— Эсэс! Дорт эсэс! Штрэйфе![24] — даводзіў чалавек. Ён быў усхваляваны, пот цурком ліўся па яго немаладым ужо, азызлым твары, у грудзях, нібы гармонік, дыхавічна рыпела і свістала на ўсе лады.
Іван азірнуўся і прыкусіў вусны.
— Дзе эсэс?
— Дорт! Дорт! Іх мехтэ інен гут махен[25], — махаў рукой аўстрыяк, трымаючыся другой за лямку мяшка.
— Ду найн люген?[26]
— О, найн, найн! Іх бін гутэр мэнш![27] — горача гаманіў ён і, перамяніўшы тон, няскладна вымавіў па-руску: — Я біль плен Сібір.
У ягоных устрывожаных старэчых вачах мільганула штось цёплае, і Іван зразумеў: ён не ашукваў. Трэба было спяшацца, іх маглі згледзець тут, але з гэтым чалавекам знікала апошняя надзея на харч.
— Ду вэр? Варум гір?[28] — сурова запытаў хлопец і за рукаў скуранкі бесцырымонна тузануў аўстрыйца са сцежкі.
— Іх бін вальдгютэр. Дорт іст майн форстэй[29].
Іван зірнуў угору, куды паказваў чалавек, але ніякага дома не ўбачыў, затое згледзеў, як з гушчару выскачыла Джулія, — відаць, яна чула іхнюю размову, і настойліва загаманіла:
— Руссо! Руссо! Бежаль! Руссо…
Безуважны да яе крыку, Іван яшчэ раз тузануў аўстрыяка за плячо і рвануў з яго рук мяшок.
— Эссен?[30]
— О, я, я, — пагадзіўся той. — Брот[31].
Аўстрыец, напэўна, усё зразумеў, азірнуўся, таропка апусціўся на калені і дрыготкімі пальцамі расшмаргнуў прошву свайго мяшка. Іван адною рукой сунуўся туды, сярод нейкіх рэчаў адразу адчуў шархоткую скарынку хлеба і вырваў з мяшка невялічкую, счарсцвелую ўжо буханачку. Аўстрыяк не пратэставаў, толькі неяк страціў нядаўнюю жвавасць, і на кароценькі момант у хлопцавым сумленні варухнуўся дакор. Але ён тут жа суровасцю прыдушыў яго, сігануўшы пад сасонкі, незнарок кінуў погляд угору, дзе высіліся шэрыя снегавыя вяршыні, і азірнуўся. Аўстрыяк завязваў рэчмяшок, пальцы яго чамусьці не маглі саўладаць з прошвай-маланкай. Тады Іван шпурнуў Джуліі хлеб, а сам зноў падскочыў да чалавека.
— Знімай!
Ён забыўся, як па-нямецку назваць скуранку. Аўстрыяк не зразумеў яго, і хлопец выразна тузануў яго за рукаў. Толькі аўстрыяк не спяшаўся аддаць адзежыну — на старэчым твары слізганула збянтэжанасць.
Іван крыкнуў:
— Шнэллер! — і тузануў настойлівей.
— Шнэллер! Шнэллер, руссо! — сцішана, але дужа настойліва гукала з сасонніку Джулія, і аўстрыяк з самотаю, якая раптам напоўніла ўсю яго расслабленую істоту, зняў з сябе скуранку.
Іван амаль вырваў яе з рук чалавека і ў апошні раз зірнуў яму ў вочы. Хлопец зразумеў — гэта была чорная няўдзячнасць, рабаўніцтва, гэтым ён у выпадку няўдачы ставіў пад шыбеніцу і яго, але інакш было нельга.
Ён пабег у сасоннік, дзе мільганула паласатая постаць Джуліі, і, ужо адбегшы, азірнуўся — аўстрыяк усё стаяў на ранейшым месцы, у падцяжках зверху шэрае світкі, і, апусціўшы рукі, глядзеў ім услед.
8
Паспець далёка адбегчы, аднак, было ўжо не так лёгка.
Ужо цераз якую чвэрць гадзіны абое яны дыхавічна раскрылі раты, змакрэлі ад поту, крокі іх сталі кароценькія і зусім знямоглыя. Сасоннік тым часам скончыўся. Яны выбеглі на травяністы пахілы ўзгорак; тут, пэўна, праходзіла верхняя мяжа лясоў, і далей высіліся адны рудавата-запляснелыя скалы, глыбы камення, ды ўдалечыні, у самым небе, млеў шэры, як крыло курапаткі, прысыпаны снегам хрыбет. Пад’ём стаў яшчэ болей круты, наперадзе ж паўстала голая скальная сцяна, падбягаючы да якой Іван зразумеў, што ўзлезці наверх тут не ўдасца. Тады ён збочыў і пабег па-над гэтай гіганцкай загародкай, шукаючы якой здатнай для сховы мясціны. Ён дужа сумняваўся наконт аўстрыяка, ад якога цяпер можна было чакаць рознага. «Толькі б не сабакі, толькі б не сабакі…» — думаў хлопец, выразней за ўсё на свеце разумеючы, што калі немцы пойдуць па іхнім следзе з сабакамі, то ім ужо не ўцячы.
Бегучы так па адхоне, ён усё пазіраў уніз — там як на далоні відаць стаў увесь гэты лясісты адхон: змрочная цясніна, дзе яны прабылі ноч, сасоннік, збоч якога тулілася, пэўна, леснікова сядзіба — дом з высокім каменным франтонам і галерэямі ўздоўж сцен. Ён усё чакаў убачыць там матацыкл і немцаў, але, відаць, тыя спазняліся, і ля сядзібы было глуха і пуста. Не відаць было і лесніка. Пэўна, змораны і збянтэжаны, ён яшчэ не падняўся знізу. У гэтыя некалькі кароценькіх і напружаных хвілін хлопец страшным унутраным праклёнам памянуў тых, праз каго ён мусіў рабіць такое. Ці ён які рабаўнік, ці злыдзень, навошта б спыняць яму гэтага мірнага таўстуна, настаўляць на яго пісталет, тым болей рабаваць, калі б не фашызм, не вайна, не палон з тысячамі пакут і зняваг, якія прычынілі нацысты. Яны вымусілі яго і на гэты рабунак, і таму ён яшчэ болей ненавідзеў іх.