— Вось падмогу прывёў, — задаволена сказаў дзед, падыходзячы да ўзмежка. — Гэта свае, чырвоныя армейцы.
— Прывітанне байцам і камандзірам, — зухавата сказаў пярэдні ў мундзіры. — Дзед кажа, падвяло вас без хлеба-солі. Дрэнна жывеце, значыць.
Нупрэеў спадылба ваўкавата разглядваў траіх; Пятрусь маўчаў, не ведаючы, як паставіцца да гэтых пераапранутых бадзяг і да іх недарэчнага тону. Тое, што яны свае людзі, бадай, было зразумела, але нейкая няёмкасць утрымлівала сержанта ад праматы і шчырасці. Пярэдні, пэўна, заўважыў тое і сказаў:
— Ну, што надзьмуліся? Будзем знаёмы: старшына Агальцоў, камандзір разведчыкаў, а гэта мае дружбакі: Жук і Калдобінскі. — Ён паказаў на сваіх спадарожнікаў — тыя былі сціплейшыя за свайго начальніка. Каржакаваты і шыраканосы Жук прастадушна ўсміхнуўся, а высокі і тонкі Калдобінскі хаваў змрочную паныласць на вузкім, насатым твары. Пятрусь і Нупрэеў змаўчалі, ды ім, бадай, і не трэба было называць свае чыны — яны ў абодвух значыліся яшчэ на вайсковых пятліцах.
— Дык што, сержант, на ўсход кіруем? — жвава пытаў Агальцоў, сядаючы побач з Петрусём. Яго падначаленыя таксама селі; дзед перад узмежкам развязваў у траве прынесены клуначак, ля яго, трымаючы ў руках вінтоўку, прысеў Нупрэеў.
— На ўсход, — пацвердзіў сержант.
— Ну і мы туды ж. Значыць, па дарозе.
— Вось і я кажу: зручней разам, — уставіў дзед. — Зноў жа ўшасцярых мо’ лепш справімся.
— А здалёку вы нясеце гэтую штуку? — старшына хітравата прыжмурыўся.
Сержант міжвольна здрыгануўся ад нечаканага пытання і ўзняў на старшыну вочы. А той сядзеў побач спакойны, недзе ў глыбіні яго чорных хуткіх вачэй ззяла ўсведамленне ўласнай зухаватасці, адчуванне сілы і ўпэўненасці ў жыццёвыя ўдачы. Сержант у думках аблаяў старога за нястрыманасць і сказаў няпэўна:
— Здалёку.
Але хто яго ведае, мо’ і не трэба было злавацца, чужацца іх.
Мо’ так і сапраўды лепей — ушасцярых, мо’ гэтыя хлопцы — нядрэнныя людзі. Цяжка адразу ўсё зразумець у чалавеку, і ўсё ж сержант адчуваў, што асцярожнасць не пойдзе ў шкоду, што ў такі час трэба на ўсё глядзець пільна.
Дзед тым часам нарыхтаваў сняданак, адзін з новых знаёмых — усмешлівы Жук — моўчкі дастаў з свае сумкі банку нейкіх нямецкіх кансерваў, гасцінна падаў старому, і трое галодных людзей налеглі на ежу. Новыя знаёмыя адмовіліся ад сержантавага запрашэння паснедаць з імі, яны курылі папяросы і маўчалі. Агальцоў усё па-ранейшаму насмешліва пазіраў на сержанта, на яго галодных, амаль не ўзброеных людзей, і на прыгожым твары хлопца выразна адбівалася пачуццё ўласнай перавагі. А Пятрусь, зрэдку пазіраючы на яго, напружана думаў, стараючыся зразумець нутро гэтых людзей. Здаецца, не было асаблівых прычын для недавер’я, але іхняе адзенне і асабліва мундзір старшыны выклікалі нейкую няпэўную насцярожанасць.
К ночы за суткі няспыннага маршу сержантава тройка вельмі змарылася. I сам Пятрусь, і дзед з Нупрэевым ужо ледзь цягнуліся па хмызняках, агнём гарэлі іх змучаныя ногі, усё цяжэйшым здаваўся кожны кіламетр. Старшына з разведчыкамі трымаўся бадзёра, — здавалася, яны не ведалі стомы. Агальцоў увесь час апавядаў Нупрэеву, а болей дзеду пра свае нядаўнія прыгоды. Сержант ішоў ззаду. Ён ледзь трымаўся на нагах — у такім стане было не да размоў, — але ён слухаў усё, што казаў старшына! Калі гэта не была хлусня, дык старшына — сапраўды смелы чалавек. Дзіўна толькі, чаму ўсё атрымлівалася ў яго ў нейкім жартоўным, бяздумна-дзівацкім тоне — ці сапраўды ўсё так і было зухавата-лёгка, ці тыя здарэнні не пакінулі сур’ёзнага следу ў душы чалавека. Старшына расказаў, што ідзе ад самай граніцы, што ў адным месцы яны захапілі танкетку, і, пераапрануўшыся ў немца, Агальцоў на ёй даў бой у нейкім мястэчку. Расказаў, нібы яны ўзялі ў палон нямецкага оберста, цягнулі яго з сабой некалькі дзён, аж пакуль самі не трапілі ў бяду. У доказ сваіх геройстваў старшына паказваў нямецкі аўтамат, новенькі пісталет «вальтэр» і пілотку, прастрэленую ў двух месцах. I нарэшце хлопец паведаміў, што яны добра адпачылі на гэтым хутары — былі і маладзіцы, было і закусіць, і выпіць, і тры дні прайшлі, як на вяселлі.