Выбрать главу

— А ў дзеда ёсць, — усміхнуўся Жук.

I сапраўды, дзед з’явіўся з кароткім нямецкім карабінам і нават з дзягай на жываце, якую адцягвалі два цяжкія падсумкі. Нупрэеў у адной руцэ нёс сваю вінтоўку, а ў другой трымаў гранату з доўгай драўлянай ручкай. Усе прыселі побач з сержантам і пасядзелі так, чакаючы, пакуль утаймуюцца ўсхваляваныя і змораныя сэрцы.

— Ну, праклятае гадаўё, — сказаў сержант. — За адну бяду вы атрымалі. Чакайце — атрымаеце за ўсё.

— Ой, і добра ж яны іх лупянулі, — захапляўся дзед. — К чортавай матары ўсю чараду. Як, не раўнуючы, карова языком злізала.

Ужо добра развіднела. Перад хлопцамі паволі выступіў з цемры невялікі лужок з някошанай травой, за ёй ляжалі палеткі. Людзі яшчэ пасядзелі трошкі, ажыўлена размаўляючы, і пачалі збірацца ў дарогу. I тады нечакана зусім блізка з кустоўя выскачыў на лужок Агальцоў — успатнелы, вясёлы, зухаваты, са збітай набок пілоткай.

— Прывет, арлы! Не трэба слёз. Агальцоў — не гузік: прапаў, дык знойдзецца.

Падышоўшы да ўсіх, ён в лязгатам скінуў з плячэй два аўтаматы, зняў рудую афіцэрскую сумку, напханую нейкімі паперамі, і з-за пазухі выняў некалькі пачак аўтаматных патронаў.

— Вось трафеі нашых войск. Малайцы летуны — далі жару. Шкада, не сустрэць іх, а то б па сто грамаў паставіў, — і старшына выразна паляпаў сябе па сцягну, дзе целяпалася на дзязе абшытая лямцам фляжка.

— I як гэта ты натрапіў на нас? — здзівіўся Нупрэеў, падазрона азіраючы старшыновы трафеі.

— Гэ, стары, разумець трэба. Дзе шум-бойка, там і я. Такі ўжо характар. Ды і конік дапамог: увесь час алюрам. Ну але і вы, здаецца, малайцы. А як твая сумка, сержант? — ужо сур’ёзна запытаў ён.

— Тут, вось, — паказаў клунак сержант і ўсміхнуўся.

— Ото добра. Ну, калі так, то і пачаставацца можна. Трымай кілішкі! — жартаваў старшына, адкручваючы фляжку.

Людзі весела ўхмыляліся.

Раздзел восьмы

Выйшаўшы з хваёвага лесу, хлопцы нечакана ўбачылі шырокую дарогу. Гладкая, да бляску ўезджаная стужка яе гонка каціла на ўсход, побач на тэлеграфных слупах густа блішчэлі ізалятары. Як бы добра было ісці па ёй і як прасіліся на яе роўнядзь ногі, змучаныя бясконцай хадой па лясах, балотах, часта без аніякай сцяжынкі, па густой збажыне, цераз раўчукі і ўзгоркі. Але як выткнешся на яе, калі там бясконца імчаць нямецкія аўтамабілі, грукочуць цяжкія фурманкі, злосна фыркаюць матацыклы.

Выбраўшы зручны момант, калі паблізу не было аўтамабіляў, хлопцы скаціліся з высокага абрыва, перабеглі дарогу і схаваліся ў зарасніку раўчука, што вёў у далеч лясных прастораў. Раўчук усё паглыбляўся, хмызняковыя схілы яго ўсё пашыраліся, скрозь буялі алешнік, асіннік, ляшчыннік. Месцамі, на высокіх выспах, як вартавыя, стаялі адзінокія сосны. У раўку быў халадок, у густой засені пахла прэлым лісцем і воўчымі грыбамі.

Як і ўсе апошнія дні, Пятрусь ішоў наперадзе. Стомленыя людзі маўчалі, кожны думаў сваё, а з Петрусёвай галавы ўсё не выходзілі старыя думы-клопаты.

На кожным узгорку, на кожным узлеску Пятрусь углядаўся ў краявід, услухоўваўся, намагаючыся пачуць трывожныя гукі бою, якіясьці адзнакі фронта. Колькі разоў на лясных сцежках раптоўна спыняўся ён і слухаў — далёкі невыразны гук здаваўся яму гарматным стрэлам, і думалася — там ідзе бой.

Учора дзед хадзіў у вёску па харчы і прынёс лісток паперы з аддрукаваным на адным баку тэкстам. На непісьменнай беларускай мове пісалі нейкія вылюдкі, што Чырвоная Армія разбіта, што нямецкія войскі набліжаюцца да Масквы, што Беларусь вызвалена ад бальшавікоў.

Вельмі шмат відавочнай хлусні было ў тых словах, і ўсё ж глыбокім болем азваліся яны ў душы Петруся. Яны сядзелі тады ў жыце, было ранне, так пяшчотна і міла заліваліся ўгары жаўрукі і так агідна здалося жыць на гэтым свеце. Мусіць, нешта благое адбілася ў ягоных вачах, калі ён прачытаў тую паперку, бо раптам яго позірк сустрэў спалох у такіх добрых, лагодных заўсёды вачах Жука. I Пятрусь перамог сябе, напружыў сілы і сказаў, ірвучы паперку:

— Брахня! Хто ж тады ім лазню задаў на дарозе, га?

I адразу бліснулі надзеяй Жукавы вочы, павесялелі салдацкія твары. Жыве і змагаецца армія, жыць будзе краіна Саветаў, — у іншае ён не хацеў і не мог верыць, так, як не паверыў бы, што раптам магло знікнуць паветра ці наступіць канец свету. Але як жа знайсці яе, гэтую армію, як сказаць, што шасцёра сыноў яе выкараскаліся з пагібелі, збераглі савецкі воінскі сцяг і што яны гатовы зрабіць усё, каб толькі далучыцца да цябе, стаць у агульны баявы ланцуг?

Калі добра ўзнялося сонца, ісці стала душна і цяжка. Хлопцы моўчкі брылі па аўражыне, але Пятрусь па сабе адчуваў, што трэба зрабіць адпачынак. Якраз трапілася невялічкая прагалінка над ручаём, роўненькая, як дыванок, парослая прывабнай дробнай траўкай з вострымі сцяблінкамі, якая так і клікала да сябе. Вакол яе стаяў у цішы алешнікавы гушчар з прахладным ценем у доле.