Выбрать главу

Па дарозе ішлі машыны.

Яны набліжаліся, ужо чуваць стала, як лязгае нешта ў іх кузавах, як дрыжыць зямля; з набрынялых сырасцю бярвенняў недарэчна шархотка сыпалася зямля. «Заўважылі, заўважылі», — тачыла голаў кожнага думка і пакутліва-гарачым было жаданне, каб не спыніліся, праехалі далей. Аберуч узяўшыся за вінтоўку, насцярожана і сурова пазіраў з-пад моста Нупрэеў, старожка чакалі гатовыя да бою Жук і Калдобінскі; дзед ад напружанай увагі і чакання быццам скамянеў, адкрыўшы старэчы рот. Усе прытаіліся, маўчалі, нават Агальцоў і той шчыльна сціснуў вусны, сцяў над пераноссем бровы і драпежна схіліўся, нарыхтаваўшы аўтамат.

Прыціснуўшыся спіной да нізкай гнілой столі, Пятрусь праклінаў старшыну і сябе за неасцярожнасць і пакутліва перабіраў у думках магчымыя варыянты выратавання. Машыны набліжаліся, і раптам гул матораў, так добра чутны тут, пад мостам, спыніўся. «Заўважылі!» — мільганула страшнае меркаванне, і, адчуўшы, як разліваецца па целе млявасць, сержант выняў з кішэні сваю адзіную гранату.

— Хлопцы, жывымі не здавацца. Помніце: сцяг! — чужым натужлівым голасам сказаў ён і зірнуў на байцоў, каб упэўніцца, што яны падтрымаюць яго. Твар старшыны па-ранейшаму быў засяроджаны і рашучы, усмешлівы шыраканосы Жук выглядаў спакойна, быццам не разумеў яшчэ той бяды, што навісла над імі. Адзін толькі Калдобінскі неяк, нібы незадаволена зірнуў на сержанта і зноў насупіўся сваім круканосым тварам. Пад Нупрэевымі бровамі яшчэ глыбей запалі яго нетаропкія разважлівыя вочы.

— Нічога, нічога, — зашаптаў стары баец. — Станавіцеся двое ў той бок і двое ў гэты. Дзед і сержант хай у кут лезуць. Нічога, нядужа зручна возьмуць. Хай сунуцца.

Яны разбегліся, як раіў Нупрэеў — Жук і старшына сталі з аднаго боку, Нупрэеў і Калдобінскі з другога. Пятрусь, шырока расставіўшы ногі, застаўся на сярэдзіне, гатовы рынуцца ў любы бок. Дзеду не цярпелася на адным месцы, і ён мітусіўся па адхону, падбягаючы то да Нупрэева, то да старшыны, і ўсё шаптаў устрывожана:

— От халера, от улезлі… Трэба ж было, га!

Але ворагі штосьці марудзілі, і ніводзін з іх не паказваўся пад мост. Хлопцы пакутліва чакалі, пакуль новы гук не ўспалашыў усю іхнюю групу. Гэта быў моцны пляск у рацэ, услед за якім раздаўся гучны голас чужынца:

— Цум тойфель, дэр русішэ Рэін іст ганц кляйн…[1]

Сержант кінуўся да ўскрайку, высунуўся з сырой засекі падмастоўя і ўбачыў нешта нечаканае.

Пакінуўшы, відаць, на дарозе машыны, ворагі высыпалі на лужок, дзе нядаўна ішлі хлопцы і пасвіўся гняды конік, дружна паскідалі з сябе мундзіры і з вясёлым рогатам лезлі ў ваду. Чалавек двое ўжо плылі ўшыркі ракі, некаторыя стаялі яшчэ на беразе, паціраючы свае голыя грудзі. Відаць было па ўсім, хлопцаў ніхто не заўважыў.

Зноў не згаворваючыся, байцы кінуліся да другога боку моста, спадзеючыся па-за насыпам адбегчы далей ад гэтага месца. Аднак старшына, які першы высунуўся, зноў падаўся назад. На дарозе, ля самай узбочыны, стаялі машыны — там таксама былі ворагі, яны б адразу заўважылі байцоў.

Як было выбрацца адсюль?

— Ах вы, вепрукі паганыя! — абураўся дзед, — не маглі сабе іншага месца знайсці!

— Ціха, — сказаў сержант. — З ценю не вылазіць.

Нупрэеў усё супакойваў людзей:

— Нічога, можа не ўбачаць. Пакупаюцца і паедуць: не на гулянку ж прыехалі.

Але немцы, відаць, не вельмі спяшаліся. Ужо многія павылазілі з вады і разлягліся на лужку, падставіўшы сонцу блішчастыя мокрыя спіны. Некаторыя пачалі мыць сваю адзежыну.

Невядома, колькі прайшло часу. Доўгая паласа ценю ад моста ўжо парадкам пасунулася ўбок, людзі пачалі губляць цярпенне.

— Да вечара яны сюды дарваліся ці што? — першы не стрываў Агальцоў. — Давайце скочым на дарогу ды лупянём па ўсёй гэтай свалаце.

— Ну, а потым? — злосна спытаў Нупрэеў. — А потым што?

— Не, так не можна, — азваўся дзед. — Трэба чакаць.

Пачакалі яшчэ. Сядзелі, забіўшыся ў душны смярдзючы засень, маўчалі і пакутвалі. Дзед хацеў закурыць, але сержант і Нупрэеў цыкнулі на яго, і стары схаваў свой скураны капшук. Аднойчы пачуліся недзе ля насыпу блізкія крокі — людзі зноў абмёрлі, насцеражыліся.

— Слухайце, браткі, — ледзь чутна прашаптаў дзед, — А раптам які плюгавец па патрэбе сюды сунецца? Што тады?

— Трэба выбірацца адсюль, — упэўнена сказаў старшына.

Калдобінскі прапанаваў:

— Трэба выбегчы і ўрассыпную ў поле. У жыце не зловяць.

— Эх ты, не зловяць! — раззлаваўся Нупрэеў. — А калі падстрэляць каго? А калі сцяг?

вернуться

1

Да д’ябла, рускі Рэйн зусім малы. (ням.)