Выбрать главу

Пятрусь моўчкі скінуў аўтамат, расперазаўся, сцягнуў боты і зняў гімнасцёрку. Крэкчучы ад задавальнення, распрануліся і астатнія, усе добра вымыліся ў ручаіне.

— Дзед-барадзед, палуднаваць! — узбадзёраны сцюдзёнай вадой, вяртаўся да свайго звычайнага тону старшына Агальцоў. — Аб’яўляецца меню: суп-харчо з фрыкадэлькамі, бішбармак па-нямецку, жабіны лапкі ў марынадзе. Кніга скаргаў — у касіра.

Усе смяяліся, а дзед тым часам разразаў акраец хлеба, трошкі сала і раскладваў на Жукавай рудай світцы шэсць кавалкаў.

— Ну, дзед, ты майстар на харчовыя справы. Відаць, бабіна школа. Галоўнае хутка і ўсім пароўну. Атрымаю пад каманду полк — цябе вазьму начальнікам ПФС. Так і ведай, — жартаваў старшына.

— Фээс, фээс, — агрызаўся дзед, не разумеючы, пэўна, што гэта такое. — Каб ты ведаў — я ў японскую бамбардзірам быў, усляпую па японцах цераз сопкі паліў. А ты — фээс!

— Няўжо трапляў? — з’едліва здзіўляўся старшына.

Маладыя хутка справіліся з ежай, са смакам напіліся з ручаіны і выцягнуліся ў вузенькім цяньку збоч прагаліны. Пятрусь усё сядзеў ля світкі, абхапіўшы калені, думаў нешта і ўрэшце сказаў:

— Спаць да ночы! Толькі варту паставіць.

— Чаму да ночы? — узняў з травы галаву старшына.

— Уначы пойдзем на дарогу, таварышы, — растлумачыў сержант. — Годзе нам туляцца па лясах. Пойдзем і будзем біць фрыцаў, дзе зручна выдасца. Трэба дапамагаць Чырвонай Арміі — мы ж байцы, а не паляўнічыя якія.

Гэта была новая справа, і людзі, зацікавіўшыся, паўзнімаліся з долу і селі на траву.

— Слухай, Пецька, — пасля нядоўгай паўзы сказаў старшына. — Ты што надумаў. Ужо тыдзень без днёўкі! Давай адпачнём дзе пару дзён, а там і на дарогу.

Петрусю не спадабалася такая прапанова. Аж два дні! Колькі можна прайсці за іх, можна нават і дасягнуць фронта.

— Не, — сказаў ён. — Не час дняваць зараз.

— Не час, не час! А калі ж час? Як ногі выцягнеш? Годзе дурыць табе! — зазлаваў старшына.

Але Пятрусь стаяў на сваім і не згаджаўся ні на якія днёўкі, Яго падтрымаў Нупрэеў.

— Што да мяне, дык ты добра надумаў, — сказаў стары баец. — Па роўненькай дарозе мы далёка махнём за ноч. Нашто тая днёўка? У кустах пераднюем.

Калдобінскі, які змрочна пазіраў то на сержанта, то на старшыну, раптам чмыхнуў і злосна накінуўся на Нупрэева:

— Што ў кустах! У кустах ды ў кустах — хай яны згараць, гэтыя кусты! А жэрці ты таксама кусты будзеш?

Нешта нядобрае пачулася ў яго тоне, нейкі надрыў, відаць, адбыўся неўзаметку ў душы гэтага маўклівага чалавека. Яго злосць і запал вельмі не спадабаліся сержанту, і ён строга, як калісьці ў сваім аддзяленні, сказаў Калдобінскаму:

— Спакойна, таварыш баец! Вы ж яшчэ ў арміі, а вайсковыя загады вызначаюць начальнікі, не забывайце гэтага.

— Ну ты не вельмі са сваім начальствам! — раптам ускочыў з долу старшына. — Калі ўжо на тое пайшло, дык для нас ты не начальства!

У Петруся нешта ўздрыгнула ў сярэдзіне, гарачыня незаслужанай знявагі шыбанула ў твар, і ён таксама ўскочыў на ногі.

— Дурань ты! Вось! Пры чым тут начальства! Ты зразумей, асліная твая галава, — краіна ў небяспецы, людзі гінуць і б’юцца. Уяві, што робіцца на фронце, а ты — адпачынак, днёўкі, вылежвацца. Не брыдка табе?

— Эх, ты! Разумнік! А мы што, не ваявалі, думаеш, Агальцоў сваё жыццё шкадуе? Можа скажаш, што я трус? Га?

Сержант, аднак, ужо паспакойнеў, сеў у траву і моўчкі спадылба зірнуў на таварышаў. Калдобінскі злосна пазіраў кудысьці ўбок, дзед поркаўся ў торбе, збіраючы харчы, Нупрэеў круціў цыгарку і насцярожана слухаў спрэчку. На ўражлівым твары Жука ляжаў зацяты, нейкі незразумелы боль, і хлопец задумліва скубаў з долу сакавітую траўку.

Пятрусь нічога не сказаў Агальцову, і той, злосна плюнуўшы, пайшоў на сваё месца ў засені.

— Да д’ябла мне такую кампанію безгаловую, — злосна буркнуў ён, — я сам сабе начальства! — рэзка вертануўшыся ў траве, ён сунуў твар у локці з такім выглядам, нібы ўжо больш нічога не цікавіла яго.

Пятрусь яшчэ крыху пасядзеў, потым таксама зморана апусціўся на дол. Ён не заўважыў, як задрамаў, і праз нейкі час прахапіўся ад думкі, што не пастаўлена варта. Аднак варта стала сама — на сцежцы ціха тупаў са сваёй доўгай вінтоўкай Нупрэеў.