Выбрать главу

Зноў усе замаўчалі, пакутліва шукаючы выйсця.

— Ах, растакую тваю, фашысцкую морду! — злосна вылаяўся старшына. — Ёсць спосаб. Я ім прыкончу гэты курорт.

Усе з раптоўнай няпэўнай надзеяй паглядзелі на хлопца, а Агальцоў, не кажучы больш нічога, скінуў рамень, сцягнуў боты, аддаў усё Жуку. Потым ён абмацаў шматлікія кішэні свайго мундзіра — выцягнуў дакументы, паперкі і таксама перадаў іх Жуку, нарэшце дастаў з кішэні новенькі варанёны «Вальтэр», зірнуў на сержанта.

— На вось, трымай: у цябе ж зброі няма.

Сержант узяў пісталет, не разумеючы яшчэ, што надумаў чалавек, а той, выглянуўшы ў адзін і ў другі бок ад дарогі, прыгнуўся і паласой ценю падаўся да ракі.

— Пад вечар дзе агонь распаліце — я ўбачу, даганю, — прашаптаў ён і хутка папоўз уніз. Пяцёра людзей, поўныя ўвагі і спадзявання, сачылі за ім. Неўзабаве старшына з ціхім плескам знік у чаротах.

Зноў пацягнулася бясконцае напружанае чаканне. Байцы пазіралі цяпер то ў бакі, то на раку — там між чаротаў мільганула галава і ўзнятая над вадой рука з аўтаматам. Потым усё знікла, і болей ужо нідзе не паказвалася нічога.

На лужку ад берага да дарогі ўсё сноўдалі паўраспранутыя ворагі, купаліся ў рацэ, аднак не адплываючы далёка. Па мосце разы два прагрукацелі адзінокія машыны, насціл хістаўся, і на галовы байцоў сыпалася нейкая труха.

Часу, бадай, прайшло багата, а старшыны нідзе не чуваць было. Тады з’явілася новая трывога — часам сержанту здавалася, што старшыну ўжо злавілі, што ён утапіўся ў рацэ, а можа наогул вырашыў пакінуць байцоў.

Сярод гэтых пакутлівых перажыванняў нечакана гулка прарэзала спакой аўтаматная чарга. У рэчцы адразу сціхлі булькат і плясканне, абарвалася на палавіне няскончаная фраза «гэр обер ефрэйтор дас…», голыя купалыпчыкі кінуліся на берагі, а з таго гайку на грудку тарахцелі кароткія чэргі.

Гэты першы момант задуманага старшыной плана ледзь не сапсаваў усю справу. Нечакана зусім блізка ля хлопцаў зашамацеў чарот, прыгнуўшыся, з яго выскачыў голы немец. Калі б толькі ён зірнуў у іх бок, дык адразу заўважыў бы ў якіх дзесяці кроках не вельмі замаскіраваных байцоў. Але ён быў напалоханы і, апынуўшыся на пожні, бягом кінуўся да дарогі. Азірнуўшыся на сваіх, Пятрусь убачыў, як спакусліва цалялі ў спіну немца Жук і Калдобінскі, і нават Нупрэеў высунуў з-пад моста доўгую рулю сваёй вінтоўкі. Сержант прыцішана пагразіў ім, папярэджваючы такое свавольства. А па той бок дарогі з кароткімі прамежкамі цішыні ўсё гучэлі чэргі. Сержант, увесь сціснуўшыся ад незвычайнага напружання, сачыў за ворагамі, якія, нібы мурашкі ў патрывожаным муравейніку, замітусіліся на лужку. Ён чакаў, што немцы напалохаюцца і, завёўшы машыны, паімчацца адсюль, але машыны маўкліва стаялі на дарозе. Хутка немцы, пэўна, зразумелі, дзе небяспека, і, ухапіўшы зброю, пачалі з лужка шалёную страляніну. Нехта ўсё ж упаў там і ляжаў, не кратаючыся, пакуль яго не падхапілі іншыя. Аднак уцякаць адсюль яны, відаць, не мелі намеру і па камандзе афіцэра ланцужком заляглі пад дарожным насыпам і дружна стралялі. Лясное наваколле множыла страляніну, і ўсё вакол грымела аглушальным суцэльным гулам. У думках хвалячы Агальцова і ўпершыню адчуваючы непакой за яго жыццё, сержант падумаў, што трэба бегчы. Яго позірк сустрэўся з насцярожаным Нупрэевым позіркам, хлопец убачыў у ім згоду і першы выбег з-пад моста. Машыны на дарозе стаялі на ранейшых месцах, але немцаў між імі ўжо не бачна было, і хлопцы, прыгнуўшыся, шыбанулі паўз насып у бок, дзе віднелася жыта.

Апошнім, азіраючыся на дарогу, бег змаркатнелы Жук.

Раздзел сёмы

Надвячоркам высокае неба заплыло шызай туманнай смугою. Праз яе бліскучай невыразнай плямай глядзела з небасхілу сонца. Яно не пякло але ў паветры было парна, душна. Дрэвы і збажына прыціхлі, насцярожыліся, чагось чакалі.

Мокрыя ад поту, пяцёра людзей адзін за адным лезлі на ўзгорак. Пад іх нагамі блыталася высокая, па грудзі, збажына. Недзе над лагчынай, патрывожаная людзьмі, жаласліва кігікала кнігаўка. Лес адступіў удалячынь, пакінуўшы на прыволлі вялізны абшар зямлі; далёка ззаду сінеў і таяў у сонечным ззянні пройдзены людзьмі бор.

Але вось нечакана патух сонечны бляск, растварылася, патанула ў мутнай сіні далёкая палоска бору. Сержант шавяльнуў пад гімнасцёркай мокрымі ад поту лапаткамі і азірнуўся: ззаду за імі гналася ў небе вялізная навальнічная хмара.

Сержант зірнуў на сваіх спадарожнікаў. Жук і Калдобінскі, што ў дарозе трымаліся бліжэй да яго, ужо стаялі побач і таксама глядзелі на захад. Праз колькі крокаў за імі ішлі Нупрэеў і дзед. Яны ўсе прысталі, але сержант не даваў перадышкі — яму хацелася да ночы як мага далей адарвацца ад ворагаў і заначаваць у спакоі. Зноў жа трэба было распаліць агонь, каб даць сігнал Агальцову, які немаведама дзе блукае адзін. Выспа, на якую яны лезлі цяпер, бачна была здалёку, і Пятрусь спяшаўся дабрацца да яе вяршыні.