I тады Пятрусь наважыўся. Чакаць далей ужо было небяспечна, — хутка насоўваўся світанак. Сержант моўчкі паціснуў локаць Жука, выняў з запала чаку і, старанна размахнуўшыся, шпурнуў гранату пад кабіну вялікай машыны.
Хлопцы ўпалі на зямлю — уперадзе ірванула, шаснула ў кустах асколкамі і ўзнятым пяском. Пятрусь ускочыў і кінуўся на сваю дарогу, а побач, у другі раз жахліва ўскалыхнуўшы цішыню, гулка затрашчалі кароткія і частыя чэргі аўтамата Жука.
Пятрусь імчаўся па дарозе, ужо не тулячыся да кустоўя, ззаду шпарка тупацеў таварыш. На дарозе, здаецца, усё было ціха, нават ніхто не стрэліў наўздагон. I раптам на вершалінах елак мільганула нейкае яркае святло. Пятрусь не зразумеў нават, адкуль яно і ўзялося. Ён азірнуўся, і сэрца яго ўстрапянулася ад вялікай радасці.
На дарозе за хмызняком узнялося ўгору вялізнае дымнае полымя. Яго шырокія хісткія языкі паласкаліся ў начным змроку, матляліся ў паветры іх чорныя дымныя грывы, высока над лесам узляцела чарада мігатлівых іскраў. Хлопцы, баючыся, каб іх не ўбачылі, кінуліся ў гушчар і ад нечаканасці таго, што здарылася потым, пападалі на зямлю.
Нейкая грымотная віхура вынікла з начнога неба і кінулася на лес. У якую хвіліну ўзарвалася, знікла ноч, усё наваколле задрыжэла, загрукатала, хіснуліся дрэвы, у самае неба пыхнула асляпляльна яркае полымя і зноў ірванула, і зноў асляпіла на момант. I тады нейкая вар’яцкая радасць ахапіла хлопцаў.
— Нашы! Нашы! — крычаў Жук у твар Петрусю. Яны ўскочылі з долу і кінуліся да сваіх байцоў.
— Браткі! — Праз грукат закрычаў Пятрусь. — Сюды! Бі гадаў.
Нясмела, яшчэ прыгінаючыся, на дарозе з’явіліся цьмяныя постаці Нупрэева, дзеда і Калдобінскага. Яны, відаць, мала што разумелі з таго, што здарылася, але падпарадкаваліся загаду і пабеглі за сержантам. А той, узвёўшы пісталет, наперадзе ўсіх рынуўся на вялікую дарогу.
А на дарозе рабілася нешта жудаснае. У некалькіх месцах палыхала вялізнае полымя, і моцна смярдзела бензінам і паленай гумай, узнятыя выбухамі зямля і пыл няспынна сыпаліся зверху. Магутныя выбухі на момант асляпілі сержанта, тугое паветра ўзрыву ўдарыла ў твар. Ён выбег на дарогу і ўгледзеўся, шукаючы ворагаў.
Тады ён не думаў, што можа загінуць ад сваёй жа бомбы, ён, бадай, здзівіўся б, калі б хто сказаў яму пра тое. Пятрусь бяздумна сунуўся ў самае пекла выбухаў, але хутка наткнуўся на штосьці і паляцеў у нейкую прорву. То была глыбокая варонка ў дарозе, і на дне яе хлопец натрапіў на чалавечае цела. Ён вылаяўся ад нечаканасці, цела раптам спуджана крутнулася з-пад яго рук, нешта ўскрыкнула незразумелае, і Пятрусь, згадаўшы ворага, два разы стрэліў у яго. Потым ён выскачыў з варонкі, перад ім апынулася абернутая выбухам вялізная машына, і хлопец кінуўся на той бок яе, шукаючы ворагаў. Але там не было нікога, толькі ў чарговым бляску недалёкага выбуху ўбачыў Пятрусь, як з дарогі хіснуліся ўбок нейкія цені. Побач у прамежках выбухаў трашчалі аўтаматы, нехта роспачна галасіў між пакарабачаных машын, і сержант раптам моцна спалохаўся за Нупрэева, у якога застаўся яго клунак. Хлопец падумаў, што ў такой валтузні ён можа зноў страціць свой сцяг, і кінуўся на другі бок дарогі.
— Нупрэеў, Жук, сюды! — крыкнуў ён, вылазячы з канавы, і ў той момант з яе махлянулася цёмная постаць і бліснуў цьмяны агеньчык стрэлу. Пятрусь, поўны спрыту і рухавасці, хутка прыгнуўся.
— Ах ты, гад! На, на, — ён выстраліў некалькі разоў і пабег у кустоўе. Там ён зноў гукнуў Нупрэева і неспадзявана пачуў ззаду блізкі яго голас:
— Бягу! Бягу!
Яны адбеглі ў мокры хмызняк, і Пятрусь, баючыся, каб не згубіць сваіх, спыніўся і зноў паклікаў. Ламаючы галлё, ля яго з’явіўся Калдобінскі, прыбег Жук і апошнім азваўся дзед.
Прадзіраючыся праз кустоўе, яны шпарка сігалі па адхону ўніз, пакуль не выйшлі на лугавіну. Ззаду ўжо было ціха, самалёты паляцелі, неба на ўсходзе праяснілася. Пасля ляснога змроку на лузе было куды відней. Пачынаўся світанак.
Змораны і ўзрушаны сержант паставіў на ахоўнік пісталет і сеў на купіну. Ён вельмі стаміўся і ледзь знаходзіў сілы, каб не зваліцца, але душа хлопца была поўная невыказнай, нейкай дзіўнай, ніколі яшчэ не адчуванай буйнай радасці.
З лесу вылез Жук, ён нешта трымаў у руках і падышоў да сержанта.
— Вось аўтамат, — працягваў ён Петрусю свой трафей.
— Пэўна, дзеду трэба аддаць: у мяне ж пісталет.