліся чужынцамі. На дужыя плечы першага быў напялены нямецкі мундзір, падпярэзвала яго дзяга з жоўтай камсастаўскай спражкай, а на чубатай галаве ладна сядзела суконная пілотка з чырвонай зоркай. У такім убранні хлопец меў незвычайны, нейкі дзівакаваты выгляд. Двое яго спадарожнікаў былі апрануты ў несамавітыя сялянскія світкі, хоць штаны ў абодвух былі нашы, вайсковыя, таксама як і кірзавыя боты на нагах.