Але хутчэй за яго ў гэты бок сунулася хмара. Касыя заслоны дажджу ў некалькі месцах павіслі ўжо над зямлёю. Разы са два мільганула маланка, і цяжка прагрымеў гром.
Хлопцы кінуліся пад бліжэйшую купу, што цьмяна шарэла ў збажыне. Гэта была груша-дзічка. Пад яе веццем, прыціскаючыся да апаленага вогнішчамі камля, прымасціліся Жук і Калдобінскі. Пятрусь таксама прыткнуўся побач на круглым камені, хлопцы крыху пасунуліся, даючы сухое месца сержанту. Хутка да іх далучыўся Нупрэеў. Абціраючы мокры твар рукавом, ён уладкаваўся ля ног хлопцаў, і калі падышоў дзед, дык пад ігрушай ужо не было незамочанай мясціны. Стары, мокры да ніткі, з босымі, запэцканымі граззю нагамі, мясціўся з краю, а зверху, з галля, на яго ліліся струмені. Тады са свайго месца ўскочыў Жук.
— Дзед, ідзі сюды, тут лепей.
— А нічога, сядзі, сынок.
— Ідзі, ідзі, чаго там… Людзі пасунуліся, так-сяк умясцілі і старога, які войкаў, што замок тытунь і няма як закурыць. Аднак закурыць у хуткім часе прылаўчыліся — у Калдобінскага знайшлася запальніца, а Нупрэеў адшукаў сушэйшую махорку.
Цесна прыгарнуўшыся да дрэва, у гэты навальнічны час пяцёра чужых, малазнаёмых людзей, мабыць, упершыню адчулі, што яны ўжо не чужыя і не абыякавыя адзін аднаму. З учарашняга дня агульным клопатам лёг на ўсіх лёс чырвонага сцяга, які з гэткім цяжарам уратавалі яны.
— Дзе ж цяпер наш старшына? — казаў Жук, неяк сарамліва ўсміхаючыся сваім шыракаскулым курносым тварам. Гэты хлопец усё болей падабаўся Петрусю за дзівосную мяккасць душы, зважлівасць і паслухмянасць. Ад самай той рэчкі ён не адставаў ад сержанта, увесь час трымаўся побач і заўсёды гатовы быў прыйсці на дапамогу. Пятрусь і сам непакоіўся за старшыну і ўсё думаў, ці не забілі яго ў той страляніне і як у гэткую непагадзь падаць яму ўмоўлены сігнал.
— Старшына не прападзе, — змрочна буркнуў Калдобінскі. Гэты пахмуры хлопец не любіў, відаць, кідацца ў залішні непакой ці перажываць за каго без дай прычыны. Апякаючы пальцы, ён смактаў свой недакурак і вузкімі вачыма нявесела пазіраў удалячынь.
Угары тым часам грукацеў гром, недзе блізка ляпнуў пярун. Стала зусім змрочна, вечарэла раней часу. Аднак хмара сунулася далей, і з ёю пакрысе сплывалі на ўсход грымоты. Праз колькі часу струмені зменшыліся, патанелі, і хоць у паветры яшчэ снавала павуціна дажджу, людзі вылезлі з-пад ігрушы. Дарэчы, сядзець там не было чаго: усё роўна ўсе былі мокрыя.
А на захадзе між хмарамі і зямлёю прарэзалася вузенькая шчылінка, і праз яе зірнула прамністае нізкае сонца. Гэта быў яго апошні позірк на мокрую, затуманеную зямлю, і тая з нястрымнай радасцю засмяялася насустрач яму безліччу бляску, колераў і тонаў. Куды толькі і падзелася яе нядаўняя пахмурасць, шэрасць, няўтульнасць. Успыхнулі кропелькі на жытнёвым калоссі, устрапянуліся і радасна зашапацелі вымытыя лісцікі дрэў, яркай і чыстай сінявою апавілася далячынь.
У хмызняку і кустоўі людзі назбіралі ламачча і падаліся на самы верх выспы. Тут узвышаўся нейкі старажытны курган, густа парослы рамонкамі, сіўцом і верасам, а на яго верхавіне хілілася на адзін стаяк трыганаметрычная піраміда. Пад ёй дзед як-колечы распаліў вогнішча. Агеньчык спачатку неахвотна мільгаў у мокрым суччы, але ўрэшце ўвайшоў у сілу, і ў неба паваліў густы хвост рудога дыму.
Людзі ўглядаліся ва ўсе бакі, чакалі — вось-вось з’явіцца адзінокая постаць, але нідзе не было нікога. Далёка-далёка пад сінім лесам, пэўна, з пашы прайшла ў вёску маленькая чарада жывёлы. Сонца зайшло за лес, зноў стала пахмурна, згаслі фарбы, і шэры маркотны змрок цягнуўся па зямлі.
Так яны нікога і не дачакаліся да самага змяркання. Калі пачало цямнець, Калдобінскі першы прапанаваў:
— Годзе чакаць. Пойдзем пераначуем у якой вёсцы. Пасушыцца трэба ды і пад’есці.
— А як жа старшына? — запытаўся Жук. Ён упершыню не ўсміхнуўся, і ў яго наіўных шырокіх вачах свяціўся клопат.
— Знойдзецца як-небудзь. А не знойдзецца, дык што ж… Можа ён спецыяльна згубіўся.
Пятрусь і Нупрэеў пытальна зірнулі на байца, насцярожыліся. А Калдобінскі, ваўкавата ўставіўшыся ў агонь, маўчаў.
— Ну, гэта ты дарэмна, — сказаў Жук.
— Можа дарэмна, а можа і не. Думаеш, вельмі цікава гэта — перціся немаведама куды?
Петрусю зрабілася няёмка ад яго слоў, але Калдобінскі маўчаў, і сержант падумаў, што чалавек гэты, відаць, буркатлівай натуры. Петрусю шкада было разлучацца са старшыной, які дапамог ужо ў цяжкую хвіліну і сваёй зухаватасцю пакрысе пачаў падабацца хлопцу. Ён трохі разумеў яго неўгамаваную натуру, не зусім адабраў яе, але нешта ў ёй прыцягвала хлопца. Мо’ гэта было тое, чаго не хапала самому сержанту, чалавеку спакойнага, роўнага характару. Але зноў жа чакаць тут, на кургане, было безнадзейна. Пятрусь у апошні раз агледзеў далягляд і коратка сказаў: