Старшына са сваімі людзьмі прынёс нешта новае, бесклапотнае і лёгкае ў настрой гэтай групы. I сержант, і Нупрэеў з дзедам даўно ўжо не назіралі гэткага людскага аптымізму ў той страшны час. Аднак самі яны былі вельмі ўражаны перанесеным горам, і таму гэтая лёгкасць здавалася ім цяпер проста недарэчнай. Яны моўчкі слухалі зухаватыя апавяданні, але, бадай, не падзялялі захаплення расказчыка. Пятрусь, неўпрыцям, пазіраў на сваіх людзей і на разведчыкаў — і бачыў вялікую розніцу, якая таілася не толькі ў выглядзе, але і ў маральным стане гэтых людзей.
Чакаць разладу давялося нядоўга. Увечары змораныя дзед і Нупрэеў, заўважыўшы яшчэ горшы стан сержанта, які ледзь плёўся за групай, прапанавалі пераначаваць у лесе. Старшына не пярэчыў супраць прыпынку, і яны выбралі невялічкі кавалак бярэзніку ў ярыне. Побач быў лес, а ўнізе, у канцы ячменнай нівы, пачыналася балота.
Людзі пападалі на ўзлессі на лісцвяны грыбны дол і моўчкі ляжалі, чакаючы, пакуль збольшага ўтаймуецца стома. Тым часам паволі цямнела, вельмі хацелася спаць, і сержант занепакоіўся:
— Трэба паставіць варту, — сказаў ён.
— Ну, вядома, — зашавяліўся ў траве Нупрэеў. — Каб ужо па-вайсковаму.
Тады з бярознага вецця пагардліва азваўся старшына:
— Во задумалі што! Каго тут баяцца!
— А як жа? — стрымана запярэчыў сержант. — Мы ж вайсковыя людзі. Рознае можа здарыцца.
Старшына абыякава махнуў рукой. Ён соладка раскінуўся на мяккім травяністым доле — праставалосы, у расшпіленым мундзіры. Ён прытаміўся, адпачываў, і было падобна на тое, што ўсе іншыя турботы цяпер былі вельмі далёка ад яго.
— Баязліўцы! Нічога не здарыцца.
Сержант маўчаў, адзначыўшы ў думках, што характар бесклапотнага разведчыка даволі ўпарты. Ён падумаў крыху і сказаў Нупрэеву:
— Вы павартуйце ў першую змену, а потым разбудзіце мяне.
— А ты ўжо мяне, — уставіў дзед. — Як бы ў каравуле.
Змораныя людзі адразу суцішыліся, паснулі дзе сядзелі, а Нупрэеў узняўся на варту.
Так яны ўтрох, укараціўшы сабе дарагі адпачынак, дзяжурылі да світання, а на золку з цяжкімі галовамі адправіліся ў шлях. Ніхто з іх не папракнуў спадарожнікаў, але ім было няёмка глядзець у іхнія вочы, размаўляць з імі, бадзёрымі і свежымі і да таго ж маладымі. Сержанта вельмі ўразіла гэтая першая нязгода ў калектыве, і, затаіўшы крыўду на старшыну, ён чакаў зручнага выпадку, каб сур’ёзна пагутарыць з ім.
Раздзел шосты
Але для размовы ён так і не знайшоў часу.
У той жа ранак, перайшоўшы нейкую забалаць, хлопцы апынуліся перад невядомай шырокай ракою. Трохі пастаяўшы ў поплаве перад шчыльным зараснікам чароту, яны паціху пайшлі ўздоўж берага шукаць якой пераправы. Вядома, распрануўшыся, можна было б пераплысці раку (Агальцоў нават браўся зрабіць гэта тры разы запар), але ў людзей была зброя, вопратка, да таго ж, Нупрэеў адразу прызнаўся, што плаваць не ўмее. Трэба было знайсці човен, ці плыт, ці хоць бы якое бервяно.
I байцы ішлі па беразе, намачыўшы ногі і аглядаючыся наўкола, каб убачыць што-небудзь здатнае для пераправы. Наперадзе на грудку віднеўся невялічкі хваёвы гаёк.
— Вось там знойдзем дрэва і пераправім пяхоту, — казаў старшына, маючы на ўвазе Нупрэева. Ён па-ранейшаму быў жвавы, вясёлы, спрытны — здавалася, чалавек не ведаў ніякай душэўнай скрухі, да ўсяго ставіўся лёгка і проста.
Але варта было ім узняцца на грудок, пад яловыя шаты ўзлеску, як вочы старшыны загарэліся новым жаданнем:
— Браткі, гляньце: мост! Далібог мост, і цэлы, спраўны, спецыяльна для нас!
Сапраўды, на завароце цераз раку ад берага да берага пралёг доўгі драўляны мост на цыбатых бёрнах-сваях. Там бегла дарога, яна была зараз пустая, на лужку ля моста пасвіўся стрыножаны гняды конік, на дроце ўгары, сабраўшыся ў рад, церабіліся ластаўкі.
— Гайда! Нікога няма — пераскочым і ўсё, — настойваў старшына.
Яны таропка выйшлі на лужок; конік, убачыўшы незнаёмых, цікаўна ўзняў голаў.
— А давай рысака захопім, — прапанаваў Агальцоў. — Дзеду якраз па росту. Або камандзіру: на кані, пад сцягам павядзе нас, як Чапай.
— Кінь дурэць, — коратка буркнуў сержант. — Давай хутчэй.
Пятрусь трымаўся наперадзе і ўжо ўзбег на адхон, як ззаду данёсся да яго той самы жахлівы гук, якога асцерагаўся сержант. Ён прысеў на травяністым адхоне, зірнуў назад і адразу скаціўся ўніз. Іншыя таксама, відаць, уцямілі небяспеку і, не згаворваючыся, кінуліся ў адзінае тут сховішча — пад мост. Услед за сержантам яны ўзлезлі па адхону ў самы верх падмастоўя і, затаіўшы дыханне, напружылі слых.